Роса Бэльтран

Графіці

 

Яна можа ўжо быць у пэўным веку, можа насіць акуляры і, калі слухаецца мужа, дык можа быць і трохі дурнаватай, хоць і надзвычай прадпрымальнай жанчынкай. Уявім сабе, што яна вучыцца ва ўнівэрсытэце і спрабуе атрымаць гуманітарную адукацыю, скажам, на аддзяленьні клясычнай філялёгіі, і з тае прычыны са скуры вылузвацца, каб, сабраўшы ўсю сваю сьмеласьць, раз-пораз уздымаць руку на занятках, так, як робяць усе добрыя студэнткі. Уздымаць руку, каб паразважаць аб нечым — няважна аб чым — з адпаведнай урачыстасьцю. Яна сядзіць ня справа, побач з абранымі, як яны самі сябе зазвычай называюць, а туліцца зь іншага боку, там, дзе сядзіць «народ» або, як кажуць, il popolo, і таму ёй не пагражаюць выступы з разумнымі прамовамі, але ў гэтым яна не самотная, бо ж ня ёй адной часам бывае цяжка зразумець сэнс трактатаў Тацыта, Публія Авідыя Насона і асабліва пытаньняў прафэсара Пэлегры.

І вось яна ўздымаецца са свайго месца і выходзіць з аўдыторыі, кіруючыся ў прыбіральню. Крыху чакае, хвілінаў зь дзесяць, ня болей, і займае кабінку. Тут яна зьбіраецца зрабіць тое, што звычайна робяць у падобных сытуацыях. Кажу звычайна, бо можа так надарыцца, што наведніца возьме ды гляне перад сабой на засуненыя дзьверы, сутыкнецца менавіта з гэтым і зьдзівіцца. Яна пачне азірацца наўкола, хоць больш нікога і няма (часам ёй здаецца, што за ёю сочаць) або адчуе затоены позірк чыіхсьці вачэй, якія сваім холадам лашчаць ейнае цела, прымушаючы ўдаваць спакой. На шчасьце, яна ведае, што гэтае адчуваньне няўтульнасьці за імгненьне зьнікне, і таму яна можа асьцярожна пасунуцца і зблізку разгледзець унушальных памераў чэлес, а ўнутры яго надпіс чырвоным «Пяшчотна мяне пацалуй», і яна зноў адчувае, што чырванее і задыхаецца кожны раз, як шэпча сабе гэта ў цішыні, і што ня можа стрымаць усьмешкі і пэўнага ўзрушаньня ад тае думкі, што астатнія цяпер, відаць, вядуць дыскусію наконт Гамэра ці Ксэнафонта, ня кажучы ўжо пра тых, хто сядзіць наперадзе: тыя ўжо, відавочна, палемізуюць, сачыняюць, выпраўляюць адзін у аднаго памылкі. Навука досьведу сьвядомасьці.

Раптам, побач зь вялізным чэлесам, ёй кідаецца ў вочы большы надпіс: «Нам усім гэта ў кайф, бо ўсе мы блядзёхі!» Яна адчувае, як раптоўна зьмяняецца ў твары, бо мусіць задаць сабе сакрамэнтальнае пытаньне: ці насамрэч яна ёсьць тою, кім, як сьцьвярджаецца, яна ёсьць. Тут яна з палёгкай выдыхае і нясьпешна ківае «так», пасьміхаючыся сама свайму тымчасоваму сумневу, бо ведае, што яна, на шчасьце, з тых асобаў, якія прысьвячаюць жыцьцё іншым рэчам, што яна не належыць да aurea mediocritas, як гэта называюць, і, хоць яе надзвычай моцна ўражвае чалавечая тупасьць, яна разумее, што нічога зь яе інтэлігентнасьцю ня здарыцца, калі яна трохі наблізіцца, каб разгледзець чырвоную лінію ў форме чэлеса, які залягае ў чыімсьці роце, і заўвагу побач «Асьцярожна: струк таўсьцее!» за подпісам аўтаркі. Ёш тваю качалку-мачалку! Яна працягвае разглядаць самыя гідкія надпісы, найбрыдчэйшыя малюнкі, і ў яе пачынае галава тачыцца ад гэтых каляровых і вельмі прыгожых літарак, выведзеных зь любоўю ейнымі каляжанкамі. Апрача таго, яна ўпэўненая, што й мужчыны, мусіць, пішуць у прыбіральнях свае споведзі, зусім не падобныя на споведзі сярэднявечных сьвятых; толькі падумаўшы пра гэта, яна зноў чырванее.

