Літаратурны нобэль ’99

Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры атрымаў сёлета Гюнтэр Грас

 

Лявак, як і пазалеташні ляўрэат Дар’ё Фо. Галоўным канкурэнтам Граса быў «новы правы» Мілан Кундэра. У змаганьні сыстэмаў на гэты раз перамог сацыялізм. Абодва пісьменьнікі — з Цэнтральнай Эўропы. Кундэра — чэх, Грас — з Данцыгу (Гданьску, нар. у 1927). Менавіта раман зь ягонай «Данцыгскай трылёгіі» — «Бляшаны барабан» — найлепш зразумелі чытачы й гледачы. На экраны яго перанёс Шлёндарф.

Грас належаў да «Групы 47», да постнацысцкага пакаленьня, зьнявечанага, спаскуджанага нацызмам. У гісторыі думкі й мастацтва ён застанецца побач зь Бёлем (менавіта яго згадаў Грас, даведаўшыся пра ўзнагароду: «Бёль быў бы ўсьцешаны»), Фасбіндэрам, Шлёндарфам, Герцагам, фон Тротай... Радыкальнейшы за іх і скандальны (ён хадзіў па Заходнім Бэрліне й прадаваў з рук орган гэдээраўскай САПН «Ноес Дойчлянд»), маладзейшы (дажыў да краху камунізму і Бэрлінскай сьцяны), большы нігіліст (ён выкрывае і зьдзекуецца з дарослага сьвету і ягоных вартасьцяў, але не знаходзіць прытулку і ў дзіцячым сьвеце, дзе яго таксама паглынае страх, нянавісьць, злосьць).

Сёй-той абвінавачваў Граса й ягоных сяброў у тым, што гэта яны стварылі ў немцаў комплекс віны і самі жылі з гэтага комплексу. А цяпер гэты комплекс замінае немцам адчуць сябе паўнавартаснай нацыяй. Апошнія гады Гюнтэр Грас ня мог выйсьці з фрустрацыі, выкліканай падзеньнем камунізму: ён з падвойным жарам выкрываў і засьцерагаў ад адчужэньня, якое нясе з сабою тэхнагенная капіталістычная цывілізацыя.

Данцыг-Гданьск Грасавай маладосьці быў вольным горадам. Такіх у Эўропе ўсяго два: ён і Р’ека (Ф’юмэ) на Адрыятыцы. Паўночны край Сярэдняй Эўропы. Горад германскай культуры, горад ганзейскі, населены жыдамі, немцамі й палякамі. Такіх асяродкаў нідзе ў сьвеце больш няма, апроч нашых краёў: яшчэ Вільня, Львоў, Трыест, Прага, Чарнаўцы. Гэтыя гарады й далі Эўропе найбольш вялікіх пісьменьнікаў.

На беларускую мову нічога істотнага з Граса не перакладзена, мо праз тое, што Грасаў стыль ня любіць патрыярх перакладу зь нямецкае Васіль Сёмуха. Можа, Грасава цынічная й грубаватая, хоць і сакавітая мова, і не далася б для беларускага перакладу.

Кандыдатура Васіля Быкава, вылучанага Беларускім ПЭН-Цэнтрам, не разглядалася.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0