у ПОшуках ЭльдарадА

 

Верш «Эльдарада» быў напісаны й апублікаваны ў 1849 г., то бок у апошні год жыцьця аўтара, Эдгара Алана По. Вось жа, сёньняшняя публікацыя твору мае падвойна сымбалічны сэнс: тэкст друкуецца ў сто пяцідзясятыя ўгодкі як сьмерці паэта, так і свайго зьяўленьня ў сьвет.

А роўна пяцьдзясят гадоў таму, у 1949 г., і таксама не бяз сувязі з угодкамі сьмерці паэта, у 14-м нумары мюнхенскай газэты «Бацькаўшчына» быў надрукаваны напаўананімны беларускі пераклад вершу зь не зусім звыклаю, як на маё вуха, назваю «Эльдарэда». (Каб слова паходзіла з ангельскае мовы, дык перакладчыка нават можна было б пахваліць за імкненьне да дакладнасьці.) Аўтар беларускай вэрсіі тэксту палічыў патрэбным схавацца за подпісам «Ач.», і мы можам адно меркаваць пра ягоную асобу. Найхутчэй «Ач.» — гэта першая й апошняя літары прозьвішча. Антон Адамовіч? Цалкам магчыма. У кожным разе ўшануйма й пяцідзясятыя ўгодкі гэтага перакладу.

Слова «Эльдарада» актыўна ўвайшло ў мову амэрыканцаў акурат у 1849 годзе, у сувязі з «залатой ліхаманкаю». Першапачаткова яно азначала нейкае легендарнае, нечувана багатае золатам каралеўства ў Паўднёвай Амэрыцы, што было названае ў гонар свайго валадара Эль Дарада. Пасьля слова набыло абагульнены сэнс — «казачна багаты край».

Верш напісаны з вонкавай нагоды «залатое ліхаманкі». Э.По, які кідаў дакоры ўсім, што падхапілі гэтую «пошасьць», сьцьвярджае сваім творам прынцыпова іншую сыстэму вартасьцяў. Эльдарада тут — гэта не багацьце ды шчасьце ў яго суцэльна зямным разуменьні, а хутчэй высокая недасяжная мара, народжаная бунтоўным чалавечым духам. Спробы крытыкаў канкрэтызаваць мэту пошукаў героя ня мелі посьпеху: загадкавы вершнік шукае адно яму ведамае Эльдарада.

А.Х.

 


  Эльдарэда

У зыркі строй 
Прыбраўся вой 
І сонца й сьценю зьведаў — 
Скрозь езьдзіў ён 
Пад песьні звон, 
Шукаў скрозь Эльдарэда.

Так жыў век свой
Той мужны вой,
Аж сэрца сьцень наведаў…
Бо і шматка
Не напаткаў 
Зямлі, як Эльдарэда.

Калі ж зусім
Пазбыўся сіл,
Спаткаў ён сьцень прадзедаў.
«О сьцень, — дрывіць, —
Дзе б мог ён быць,
Той край, край Эльдарэда?»

«За месяцовых 
Гор кальцо,
Далінай сьценяў бледых
Едзь, сьмела едзь, —
Сьцень падаець, —
Як прагнеш Эльдарэда!»
 

Пераклаў з ангельскай Ач.

Эльдарада

Мужны ваяр
Цераз гушчар
Зьліваў, дажджоў і граду
Ў зыркай брані
Мчаў на кані
Ў пошуках Эльдарада.

Ехаў штодзень,
Ехаў, аж цень
Лёг на душу, як здрада, —
Бо не знайшоў
Ў сьвеце краёў
Пекных, як Эльдарада.

Чуючы схіл
Колішніх сіл,
Рыцар і здані рады:
«Здань, адкажы,
Дзе рубяжы
Шчаснага Эльдарада?»

«Ценяў далінаю,
Як на зямлі
Іншай ня стане рады,
Мчы, вою, мчы,
Каб дасягчы
Любага Эльдарада!»

Пераклаў з ангельскай Андрэй Хадановіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0