Кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Берасьцейскія карані’98: Гістарычна-краязнаўчы й літаратурны зборнік. Рэдакцыйная калегія: Г.Тамашэвіч (гал. рэд.) ды інш. — Берасьце: 1998. — 318 с.: іл. — Наклад 5000 ас. ISBN 985-6093-24-4

 

Гістарычна-літаратурны зборнік з уступнымі словамі старшыні аблвыканкаму Заламая і віцэ-прэм’ера Русакевіча і з цытатамі з Лукашэнкі. Зьмест — урыўкі з гісторыі бяз сэнсавае сувязі, разбаўленыя творамі берасьцейскіх паэтаў.

Гісторыя Беларусі ў табліцах і схемах. Ад найстаражытнейшых часоў да сучаснасьці / Уклад. Л.Нагорная, А.Цімашэй. — Менск: ТАА «Юніпрэс», 1999. — 144 с. — (Сэрыя «Ўсё для школы»). — Наклад 11000 ас. ISBN 985-6588-03-0

 

Нескладаныя схемы й выразныя табліцы для сыстэматызацыі ведаў зь беларускае гісторыі ад часоў палеаліту да 9 студзеня 1996 г., калі пачала працу першая сэсія Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

 

Гістарычны слоўнік беларускае мовы. Вып. 17. Лесничий — Местский / Складальнік Т.Блізьнюк ды інш. Вып. 18. Местце — Надозвати / Склад. А.Булыка ды інш. Пад рэд. А.Булыкі. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 365 с. — Наклад 500 ас. ISBN 985-08-0219-7

 

Гістарычны слоўнік зьбірае скарб беларускае літаратурна-пісьмовае мовы ХІV—XVIII ст. 17-ы выпуск каштуе цяпер 100 тысячаў і яшчэ ляжыць у «Кнігарні пісьменьніка» ў Менску.

Кантакты і дыялёгі. Iнфармацыйна-аналітычны й культаралягічны бюлетэнь. №6 (42), чэрвень 1999. №7-8 (43-44), ліпень—жнівень 1999. — Менск: Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, 1999. — 56 с. — Наклад 299 ас.

 

У нумары 6: «Запозьнены роздум пра трагедыю на Нямізе» Адама Мальдзіса, «Роля каталіцтва ў беларуска-польскім узаемадзеяньні на сучасным этапе» Любові Ўладыкоўскай-Канаплянік. Як заўжды, шмат рэцэнзіяў. Публікуюцца фрагмэнты будучага даведніка «Беларусы ў сьвеце». Нумар 7-8 цалкам прысьвечаны Ёгану Вольфгангу фон Гётэ ды ягоным творам, што перакладаліся на беларускую мову ці ставіліся ў нас на сцэне.

А.Лакотка. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. — Менск: Ураджай, 1999. — 366 с.: іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-04-0397-7

 

Тры галоўныя аб’екты грунтоўнай, багата ілюстраванай кнігі — вёска, мястэчка й горад. Кніга, якую нельга не набыць. Цана ў кнігарнях — 2400 тысячаў, у выдавецтве на паўмільёна таньней.

В.Лупачоў, В.Рагаўцоў. Расейска-беларускі слоўнік з машынабудаўніцтва. — Менск: Веды, 1998. — 136 с. — Наклад 100 ас.

 

У новым тэрміналягічным слоўніку — 6000 асноўных паняцьцяў і сэнсавых спалучэньняў, што найчасьцей ужываюцца ў сучаснай тэхнічнай і навуковай літаратуры машынабудаўнічага профілю. Рэкамэндаваны Тэрміналягічнай камісіяй Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Выданьне ў межах праграмы «Падтрымка сацыяльна-прававага статусу беларускае мовы ў Беларусі» Магілёўскае гарадзкое Рады ТБМ. У Менску прадаецца толькі ў кнігарні «Сьветач».

А.Марціновіч. Сьвятая Ефрасіньня: Нарыс: Для малодшага школьнага веку / Маст. В.Сташчанюк. — Менск: Юнацтва, 1999. — 62 с.: іл. — Наклад 4000 ас. ISBN 985-05-0274-6

 

Матар’ялы навукова-практычнае канфэрэнцыі, прысьвечанай 81-ай гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі (25 сакавіка 1999 г., Гомель). — Гомель, 1999. — 43 с. — Наклад 100 ас.

А.Сарокін. На ростанях айчыннае гісторыі. Беларуская вёска: Ад Дэкрэту да Кодэксу аб зямлі (1917-1990-я г.) / Сэрыя «Гісторыя Бацькаўшчыны». Дадатак да часапісу «Право и экономика». — Менск: 1999. — 304 с. — Наклад 200 ас.

 

Для студэнтаў і выкладчыкаў.

