12 дзяцей атруцілі хлёркаю

На пачатку месяца ў менскім Палацы воднага спорту адбылося драматычнае здарэньне. Нечакана ўзровень утрыманьня хлёркі ў памяшканьні перавысіў норму, у выніку чаго 12 дзяцей трапілі ў шпіталь з атручаньнем.

4-га кастрычніка пасьля 4-х гадзінаў у паветры над тэрыторыяй басэйнаў зьявілася хлёрнае воблака. У вадзе, сьцьвярджае дырэктар басэйну Сяргей Рапінчук, на гэты момант утрыманьне хлёру было ў норме, значыць, хлёр не з вады выпарыўся, а трапіў у басэйн іншым чынам.

Як толькі гэтае воблака заўважылі, усіх з басэйну вывелі, 40 чалавек абсьледавалі, 12 дзяцей прыйшлося адправіць у шпіталі, 5 зь іх пацярпелі моцна, а двое дык і добра атруціліся.

На наступны дзень інстанцыі склікалі камісію, каб расьсьледавала прычыны. Дасюль ніякіх высноваў ад гэтай камісіі няма. Ніхто з МУС, пракуратуры, штабу грамадзянскай абароны ня выехаў тэрмінова на месца здарэньня, а зрабілі тое толькі на наступны дзень.

Дырэктар Рапінчук кажа, што за ноч уся хлёрка з паветра асела ў ваду, і толькі гэта ўжо ўзьняло яе канцэнтрацыю ў вадзе (на наступны дзень камісія выявіла перавышэньне ўтрыманьня хлёркі ў вадзе ў 3 разы), а, маўляў, замеры яшчэ за пяць хвілінаў да здарэньня паказвалі, што ўсё ў норме. Дырэктар адкідвае абвінавачаньні ў парушэньні дазіроўкі і вылучае дзьве вэрсіі.

Магчыма, што з прычыны састарэласьці абсталяваньня атрымалася запаветрываньне фільтру, і раствор хлёру пайшоў не ў ваду, а ў паветра.

Магчыма, нехта падстроіў: «Абстаноўка ў Палацы цяжкая, — кажа дырэктар. — Цякучка кадраў 300%».

Рапінчук канфліктуе з генэральным дырэктарам комплексу «Алімпійскі», у склад якога ўваходзіць водна-спартовы комплекс Макейчыка, і не выключае магчымасьці «дывэрсіі» супраць сябе. Тут зьмянілася 5 намесьнікаў дырэктара па эксплюатацыі, тых, хто адказвае за падобныя выпадкі.

Трэба адзначыць, што менавіта ў Палацы воднага спорту, — у спорткомплексе «Алімпійскім», створаным у сакавіку 98-га распараджэньнем Лукашэнкі, арганізавана трэніраваліся баевікі РНЕ (Расейскага Нацыянальнага Адзінства).

Аляксей Шыдлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0