Зборная Беларусі па футболе прайграла ў сераду баўгарам і ў Сафіі. Праўда, на гэты раз наша каманда не выглядала такой бездапаможнай і слабой, як у суботу.

Ужо на чацьвертай хвіліне гульні беларусы забілі гол. Брамнік баўгараў Іванкаў парушыў правілы ва ўласнай штрафной на Аляксандру Глебу. Рэфэры Якабсан прызначыў пэнальці. Нападнік “Гомеля” Раман Васілюк не пакінуў баўгарам шанцаў – 0:1.

Аднак ужо праз шэсьць хвілін балканцы змаглі адыграцца. Надзіва прыгожы і трапны ўдар са штрафнога атрымаўся ў гульца мадрыдзкага “Атлетыка” Марціна Петрава – 1:1.

За пяць хвілін да перапынку баўгары змаглі выйсьці наперад. Гаспадары па-майстэрску разыгралі штрафны ўдар. Чаўдару Янкаву заставалася практычна толькі трапіць у пустыя брамы – 2:1.

Другі тайм каманды папросту дагульвалі. Толькі аднойчы Сяргей Карніленка меў добры момант, каб выраўніць лік, аднак пасьля ягонага ўдару галавой мяч прайшоў міма брамы.

Пасьля двух матчаў з баўгарамі можна амаль упэўнена гаварыць, што зборная Беларусі ня трапіць на Эўра-2008 у Аўстрыю і Швайцарыю. Найбольш інтрыгоўным момантам застаецца пытаньне адстаўкі галоўнага трэнэра Беларусі Юр’я Пунтуса.

***

У астатніх матчах нашай групы ў сераду былі зафіксаваныя наступныя вынікі: Румынія – Славенія 2:0, Люксэмбург – Альбанія 0:3.

Турнірная табліца выглядае наступным чынам: Румынія – 17 пунктаў, Баўгарыя – 15, Галяндыя – 14, Альбанія – 9, Беларусь – 7, Славенія – 4, Люксэмбург – 0. На Эўра-2008 выйдуць дзьве найлепшыя каманды групы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?