М.Скобла. Дзярэчынскі дыярыюш. Гістарычны нарыс (артыкулы, эсэ). — Менск: «Беларускі кнігазбор», 1999. — 272 с.; 16 с.: іл. — Наклад 1200 ас. ISBN 985-6318-49-1

 

На прыкладзе свайго роднага Дзярэчына аўтар піша пра колішняе жыцьцё беларускіх мястэчак. У XVII ст. У Дзярэчыне дзеяў тэатар, ставіліся клясычныя опэры, функцыянавала вайсковая акадэмія. У мясцовым палацы перахоўвалася багатая калекцыя старадрукаў, шэдэўраў жывапісу ды іншых твораў мастацтва, што па задушэньні паўстаньня 1830-1831 г. перавандравалі ў сховішчы расейскіх музэяў, у тым ліку Эрмітажу. Кніга каштоўная шырокім выкарыстаньнем унікальных матар’ялаў з архіваў Горадні, Варшавы й Пецярбургу, а таксама багацьцем каляровых і чорна-белых фотаздымкаў на ўклейцы. У дадатак да гістарычных нарысаў зьмешчаныя аповеды пра Ларысу Геніюш, Натальлю Арсеньневу, Рыгора Барадуліна ды іншых творцаў. Выданьне кнігі сталася часткаю праекту «Местачковы рэнэсанс». У выдавецтве яе прадаюць на 200 тысячаў таньней, чым у кнігарнях.

Спадчына. №3, 1999. — 224 с. — Наклад 3000 ас. ISSN 0236-1019

 

Працягваецца публікацыя працы Станіслава Станкевіча «Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі» ды «Аповесьці пра Трышчана». У нумары таксама: лібрэта Натальлі Арсеньневай да гістарычнай опэры ў 4-х дзеях «Усяслаў Чарадзей», праца Анатоля Грыцкевіча «Гарадзкое самакіраваньне ў Менску паводле прывілею на Майборскае права 1499 г.» і нарыс Зоры Кіпель пра беларускую літаратуру XVI ст. Невядомыя старонкі гісторыі гартаюць Уладзімер Глыбінны ў аглядзе «Доля беларускае культуры пад саветамі» й Алесь Белы «Невядомыя эпізоды «невядомае вайны». Случчына, што дала нацыянальнаму руху безьліч слаўных постацяў, сталася аб’ектам краязнаўчага нарысу В.Будзімера.

А.Станкевіч, С.Лін. Лацінская мова: Падручнік. — Менск: Унівэрсытэцкае, 1999. — 269 с. Наклад 2250 ас. ISBN 985-09-0270-1

 

Кніга дапаможа студэнту засвоіць сыстэму лацінскага слова- й формаўтварэньня, разьвіне навычкі перакладу лацінскіх тэкстаў, узбагаціць лексычны мінімум. Маецца ў кнізе хрэстаматыя ўрыўкаў з твораў рымскіх клясыкаў, а гэтаксама даведнік міталягічных імёнаў, рымскі каляндар і слоўнік.

З.Яцкевіч. Малы гербоўнік халопеніцкае шляхты. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 1999. — 94 с. — Наклад 500 ас. ISBN 985-6318-52-1

 

Гістарыяграфічнае выданьне, у якім на падставе архіўных дакумэнтаў распрацоўваецца генэалёгія беларускіх шляхецкіх радзінаў. Гэтым разам распавядаецца пра 131 род з заходняе часткі колішняга Аршанскага павету, што па далучэньні ў 1772 г. усходняе часткі Вялікага Княства Літоўскага да Расеі, застаўся па беларускі бок мяжы, з цэнтрам у Халопенічах. Падаюцца ня толькі гербы, але й зьвесткі пра пасады, маёнткі, іншая інфармацыя.

Белорусский дневник / Склад. Л.Екель. — Менск: Харвест, 1999. — 112 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-433-472-4

Г.Василевич. Нормативно-правовые акты государственных органов Республики Беларусь / Сэрыя «Права», дадатак да часапісу «Право и экономика». — Менск, 1999. — 232 с. — Наклад 250 ас. ISBN 985-6194-78-6

Г.Василевич. Органы государственной власти Республики Беларусь (Конституционно-правовой статус). Навучальны дапаможнік. — Менск: «Бін-С», 2-ое выд. дап., 1999. — 248 с. — Наклад 250 ас. ISBN 985-6537-07-6

И.Кузнецов, В.Шовкопляс. История государства и права Беларуси. — Менск: «Дыкта», 1999. — 272 с. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-6567-11-4

 

Феномен популізму в пострадянському просторі: Матеріали украiнсько-білоруського семінару. Пад рэд. А.Грыцэнкі. — Кіеў: УЦКД, 1999. — 80 с. ISBN 966-95394-4-7

 

У канфэрэнцыі зь беларускага боку бралі ўдзел Валер Карбалевіч і Алесь Анціпенка — іхныя спавешчаньні, а таксама матар’ялы дыскусіі з удзелам Iгара Бабкова падаюцца ў зборніку матар’ялаў сэмінару, на якім параўноўвалі беларускі і ўкраінскі папулізмы.

В.Щербань. Сповідь перед сном, Або два роки заради майбутнього. Записки екс-губернатора, який відважився на реформи. — Данецк, 1997. — 364 с.: 24 с. іл. ISBN 952-90-8948-1

Чытаў кнігі Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0