Зь Беларусі за суботу й нядзелю

 

За Ганчарыхай сочаць

Зінаіда Ганчар зьвярнулася з адкрытым лістом да старшыні КГБ Уладзімера Мацкевіча. Яна піша, што апошні час за яе домам сочаць невядомыя ёй асобы. Ля пад’езду ўвесь час дзяжураць аўтамабілі, а за наведнікамі на пару гадзінаў чапляецца «хвост». Ганчарова жонка называе гэтыя дзеяньні нахабнымі і цынічнымі. Калі гэта КГБ такім займаецца, дык ганьба вам, піша яна. А 3 кастрычніка, калі сачыць не перасталі, жанчына зьвярнулася зь лістом у «Міжнародную амністыю» і да старшыні АБСЭ, міністра замежных справаў Нарвэгіі Волебэка. Яна таксама крытыкуе ў сувязі з гэтым кіраўнікоў Кансультацыйнай групы АБСЭ, кажа, што яны ня выступілі нават з заявай пра зьнікненьне людзей у Беларусі ды дэзінфармуюць кіраўнікоў Эўропы, што тут нібыта ўсё ў парадку, а 29 верасьня нават запатрабавалі ад апазыцыі, каб яна зьняла папярэдняе патрабаваньне да Лукашэнкі вызваліць палітвязьняў.

 

Сойм піша Пазьняку

У нядзелю засядаў Сойм БНФ. Крытыкавалі правядзеньне зьезду КХПБНФ, шукалі выйсьця з сытуацыі, бо баяцца, што цяпер Мінюст і тых, і тых адмовіцца рэгістраваць. Напісалі ліст да Пазьняка, у якім прапануюць, каб разам прынялі рашэньне разглядаць 4-ы зьезд партыі БНФ як папярэдні да
6-га зьезду руху БНФ.

 

Някляеў і «Кантынэнт»

У Варшаве эмігрант Уладзімер Някляеў ледзь не сарваў прэзэнтацыю, прысьвечаную 25-годзьдзю слыннага расейскага эмігранцкага часопіса «Континент». На ёй прысутнічалі рэдактары выданьня, расейская дыяспара ў Польшчы й маскоўская прафэсарка-эканамістка Піяшава. Піяшава казала, што ўсё ж рэжым Ельцына — адзіная надзея расейцаў на дэмакратыю. На пытаньне публіцыста Букчына: «Які ж ён дэмакратычны, калі аб’ядноўваецца з дыктатарам Лукашэнкам?» — расейцы заявілі, што ў гэтай інтэграцыі няма нічога «гадкага», што выклікала бурную рэакцыю Някляева й прысутных беларусаў. Замест прэзэнтацыі ў выніку 2 гадзіны дыскутавалі пра Беларусь і каляніялізм. Някляеў назваў «Континент» часопісам, прагнозы якога ніколі не збываліся.

Як нам вядома, сам Някляеў цяпер раздумвае, ці заставацца на эміграцыі, ці вяртацца ў Беларусь.

 

Герыятры

У кожным раёне Беларусі ўлады хочуць да канца году завесьці па доктары-герыятры, а ва ўсіх абласьцях — адкрыць геранталягічныя цэнтры, піша БелаПАН. Так адзначаюць год прыстарых людзей, якіх у Беларусі 2 мільёны. Вось дзе толькі дактароў возьмуць, калі й пэдыятраў паўсюль бракуе?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0