Яна пачынае падазраваць, што тая, што чакае пад дзьвярыма свае чаргі, ужо, мабыць, памірае, але ў той самы момант са зьдзіўленьнем заўважае малюсенечкі надпіс, нашкрабаны алоўкам, які нібыта хоча схавацца сярод іншых; яна быццам чуе голас дрыготкіх літараў: «Дапамажыце зрабіць аборт!» — і яе як прыгаломшвае; яна рэзка адхінаецца, спуджаная, бо ў гэты час нехта грукае ў дзьверы — два сухія патрабавальныя ўдары — і дадае «давай хутчэй». Перш чым адчыніць, яна, падпарадкоўваючыся нейкаму дзіўнаму імпульсу, шукае ў сумачцы, сярод квіткоў і чэкаў, асадку і піша ледзь большымі за сам надпіс значкамі: «Аборт — гэта злачынства!» Адкідаецца назад, аглядае свой твор і пасьміхаецца. Яна адчувае штосьці блізкае да шкадаваньня, да якога далучаецца пах тлушчу і смажаніны з кухні на першым паверсе, дзе сярод сабачага брэху, сьмецьця і ежы можна пачуць урыўкі з «Карміны Бураны», якія выводзяць студыёзусы на занятках па лаціне; яна дадае да свайго надпісу «Памажы табе Бог», безвынікова торгае ланцужок змыву і, задаволеная, выходзіць з прыбіральні.

Звонку пара жанок з васковымі тварамі чакаюць свае чаргі, іншыя займаюцца макіяжам і падмалоджваюцца; ёй думаецца, што яны, відаць, маюць на гэта свае прычыны, бо й за дзьвярыма памяшканьня, у якое няма доступу хлопцам і на дзьвярох якога напісана «Ж», людзі думаюць ня толькі пра Сэнэку, Віргілія ці Цыцэрона. Яна ня дужа дасьведчаная ў іншых матэрыях, бо паступіла сюды, калі мела ўжо сорак гадоў і мінімум ведаў пра тое, як трэба вучыцца ва ўнівэрсытэце, але яна можа сабе ўявіць, што, акрамя імёнаў, мала што мяняецца ў сумежных лекцыйных залях.

Хоць, падумалася ёй зьнянацку, і ад думкі гэтай яна пачувае сябе прыемна ўсхваляванай — тыя ж фразы прафэсара Пэлегры пра Катула маглі б сапраўды ўзбуджаць, калі б мужчына, які іх прамаўляе, адначасова, прыкладам, разглядаў ейныя ногі. Праз вокны калідору прабіваецца сьвятло, і яна ўжо амаль наважваецца зайсьці пасядзець на тым, што застаецца ад занятку (бо ж яна сама прыдумала вучыцца, каб узьняцца ў мужавых вачах), але раптам яна адчувае нестрымнае жаданьне вярнуцца ў тую невялічкую кабінку жаночае прыбіральні.

Павесіць траха не скураную сумачку, насамрэч зробленую з плястыку кававага колеру (такая танная, хоць і харошая), прысесьці і ўперыцца вачыма ў дзьверы — усё гэта яна і робіць; у кабінцы ж яна адразу ніякавее і сьмяецца. Астатнія могуць падумаць, што яна крыху «таго», але як жа не засьмяяцца, калі нехта так апэратыўна адказаў на ейнае пасланьне. Яна чытае і адразу чырванее: «Які гінэколяг з твайго Бога?» Яна адчувае віну, але віна не пасьпявае авалодаць ёю цалкам, бо ў той самы момант ёй трапляе на вочы маленечкая плямка чарнілаў: тэлефон. Яна корпаецца ў сумцы, выцягвае квіток з хімчысткі, бярэ ў рукі тую самую асадку, якой пісала ў мінулы раз, і, сама ня ведаючы чаму, занатоўвае нумар.

Яшчэ да таго, як у дзьверы нехта роспачна грукоча, яна складае і хавае шматок паперы з пазначаным тэлефонам.

Пасьля зноў безвынікова торгае за ланцужок і амаль ляціць з прыбіральні, адчуваючы на душы вялікую палёгку.

Пераклаў з гішпанскай
Анатоль Прасаловіч


Роса Бэльтран (нар. 1960, Мэхіка). Мэксыканскі празаік і перакладчыца, літаратуразнаўца-кампаратывіст. У 1991 годзе атрымала прэмію Нацыянальнага Фонду Культуры і Мастацтва. Гэтае апавяданьне — са зборніку «Каханьне, якое забівае».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0