Прыйдуць Дзяды

Старадаўнія Дзяды набылі для нас яшчэ адно, найноўшае значэньне. На Дзяды ў 1987 годзе пад помнікам Янку Купалу ў Менску, адбыўся адзін зь першых незалежніцкіх мітынгаў. А праз год на Дзяды выйшлі тысячы людзей, якія жалобнымі калёнамі пайшлі да Курапатаў. Тады яшчэ не насілі сьцягоў. Тады несьлі багата кветак. Шмат хто папросту йшоў на могілкі да сваіх блізкіх. 30 кастрычніка 1988 году каля Маскоўскіх могілак людзей, якія зьбіраліся правесьці мітынг-рэквіем жорстка зьбілі. Не было яшчэ амону. Але хапіла савецкіх міліцыянтаў. Быў сьлезацечны газ, дубінкі й шмат, шмат машынаў невядомага тады прызначэньня. Дзень жалобы па тых, хто стаў ахвярамі бальшавізму, стаў днём першае ахвяры беларусаў дзеля сваёй Свабоды. Дзень памяці продкаў застаўся ў памяці менавіта гэтак...

Дзяды сталіся абавязковай палітычнай акцыяй. І, па традыцыі, нічога добрага ад уладаў у гэты дзень не чакаюць. Атрымліваецца, што міжволі беларусы самі падтрымліваюць сцэнар тае драмы 1988 году. «На Дзяды сустрэнемся», — кажуць адзін аднаму беларускія патрыёты. А калі ж сустракацца зь Дзядамі?

Вядома, на Дзяды.

Як прыйдзе той дзень, за багатым сталом зьбярэмся сем’ямі. Добра, калі ў дзедавай хаце. Сустрэнемся з душамі Дзядоў, якія па чарзе, па каленях роду, зьлятуцца за стол. Мы будзем згадваць іх, мы згадаем, кім былі яны, мы будзем разумецца зь імі на іхнай мове...

Пра гэты дзень гаварылася нячаста. Яшчэ радзей савецкія беларусы згадвалі ягоны сэнс. Але абавязкова праваслаўныя, у апошнюю суботу кастрычніка, перад Зьмітровым днём, а каталікі ў апошнюю нядзелю, перад Днём Задушных, ладзілі па хатах сьвяточныя сталы. Страваў мусіла быць ня меней, як сем, а то й болей, аднак абаязкова іхная колькасьць была няцотнаю. І стаяў на стале лішні посуд. Для Дзядоў. Тыя, хто й пра гэта ня памятае, начыста прыбіраў хаты. І перад Дзядамі абавязкова мыюцца шыбы, апошні раз перад марознаю зімою. Гэтага ніхто забараніць ня можа.

С.Х.


 

Улады імкнуцца сарваць «Дзяды»

У Менскі гарвыканкам былі пададзеныя дзьве заяўкі «Дзяды 99». Першая — ад Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, якую прадстаўлялі Алесь Чахольскі і Сяргей Папкоў. Яны настойвалі, каб улады дазволілі шэсьце ад Акадэміі Навук да Курапатаў і жалобны мітынг у нядзелю 31 кастрычніка.

Другая заяўка была ад руху і партыі БНФ «Адраджэньне», толькі ў ёй просіўся дазвол на шэсьце ад плошчы Якуба Коласа.

Менгарвыканкам адхіліў абедзьве заявы, матывуючы гэткае рашэньне падзеямі 17 кастрычніка. Мітынг жа ў Курапатах — гэта кампэтэнцыя Менскага аблвыканкаму, і рашэньне па ім яшчэ не прынятае.

Гэткім чынам, лёс акцыі дагэтуль ня вызначаны. Але ўжо пэўна ведама, што ў нядзелю 31 кастрычніка ў Курапатах зьбяруцца людзі. Сачыце за абвесткамі ў незалежнай прэсе й на вуліцах.

Аляксей Шыдлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0