Славамір Адамовіч

Бытавуха

 

Мілы чалавек

Ёсьць нешта наіўна-шчырае, нават дзіцячае ў тым, як натхнёна Сямён Шарэцкі адкрывае для сябе і нас Беларусь — у артыкулах пра вартасьці беларускага нацыяналізму, пра прыярытэт правоў нацыі перад правамі асобы... Адно, што на ўедлівых журналістаў крыўдуе. Надта ж яны пытаньнямі дастаюць: чаму тое? чаму гэта? чаму тэорыя артыкулаў так кардынальна разыходзіцца з практыкай вуліцаў? Вось і днямі на пытаньне «БДГ» пра пэрспэктывы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі — не адказаў, пакрыўдзіўся. Шкада. Але зразумець чалавека можна: паважныя гады, пэнсійны ўзрост, хочаццца спакою. З другога боку, капрызы дзяржаўнага мужа Шарэцкага — гэта складовая частка палітычнага дэсэрту. Праўда, нешта доўга да стала не запрашаюць. І ў жываце пачынае бурчэць.

 

Пра Някляева

Каторы месяц вузкае кола шырокай грамадзкасьці маракуе, што рабіць з паэтам Някляевым. Каб назваць яго героем, змагаром з рэжымам Lu — ня туды тое. Не дацягвае, і значна.

Каб сказаць, што вялікі махінатар — таксама няпраўда. Але ж факт ёсьць факт: сп.Уладзімер у Варшаве, а месца галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца» зьбіраецца заняць паэтка Галіна Булыка. Так, прынамсі, кажуць. Як і тое кажуць, што Ваньку валяць з палітычнай урлой пад камандай былога прэзыдэнта — справа небясьпечная. Можна прапасьці.

Паэту Някляеву пашанцавала — ён своечасова спужаўся і прапаў сабе сам.

 

Новыя патрыёты

Былы старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Яўген Лецка апублікаваў у «Народнай волі» артыкул пад назваю «Знак засьцярогі, або Драма беларуса пад дахам «Бацькаўшчыны». Ганна Сурмач, дзейны старшыня Рады ЗБС, пакрыўдзілася на публікацыю Я.Лецкі і ў той жа газэце зьмясьціла свой матэрыял пад назваю «Небясьпечныя гульні, ці Драма замежнага беларуса на Бацькаўшчыне». Зь яго мы і даведаліся, хто ў Беларусі самы «адданы патрыёт», які «шмат гадоў ня проста думае пра Радзіму, знаходзячыся далёка ад яе, але і дапамагае рэальнымі справамі». Чалавек гэты — А.Сілівончык. Той самы, хто фінансаваў налёт сургуцкіх архараўцаў на беларускую вёску Мікалаеўку.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0