Сытуацыя катастрафічная

Валянціна Тамільчык, намесьнік дырэктара сьвінагадоўчага комплексу «Заходні», Берасьцейскі раён:

«Сытуацыя са збожжам і кармамі катастрафічная. Жабінкоўскі камбікормавы завод стаіць. У чацьвер у Міністэрстве было паседжаньне, на якім вырашылі выдзеліць валютныя крэдыты для вялікіх гаспадарак, хоць час ужо ўпушчаны. Ніхто нам проста так грошай не дае. Даюць у крэдыт: рублёвы пад 90% гадавых — і мы лічым гэтыя ўмовы кабальнымі. Цяпер нібы даюць і валютны пад 15% гадавых. Калгасы здаюць збожжа дзяржаве па 20000, а мы купляем гэтае збожжа ўжо па 30000. Вось і выходзіць, што за паўгады маем недахоп абаротных сродкаў — 182 мільярды.

Раней збожжа найбольш закупалі ў Расеі, але сёлета там неўраджай, таму асноўная надзея — на Ўкраіну, але й кантракты, заключаныя з Украінай, не выконваюцца: у іх там выбары неўзабаве будуць, і перад выбарамі ўвялі забарону на адгрузку. Іншая праблема — тое, што так і не адмянілі ПДВ на ўкраінскае збожжа, і таму мы плацім звыш цаны (а цяпер танную пшаніцу купляем DAF па цане 90 даляраў за тону, а ячмень — па 85—87 даляраў) яшчэ 15%. ПДВ абяцаюць-абяцаюць зьняць, але так і не зьнялі. Вясною на нарадзе ў Іванаве нам сказалі: «Калі будуць ісьці буйныя партыі збожжа, ПДВ на іх будуць здымаць, і гэтае рашэньне будзе прымаць асабіста Аляксандар Рыгоравіч». Але якія ж цяпер вялікія партыі, скуль? Збожжа шчыняем патроху, шукаем, што толькі можам і дзе толькі можам: сёньня вось вырашылі купіць у адным месцы 20 т, у другім — 15 т. Нават па 6 т бярэм! Хоць ад гэтага столькі марокі, бо нам нявыгадна працаваць з малымі партыямі: наш комплекс у дзень спажывае 100 т! Крытычная сытуацыя і зь бялковымі дабаўкамі: на закупку соевага шроту, рыбнай мукі няма валюты.

Выжываем пакуль на сваёй кукурузе, мы — кукурузяная гаспадарка, і маем сёлета недзе 1,5 тысячы тонаў кукурузянай мукі. Яе й мяшаем патроху са збожжам і вітаміннымі канцэнтратамі (балазе нашы навучыліся рабіць някепскія канцэнтраты на заводах у Драгічыне, Пухавічах і аршанскім «Экамоле»). Таму і стабілізавалі дзённыя прывагі (цяпер маем 446 г у дзень на адкорме, а каб вы параўналі: летась было ў гэты час 518 г, пазалетась — 576 г у дзень). Але недзе пад першае чысло кукурузу даядаем. І што тады?

Дамоваў на пастаўку збожжа заключылі на 93 тысячы тон, гэтага нам хапіла б на 3 гады, але праблема ў тым, што дамовы часта не выконваюцца.

Мы ўвесь час шукаем выйсьця, шукаем любых варыянтаў паратунку: мы ня маем права не пратрымацца. Мы — сэлекцыйна-гібрыдны цэнтар, ад нас залежыць таксама праца іншых гаспадарак вобласьці, мы на ўсю вобласьць пастаўляем кныроў і племсьвінак. Будзем рабіць усё, каб ня зьменшыць абсемяненьня. Мабыць, прыйдзецца здаваць прадукцыю меншаю вагой. Што рабіць, калі мы ўжо пяты месяц кормімся толькі на 80% рацыёну. Але й гэта толькі дзякуючы супэрнамаганьням дырэктара й супрацоўнікаў і дзякуючы нашай фірмовай кукурузе. А ёсьць жа ў вобласьці гаспадаркі, дзе сьвіньням давалі ў асобныя месяцы толькі па 50% ад патрэбнага.

Ясна, што малых парасятак стараемся карміць лепш: яны ж як малыя дзеці, як жа іх не пакорміш. У той жа час на адкорме падсьвінкам даем менш, чым трэба. Выкормліваем толькі да 95—105 кг, а не да 118 кг, як можна было б паводле тэхналёгіі.

Мы перажылі 95-ы й 96-ы гады. У 95-м сытуацыя была падобная, але пачыналася гэта са студзеня, а сёлета — ад самага лета.

Мы жывем тым жыцьцём, што і ўся краіна. Цяпер галоўнае, каб зіму перажыць зь цяплом, і таму мы зрабілі ўсё, каб разьлічыцца за газ. Але запазычанасьці па электрычнасьці растуць.

Малым комплексам прасьцей: калі гаспадарка мае 12000 сьвіней і 7000 га зямлі, дык яна збольшага можа сябе забясьпечыць, а на нас — мы цяпер маем 53800, нам мусова мінімум 30000 т збожжа ў год — трэба, каб працаваў цэлы раён. А мы ж у раёне не адны, ёсьць яшчэ комплексы, дзе бычкоў гадуюць».

Запісаў Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0