Запасу паліва ў сельскагаспадарчых арганізацыях Беларусі хопіць прыкладна на пяць дзён працы. Пра гэта паведаміў 6 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення механізацыі і тэхнічнага прагрэсу Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Франц Мінько.

Паводле яго слоў, крыху лепшыя справы ў Віцебскай і Мінскай абласцях, якія валодаюць запасам паліва на сем‑дзевяць дзён працы, горшыя — у Магілёўскай і Гомельскай абласцях (на два‑чатыры дні працы).

«У цэлым, 56‑57% гаспадарак Беларусі працуюць з пункту гледжання забяспечанасці палівам непасрэдна з колаў», — праінфармаваў Ф.Мінько.

Ён зазначыў, што ўсяго на ўборачную кампанію па нарыхтоўцы кармоў неабходна 272 млрд. рублёў. Сельгасарганізацыям трэба закупіць 136,4 тыс. тон дызельнага паліва і 19,7 тыс. тон бензіну. На сёння ў гаспадарках ёсць 10 тыс. тон дызельнага паліва і 2 тыс. тон бензіну.

Нядаўна Мінсельгасхарч ужо хадайнічаў аб выдзяленні 80 млрд. рублёў на закупку паліва. Паводле слоў чыноўніка, на гэтым тыдні гэтае пытанне будзе вырашана.

Начальнік упраўлення Мінсельгасхарчу зазначыў, што гаспадаркі выкарыстоўваюць для закупкі паліва ўласныя сродкі, бюджэтныя сродкі абласцей, а таксама крэдытныя рэсурсы, якія прадастаўляюць банкі на гэтыя мэты. Сельгасарганізацыі Беларусі ўжо атрымалі крэдыты на закупку паліва для нарыхтоўкі кармоў у памеры 62 млрд. рублёў. Апрача таго, 14 млрд. рублёў на гэтыя мэты выдзелена з мясцовых бюджэтаў.

Ён праінфармаваў, што на мясцовыя віды паліва пераведзены 2.400 зернасушыльных установак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?