Навошта прасіць?
Арганізатары акцыі пад час Маршу далі нашаму карэспандэнту адказ на два пытаньні: чаму вы прасілі дазволу на правядзеньне Маршу ва ўлады, якую лічыце нелегітымнай і калі можна чакаць правядзеньня наступных акцыяў.
Зьміцер Бандарэнка: «Каб не было ахвяраў, то бок, мы дзейнічаем такім самым чынам, як некалі палякі. Ня трэба лішніх ахвяраў там, дзе іх можна пазьбегнуць. Калі б мы не папрасілі дазволу, было б значна менш людзей».
Мікола Статкевіч: «Па-першае, я асабіста нічога ні ў кога не прасіў. А па-другое, мы лічым, што трэба даць уладам магчымасьць перакрыць рух грамадзкага транспарту, каб забясьпечыць бясьпеку ўдзельнікаў».
Вінцук Вячорка: «Фармальна гарадзкія ўлады былі прызначаныя тады, калі рэжым яшчэ быў легітымным, і Лукашэнка быў яшчэ легітымным».
Анатоль Лябедзька: «Мы не павінны быць авантурыстамі і проста паддаваць небясьпецы тысячы людзей, што сёньня выйшлі на вуліцы. Мы зрабілі ўсё мажлівае, каб гарадзкія ўлады вырашылі гэтае пытаньне станоўча».
Алесь Бяляцкі: «Дэ-факта кіраваньне горадам зараз знаходзіцца ў руках сёньняшняга выканкаму, і дэ-факта мы маем такую неабходнасьць мець справу зь імі, бо мы хочам, каб такія акцыі праходзілі ўсё ж такі мірна, без эскаляцыі, без напружаньня. Дэ-факта мы вымушаны з гэтым лічыцца».
В.Вячорка: «Дзяды 31 кастрычніка і акцыя пратэсту ў дзень падпісаньня Саюзнае дамовы, афіцыйна — 25 лістапада».
А.Лябедзька: «У абставінах псыхалягічнага ўціску вельмі складана людзей разгайдаць. І тыя, хто сёньня выйшаў, яны сыдуць адсюль пераможцамі. Мы ўжо рыхтуемся да акцыі 24 лістапада, у чарговую гадавіну дзяржаўнага перавароту. І традыцыйнае — Дзяды».
Апытваў Антон Уцюговіч