дзёньнік маладога спэцыяліста

Сяргей БАЛАХОНАЎ

Бульба

 

Слухаючы ў дызэлях размовы пралетараў, дачнікаў і здэклясаваных элемэнтаў, яшчэ раз сьцьвярджаюся на думцы, што маса маіх суграмадзянаў жыве чужым жыцьцём.

Тут паблізу Масква, тут Масква ў галаве,
Тут Масква ў тэлевізары, і ў газэце...

Дапраўды, ім больш рупіць Беразоўскі ці Пуцін, Салжаніцын ці Бора Маісееў з Трубачом, а ня тыя й тое, што атачае іх кожны дзень. З замілаваньнем згадваюць часы Брэжнева: «Хай бы ён сабе хоць сто зьвёзд навешаў, бо жыць жа людзям даваў». Лідэраў беларускай апазыцыі спрэс лічаць палякамі альбо жыдамі. «Есьлі б Шушкевіч шчэ пару гадоў паправіў, то жылі б ужо пад Польшчаю», — агучваючы пастуляты афіцыйнай прапаганды, выдыхнуў зь сябе тоўсты грыбнік. Пра Лукашэнку, праўда, калі й прыпамінаюць, дык зусім бяз богабаязнага трымценьня, а скарэй з горкім сарказмам. Баяцца, што выбухі дамоў з Расеі перакінуцца ў Беларусь. Так узгадваецца Бацькаўшчына...

За ўсё сваё жыцьцё мне ані разу не выпадала ўдзельнічаць у бітвах за калхозны ўраджай. Нават у студэнцтве радасьць гэная мяне абмінула... «Паўтараю для глухіх і слішкам вумных: заўтра ідзём на картофель», — абвясьціў дырэктар белабалоцкім шкалярам. Сухая зямля, пыл, крыкі й гоман дзятвы, выбіраньне бульбы. І настаўнікі, як цівуны, толькі падаюць каманды ды натуюць вынікі. Дурасьць, малаплённа. Пад час нашага трэцяга выйсьця «на картофель», поруч зь дзецьмі на полі корпаліся псыхічнахворыя з Баршчоўкі. Не зважаючы на ладны вецер, яны былі адзетыя толькі ў бальнічныя піжамы ды халацікі. Малыя дзівіліся і троху лякаліся іх. Дык што ж, рабі пільна?..

Не падумаў бы, што ў Б.Б. можа ўзьнікнуць чыста гарадзкое зьявішча — затор. Аднаго разу ён паўстаў праз даішнікаў, якія на ўезьдзе ў вёску пачалі спыняць усялякіх драйвэраў & трактар-драйвэраў з праверкаю дакумэнтаў, страхавое карткі ды тэстам на алькаголь. Разумныя старшаклясьніцы згадвалі пра «канец месяца» і «мянтоўскі плян». Нехта перажываў, успамінаючы, што татачка пры пахмельлі. Зрэшты, абышлося. Другі раз затор зрабілі два каровія статкі, што мерна, але дужа позна для выгану быдла, прасоўваліся па залупінскім тракце. Гладкія тачкі гарадзкое буржуазіі, якія звычайна з ачмурэннай хуткасьцю нясуцца да сваіх сельскіх маёнткаў, тармазілі, а хадзяевы ціскалі на сыгнал... Наагул, здаецца, што ў Б.Б. суіснуюць як права-, так і левабаковы рух. Выяжджаючы на вуліцу Школьную, я пастойна мушу зварочваць, бо насустрач па маёй паласе кампідосіць які-небудзь трактар. Недарма ў школе праводзіўся тыдзень правілаў дарожнага руху.

Падручнікі сусьветнай гісторыі перакладзеныя з расейскай. Толькі на якую мову? Пішуць, што на беларускую. Ага, толькі словы вельмі дзіўныя трапляюцца: «кофе», «распушчанасць», «абуржуазеўшыеся феадалы», «пачвар» (муж. род), «ружжы і пушкі», «устройства», «грамадзянская грамадскасць», «навейшая гісторыя», «прадстаўляць сабой» ды інш. Апроч такой дубовай лексыкі, кніжкі маюць дубовы стыль. Іх папросту нецікава чытаць.

Дазнаўся, што адна мая ўнівэрсытэцкая выкладчыца дужа адмоўна азвалася аб маіх допісах пра Белае Балота. Акрэсьліла іх паняткам «эксгібіцыянізм». Няхай так. Але мой пэрсанальны эксгібіцыянізм ёсьць толькі маленечкаю часьцінкай у мазаіцы ўсеагульнага згаленьня і чыстай парнаграфіі, якімі красуе сёньняшняя Беларусь. Маркоціць толькі, што шаноўную спадарыню засмуціла маё мацюканьне па-маскальску, а ня тое, што ейны ня самы горшы студэнт вымушаны пад пагрозай страты дыплёму марнаваць жыцьцё ў балоце.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0