Сяргей ХАРЭЎСКІ

Ідэал Свабоды

 

У 1830-м Эжэн Дэлякруа напісаў карціну «Свабода, якая вядзе люд на барыкады». З тае карціны й быў запачаткаваны клясычны вобраз Свабоды, дзяўчыны з аголенымі грудзямі, у фрыгійскім каўпаку, які цяпер ўважаецца за галоўны сымбаль Францыі. На палатне, зьлева ад Свабоды, відаць маладога зухаватага чалавека з цыліндрам набакір, які моцна сьціскае ў руках стрэльбу й рвецца ў атаку. Гэта аўтапартрэт самога Дэлякруа. Мастак не ўнікаў і праўдзівых, брутальных дэталяў — паўраспранёныя, падраныя трупы на пярэднім пляне, парахавы куродым, разьятраны натоўп. Але сьветлая постаць прыгожай дзяўчыны ды чыстыя колеры францускага сьцягу выводзяць гэтую рэч на вышыню яснага сымбалю. Гэтак праўда, перамяшаная з алегорыяй, становіцца больш, чым проста праўдаю.

Мне згадаўся гэты твор днямі ў Вільні. На гэтым тыдні тут пачаліся заняткі ў новага курсу завочнікаў, што навучаюцца на беларускім аддзяленьні ў Пэдагагічным унівэрсытэце. Гэткіх студэнтаў, пераважна з Заходняе Беларусі, набралося з паўтары дзясяткі. І першае ж пытаньне, якое яны мне задалі: «Што адбылося ў мінулую нядзелю ў Менску?» «А вы хіба ня ведаеце, тэлебачаньня не глядзелі?» «Беларускаму мы ня верым!» «А расейскія праграмы?» «Ня верым таксама». Я пачаў быў распавядаць... І міжволі адчуў, што тое, пра што кажу, ня праўда, а інтэрпрэтацыя. Я быў на тым Маршы Свабоды, але мог бачыць толькі тое, што абывалася на адлегласьці выцягнутае рукі. Я не пабачыў славутага ахвярнага казла Луку, не пабачыў як падпалілі пошту, не пабачыў як хлопцы сягалі ў халодную брудную Сьвіслач. Не пабачыў і крыві. Але запомніліся вялізарныя сьцягі Беларусі й Эўропы, духавы аркестар, вясёлыя школьнікі са сьвісткамі...

Мастак Дэлякруа ня браў удзелу ў рэвалюцыі 1830 году. Яго не было нават у Парыжы, адкуль ён зьехаў, баючыся за сваё жыцьцё й маёмасьць. Аднак па вяртаньні, ведаючы пра тыя драматычныя падзеі блізу ўсё, ён стварыў шэдэўр. І ўпісаў сябе завочна ў гісторыю, устаўшы на палатне побач са Свабодаю. У мастацтве гэты твор стаў роўны «Марсэльезе» ў музыцы. Ці змог бы мастак узьняцца да гэткага абагульненьня й мэтафарычнасьці, каб сам пасьлізнуўся на лужыне крыві ці пусьціў кулю ў лоб свайму суайчыньніку-жаўнеру? У барыкадных баях, тымчасам, удзельнічалі сотні мастакоў, але вось жа ніхто не ўявіў сабе ідэалу Свабоды...

«Свабода» Дэлякруа, шматкроць экспанаваная, таксама зажыла сваім жыцьцём. Тым часам сам мастак, які з узростам стаў кансэрватарам ды клерыкалам, моцна шкадаваў пра тое, што стварыў гэтае палатно. Ён пісаў, што падпаў пад тлум «гадоў узьнёслых і смутных». На ягоную думку, гэтая карціна беспасрэдна паспрыяла наступным рэвалюцыям. Але рэвалюцыі мінулі, а францускі ідэал Свабоды застаўся.

Прыгадаўшы Дэлякруа, я падумаў, што няварта распавядаць маім студэнтам пра жарсьці, нялюдзкасць ды пра тое, колькі й каго з Маршу Свабоды зьвезла «Хуткая дапамога». Я распавёў ім пра нашыя прыгожыя сьцягі й пра тое, пра што мару сам. Пра Свабоду.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0