75 гадоў таму

 

1924-ы. Ужо мала засталося беларусаў, якія памятаюць той год. Беларусь падзеленая Рыскай дамовай. На Ўсходзе бальшавікі будуюць «новае жыцьцё», на Захадзе палякі аднаўляюць Рэч Паспалітую. Для жыхароў «абедзьвюх Беларусяў» галоўнае, што ўжо чатыры гады, як скончылася вайна. Можна перадыхнуць і пачаць ладкаваць гаспадаркі і сем’і, хто «пад прыгнётам панскім», хто «на ленінскім шляху».

 

1924-ы — «лібэральны» час для ўсіх беларусаў. Яшчэ не паднялі галавы польскія шавіністы, яшчэ не пачаліся масавыя «раскулачваньні». З абодвух бакоў польска-савецкай мяжы працуюць беларускія школкі і культурніцкія арганізацыі. У Савецкай Беларусі нават праводзіцца «палітыка беларусізацыі». 3 сакавіка Ўсерасейскі Цэнтральны выканаўчы камітэт прымае пастанову аб вяртаньні БССР тэрыторыі Падняпроўя, апроч Гомельскага і Рэчыцкага паветаў. (Яны будуць далучаныя ў сьнежні 1926 году.) На ўсю моц квітнее НЭП. Ствараецца «Белкаапсаюз». А таксама акцыянэрныя таварыствы «Радыёвяшчаньне» і «Белдзяржкіно».

 

Пачынае выходзіць дзіцячы часопіс «Бярозка». Ствараецца Беларускі музычны тэхнікум, а ў БДУ пачынаюць дасьледаваньні па калёіднай хіміі. Праводзяцца першыя рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы...

 

У Менску Ян Скрыган дэбютуе вершамі ў пэрыёдыцы; Андрэй Александровіч і Анатоль Вольны выдаюць зборнік вершаў «Камсамольская нота»; Ізі Харык — паэму «Менскія балаты»; Міхась Чарот — зборнік апавяданьняў «Веснаход». У Вільні выходзіць зборнік вершаў Казімера Сваяка «Мая Ліра».

 

У Коўне Вацлаў Ластоўскі выдае «Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік», які перавыдадуць факсымільным спосабам у 1990 годзе ў Менску. Слоўнік дагэтуль зьяўляецца бэстсэлерам. У Вільні Францішак Аляхновіч выдае першую беларускую тэатразнаўчую працу «Беларускі тэатар». Там жа ў Вільні А.Васілеўскі пачынае выпуск беларускага гумарыстычна-сатырычнага часопіса «Авадзень». Часопіс выходзіў да 1925 году два разы на месяц... А ў Японіі Акутагава Руноскэ выдае зборнік псыхадэлічных навэляў «Восень»; нараджаецца другі славуты японскі пісьменьнік — Коба Абэ...

 

Пачалося будаўніцтва Пакроўскага сабору ў Баранавічах.

 

Зрэшты, «лібэральным» гэты год можна назваць адно ў параўнаньні з будучыняй, пра якую яшчэ ніхто не здагадваецца. Пад уплывам «пераможных посьпехаў» ва Ўсходняй Беларусі беларускія заходнікі распачынаюць актыўную дзейнасьць па «сацыялізацыі» грамадзкага жыцьця. У 1924 ствараецца падпольны Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі, які перад закрыцьцём у 1938 налічваў 3500 чальцоў. 12—14 траўня праходзіць VIII зьезд КП(б) Беларусі.

 

З 14 лютага 1924 па 19 красавіка 1926 году ў Вільні выдавалася два разы на тыдзень газэта «Голас Беларуса». Рэдактарам-выдаўцом быў Мікола Шыла. (Зьяўляецца вершык «Беларусь, мая старонка, куток цемнаты. Жывы Шыла, Грыб, Мамонька, будзеш жыць і ты».) Газэта «крытычна аналізавала палітыку польскага ўраду», а пэрспэктывы вызвольнага руху Беларусі зьвязвала з БССР, за што была зачыненая. Прычым, Шылу «зачынілі» на некалькі гадоў.

 

22 верасьня ў Вільні пачынае выходзіць штотыднёвік «Грамадзкі Голас», газэта Беларускай Часовай Рады, арганізацыі, якая крытыкавала як БНР, гэтак і БССР. Не прымала «камунізуючай ідэалёгіі і рэвалюцыйных мэтадаў» беларускага пасольскага клюбу ў польскім Сэйме, «памяркоўна крытыкавала палітыку польскага ўраду». Як вынік, праіснавала толькі да 28.1.1926, бо ў барацьбе «сацыялістычных беларусаў» і «капіталістычных палякаў» не засталося для яе памяркоўна-цэнтрысцкага месца…

 

Што да «простых людзей», дык яны найбольш турбаваліся ў зьвязку з грашовымі рэформамі, якія праводзіліся ў Польшчы і СССР. Заходнія беларусы мянялі тагачасныя польскія «фанцікі» на «нармальныя грошы» (з 1.1.1924). У красавіку 1917 у Польшчы зьявіліся акупацыйныя «маркі польскія», якія з 1918 былі часовай валютай у адноўленай Рэспубліцы. Калі ў 1917 найбуйнейшая купюра мела намінал 1000, дык у 1923 на самай вялікай купюры красавалася лічба 10 000 000. Пры абмене адзін злоты быў роўны 800 000 марак.

 

У тым самым годзе ўсходнія беларусы мянялі «совдензнакі» на «сапраўдныя грошы». Праўда, за тры гады існаваньня «знакаў» намінал банкнотаў дапоўз адно да пяцідзесяці тысячаў. Менавіта столькі давалі за адзін «сапраўдны» рубель. Рубель будзе спаўзаць сабе паціху ў інфляцыйнае балота, аж пакуль у 1937 годзе яго не прывяжуць да даляра.

 

Хтосьці ехаў у Амэрыку, хтосьці — вучыцца ў Маскву, Варшаву ці які Ратэрдам…

 

Да першай хвалі калектывізацыі заставалася пяць гадоў, да прыходу ў Заходнюю Беларусь «першых саветаў» — пятнаццаць, да пачатку масавых карных экспэдыцыяў фашыстаў — васямнаццаць.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0