Сьведчаньні пацярпелых

 

...Дэманстранты папаўзьлі назад ад кардонаў АМОНу, міліцыянты даганялі людзей і выхоплівалі з натоўпу, валілі на зямлю. У адказ паляцеў град камянёў. Што было далей...

...Спэцназаўцы лавілі людзей, закідвалі ў заштораныя аўтобусы...

 

Мікалай Ганчар: «Я быў унізе, калі па нас пачалі скакаць амонаўцы. Такім чынам я не атрымоўваў удараў абцасамі па сьпіне, як тыя, хто ляжаў зьверху, але затое задыхаўся ад сьцісканьня грудной клеткі».

Натальля Маковік з «Маладога Фронту»: «Пры ўваходзе ў нейкі аўтобус усе праходзілі «апрацоўку». Стаўлялі «на расьцяжку» ды білі па нырках, пячонцы, па рэбрах, па галаве. І так кожнага, аднаго за адным... Што рабілі ў аўтобусе, я ня бачыла, але стуль даносіліся жудасныя крыкі. У аддзеле афіцэр, да якога мяне прывялі на допыт, сказаў, што хоча мяне, хоча са мною пераспаць. А ў абмен даруе мне свабоду. Я сказала, што лепш сяду ў турму».

Супрацоўніцы газэты «Навінкі» Насьце Неказанавай спачатку прапанавалі агаліцца і «паказаць фігурку», а калі яна адмовілася, разьбілі лоб. На пагрозы паскардзіцца міністру ўнутраных справаў Сівакову гучаў толькі адзін адказ: «Нам Сиваков никто, у нас один хозяин — Лукашенко».

 

Уладзімер Чарноў выйшаў пасьля трох сутак арышту: “У праходзе аўтобуса ўсіх звалілі аднаго на аднаго і наверх закінулі дзьвюх жанчынаў. У той самы час працягвалі біць па галовах. Плявалі. Спрабавалі мачыцца. Калі ўнізе пачалі задыхацца, яны пачалі крычаць, што вывезуць усіх у лес і закапаюць. Пакуль аўтобус ішоў, яны прымушалі жанчын, якія плакалі, гучна сьпяваць: “В траве сидел кузнечик”. Скакалі на тых, што ляжалі ў праходзе. Пасьля ўдару па галаве я на час страціў прытомнасьць. Тады мяне выцягнулі і двое ламалі рукі, а трэці піхаў і пракручваў у глотцы гумовую дубінку».

«Аўтобусы сьмерці» калясілі па горадзе паўтары гадзіны. Наўмысна, каб болей было пакутаў.

Калі ўжо прыехалі, адзін з амонаўцаў стаў пры выхадзе зь яшчэ аднаго такога аўтобуса ды ўсіх, хто выходзіў, біў у сьпіну дзьвюма нагамі, павісаючы на парэнчах, ад чаго людзі выпадалі з аўтобуса тварам на зямлю.

Уладзімер Чарноў напісаў адкрыты ліст міністру ўнутраных справаў Юрыю Сівакову. Пад лістом паставілі подпісы 60 зьбітых.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак заявіў, што ідзе збор заяваў ад пацярпелых, якія накіроўваюцца ў пракуратуру. Дзеяньні амонаўцаў падпадаюць пад артыкул 167 КК РБ «Перавышэньне паўнамоцтваў» (да 10 гадоў зьняволеньня). 11 чалавек ужо напісалі такія заявы. «Яны мусяць адказаць паводле закону», — кажуць гэтыя людзі.

20 зьбітых зьвярнуліся да гарадзкога пракурора Mікалая Купрыянава з просьбай узбудзіць крымінальныя справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў АМОНу, якія пасьля акцыі ўжывалі да затрыманых мэтады катаваньня.

Аляксей Шыдлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0