Беларусь – Італія 0:0. 60 затрыманых

 

Матч Беларусь — Італія праходзіў пад дажджом, але, як заўсёды, з усплёскам нацыянальнага энтузіязму. Калі наш вечна пройгрышны чырвона-зялёны спорт, задушаны Лукашэнкавай забойчай любоўю, дае столькі падставаў для патрыятычных дэманстрацыяў, можна ўявіць сабе, якім магутным чыньнікам нацыянальнае ідэнтыфікацыі можа стаць нацыянальны спорт, пазбаўлены пітоніх абдымкаў дзяржавы і ўзбагачаны ўвагай прыватнага бізнэсу — як цяпер ва Ўкраіне, што адолела Расею (кажуць, што цяпер Кучму абавязкова выберуць).

Шчырыя беларусы традыцыйна пакуплялі сабе квіткі ў 11 сэктар стадыёну «Дынама». Туды ж былі сьцягнутыя вялікія сілы міліцыі, сэктар быў літаральна ачэплены «касманаўтамі» — амонаўцамі ў касках. Людзей абшуквалі на ўваходзе ў сэктар (дзяўчат таксама), сьцягі забіралі, а сьцяганосцаў затрымлівалі. Так затрымалі Расьціслава Трацэўскага з Бабруйску.

Першым на трыбунах узьняў бел-чырвона-белы сьцяг Зьміцер Касьпяровіч. Да яго адразу кінуліся амонаўцы. Касьпяровіча схапілі, але ён пасьпеў перадаць сьцяг па радах. Урэшце сьцяг дайшоў да Паўла Севярынца, які зноў узьняў яго высока. Тады «касманаўты» кінуліся зь іншага боку да Севярынца й пацягнулі яго са стадыёну. Так чырвона-зялёныя фізкультурнікі дамагаліся чысьціні тэлекарцінкі. Упершыню да сэктару, дзе сядзела дэлегацыя Фронту й Маладога Фронту, быў загадзя падагнаны аўтазак.

Усяго на матчы затрымалі каля 60 чалавек. За ўзьняцьцё бел-чырвона-белых сьцягоў і надзіманьне балёнікаў нацыянальных колераў амонаўцы забралі, паводле зьвестак сакратара Ўправы БНФ Вячаслава Сіўчыка, тры дзясяткі чалавек, сярод іх кіраўніка Менскай абласной арганізацыі БНФ Валянціна Баранава (які спрабаваў чырвоным флямастарам размаляваць белы балёнік), Сяргея Міхнова, Кастуся Рэзьнічка, Алеся Каламійца ды іншых. Па старой амонаўскай завядзёнцы сяго-таго адразу добра білі, 17-гадовага Касьпяровіча, напрыклад, цягалі за валасы. У суботу на 22.30 у гарадзкім пастарунку на рагу Маркса й Леніна каля сьценкі пад дажджом, трымалі 22 арыштанты, але пад ноч частку пачалі выпускаць. Пратаколы складалі за ўзьняцьцё бел-чырвона-белых сьцягоў і за наяўнасьць улётак Маршу Свабоды.

Аляксандра Некраша, Антона Палумардэнава, Зьмітра Азьвінскага і яшчэ аднаго хлопца, імя якога нам невядомае, затрымалі ўжо ля «Кастрычніцкай» за тое, што адзін зь іх нёс бел-чырвона-белы сьцяг. Яшчэ тром хлопцам, якія ішлі разам зь імі, удалося ўцячы.

«Рэжым Лукашэнкі канае і дзеля самавыратаваньня імкнецца прадаць беларускую незалежнасьць. Гістэрычныя спробы задушыць праявы беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці толькі прывядуць да хутчэйшага канца марыянэткавага рэжыму», — так адкамэнтараваў пазаўчорашнія падзеі лідэр БНФ Вінцук Вячорка. «Гэта выглядала, як футбол пры акупацыі, і было страшней, чым на дэманстрацыях», — кажа Вячаслаў Сіўчык.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0