Тацяна СЬНІТКО

Прасіць прабачэньня?

 

Давайце разьбярэмся, каму прасіць прабачэньня за 17 кастрычніка, у каго і за што!

Я асабіста ня бачыла моманту, зь якога «пачалося». Як тысячы іншых людзей, у гэты момант я ішла ад кардона — «разыходзілася». Але нас пагналі...

Давайце адразу забудземся на выраз «безвыходная сытуацыя». У нас было ажно тры варыянты, калі нас пагналі ў сьпіну.

1. Бегчы далей. Калі ўцякаем, як быдла — гэта праблема ня наша, а беларускага народу ў цэлым. Потым скажам: «Бедная Беларусь!».

2. Спыніцца. Азірнуцца. Стаяць, пакуль не пагоняць ды не адлупцуюць. Затое потым скажам: «Мы мацнейшыя духам».

3. Абараняцца. Затрыманьні, зьбіцьцё, гвалт, Акрэсьціна, Валадарка — усё гэта й так ужо гарантаванае. Усім. Па чарзе.

І вось з такога «багацьця выбару» мы абралі трэці варыянт. І зрабілі адну памылку...

Я ня каюся, што схапіла камень ледзь ня самай першай. Мне проста сьмешна, што цэлыя паўгадзіны насіла яго з сабой. Шпурнуць — такі цяжар, мне, на такую адлегласьць?! Пакласьці на зямлю — адразу пачуцьцё безабароннасьці («бяззбройнасьці»). 30 тысячаў і 40 хвілінаў — дастаткова, каб меркаваньне пра нас рэзка зьмянілася.

Я ня каюся, што той камень урэшце кінула. Натуральна, ён не даляцеў, хоць амонаўскі шыхт рвануў на нас, і я, зазяваўшыся, засталася перад ім ледзь ня сам-насам. Камень упаў пад ногі мянтам і няхай на пару сэкундаў, але спыніў шыхт. Гэтага хапіла, каб уцячы мне й яшчэ камусьці. Ці ня той самы камень прасьвісьцеў пад час тых уцёкаў каля маёй галавы? Я дык проста аслупянела, калі ўбачыла, зь якім выразам твару амонаўцы камяні падбіраюць і кідаюць: такое шчасьце, такі азарт!

Улада зь ейным карным апаратам нам у гэтым імкнецца дапамагчы штодня, ёй гэта ўдалося, нарэшце, 17-га. А вось нашая «трэніраванасьць» — для мяне навіна, спадарове. Прафэсійны вулічны баявік мусіў думаць пра першы шэраг. Першы шэраг шчытоў — хлопчыкі ў вайсковай форме — мусіў быць адсунуты ўбок. Патрапляючы на службу ва ўнутраныя войскі, яны мелі меней «выбару», чым мы з вамі 17-га. Калі б у мяне быў сын, ён быў бы ці ў войску, ці сярод дэманстрантаў, але ён ня быў бы ў амоне. Я згодная, што «усе людзі — браты», але не магу зразумець: як мой брат можа атрымліваць грошы, працуючы ў гестапа?

Строга кажучы, ня мне вырашаць, прасіць ці не прасіць прабачэньня. Давайце спытаем пра гэты тых, хто пацярпеў: трапіў у шпіталь з расьсечанай галавой, быў таптаны амонаўскімі ботамі, біты па нырках, здушаны, запляваны, зьнявечаны. Давайце апынемся на іхным месцы — а потым возьмем на сябе ролю справядлівых судзьдзяў!

Наша віна толькі ў тым, што мы не «трэніраваныя баевікі», а таму дзейнічаем ня розумам, а эмоцыямі.

Не прасіце прабачэньня ў злачынцаў! Папрасіце ў Бога, каб даў сілы разам перамагчы зло.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0