Саюз голаду і холаду

На мінулым тыдні (18—24 кастрычніка) у Пінску ўрэшце пачалі даваць у кватэры цяпло. Аднак увогуле на Піншчыне нарыхтавалі толькі 20% ад неабходнай колькасьці мазуты. На Століншчыне назапашана 600 тонаў мазуты, прытым, што да канца бягучага году неабходна мець каля 4000 тон. Хутчэй за ўсё, узімку жыхары Століна і Столінскага раёну гарачай вадой забясьпечвацца ня будуць. Амаль тое самае ў Лунінцы, Янове, Драгічыне.

Бракуе таксама звадкаванага газу. У хаты, дзе ёсьць грубкі і дровы, газ увогуле не завозіцца — лічыцца, што там ежу можна прыгатаваць бяз газу. Пінск атрымлівае толькі трэцюю частку ад неабходнай колькасьці балёнаў. З-за абмежаваньня паставак блакітнага паліва ў гарадах рэгіёну стварыліся вялізныя чэргі. Больш за паўтысячы чалавек чакаюць газу ў Янове, а ў Баранавіцкім раёне чарга дасягнула 3 тысячаў. На аўтазапраўках распараджэньнем аблвыканкаму ўстаноўленыя нормы продажу бэнзіну і дызэльнага паліва.

Начальнікі ўсіх узроўняў аднадушна тлумачаць дэфіцыты недапастаўкамі альбо падвышэньнем цэнаў на энэрганосьбіты з боку Расеі. У той жа час гэтыя ж начальнікі пераконваюць палешукоў у неабходнасьці як мага хутчэй падпісаць саюзную дамову. Круцялі.

Зь Пінску — Аляксей Дзікавіцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0