Пярэдні край

 

Мы зьбіраліся весьці сёньня гутарку пра тых, хто ішоў на пярэднім краі 17 кастрычніка. Дзеяньні авангарду дэманстрантаў уражвалі прадуманасьцю і гатовасьцю да самых адказных рашэньняў. Вынік лістапада, які пачынаецца, залежыць ад таго, ці стануць людзі поплеч з тымі, хто ідзе наперадзе. Тады лістапад 99-га можа стаць гістарычным лістападам.

Аднак, рыхтуючы нумар, «НН» так і не ўдалося сустрэцца з прадстаўнікамі падпольнай вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Край» — яна пакуль ня мае ні легальнай філіі, ні прадстаўніка для прэсы. Адмовіліся ад інтэрвію і ў «Белым Легіёне»: «На пярэднім краі ідуць адны, а гутараць хай другія». Гэта паважнае маўчаньне: структуры дзьвюх гэтых арганізацыяў на сёньняшні момант маюцца ў больш чым 50 гарадах і мястэчках Беларусі. Наш карэспандэнт гутарыў з прадстаўнікамі іншых суполак. Хоць і менш значныя, яны маюць сходныя мэты.

 

Не сакрэт, што 17 кастрычніка ў дзёрзкіх атаках на кардоны сталічнай міліцыі ды амону моладзь з «Партыі Свабоды», Маладога Фронту і вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Край» праявіла сябе як дастаткова арганізаваная беларуская сіла. На жаль, пасьля акцыі супраціву яе актыўныя ўдзельнікі вымушаныя захоўваць меры перасьцярогі нават у дачыненьнях з нацыянальнай прэсай. На фоне гэтага кансьпіратыўнага зацішша мне падалося цікавым сустрэцца зь людзьмі, якім ёсьць што сказаць пра вынікі Маршу Свабоды і пэрспэктывы беларускага нацыянальнага супраціву.

На пытаньні «Як Вы ацэньваеце падзеі 17 кастрычніка?» і «Што будзе далей?» адказваюць кіраўнік незарэгістраванай «Беларускай Партыі Свабоды» Сяргей Высоцкі і сябра фактычна падпольнай арганізацыі «Беларускі Нацыянальны Кангрэс» Андрэй «Рутовіч».

 

Радзіма або сьмерць

«НН»: Андрэй, раскажыце ў межах магчымага, што гэта за арганізацыя альбо партыя, ад імя якой Вы выступаеце, якія мэты ставіць перад сабой БНК?

Андрэй «Рутовіч»: Наша арганізацыя знаходзіцца ў стадыі структурнага станаўленьня. Умовы падпольля і дастаткова строгая кансьпірацыя істотна ўскладняюць працу, але пакуль што іначай нельга. Нашы людзі ўздымаюць ідэю «Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу» на парэштках Нацыянальна-дэмакратычнай партыі, пазьнякоўскага БНФ і радыкальных маладзёвых суполак, абвяшчаюць сябе канструктывістамі беларускай нацыянальнай рэвалюцыі. Разам з блізкімі нам радыкальнымі партыямі і групамі мы кажам: Радзіма альбо сьмерць!

 

«НН»: Як Вам Марш Свабоды і — што далей?

А.«Р.»: З аднаго боку, я задаволены сьмеласьцю й напорам, зь якімі беларуская моладзь заатакавала ахоўнікаў рэжыму. З другога боку, мне зразумела, што бальшыня беларускай міліцыі — нашыя людзі, якія таксама ненавідзяць існуючы рэжым.

Цяпер пра «што далей?». Як сябра БНК, я думаю, што далей будзе горш, ворагі нацыі пойдуць ва-банк. Для адпору ім трэба стварыць блёк праварадыкальных партыяў і арганізацыяў. Да стварэньня такога блёку і заклікае БНК.

 

Акцыя вярнула веру

Сяргей Высоцкі, старшыня «Партыі Свабоды»:

— Беларуская моладзь узяла лёс апошняга этапу Маршу ў свае рукі. Сёньня, дзякуючы гераічнаму чыну маладых 17-20-гадовых, кожны беларус мае права сказаць: «Мы — вялікі беларускі народ». І перамога, а гэта менавіта перамога, належыць у першую чаргу не Івашкевічу, не Гразновай, ня Хартыі-97, а нашай змагарнай і сьвятой беларускай моладзі.

Акцыя 17-га атрымала вялікі розгалас, вярнула веру ў будучыню беларускай дзяржавы і ў беларускі народ сотням тысячаў людзей. Аднак чаму атрымаўся гэткі эфэкт?! Бо ўпершыню былі ўзятыя на ўзбраеньне рэвалюцыйныя і нацыянальна-вызвольныя сродкі барацьбы. Толькі сілай можна супрацьстаяць янычарам і акупантам. Акцыя 17-га гэта пацьвердзіла.

Аднак сёй-той з памяркоўных ужо сьпяшаецца адмежавацца ад «правакатараў». Нехта ўжо ледзь не апраўдваецца перад ка?тамі. Сябры, вам няма за што апраўдвацца. І нічога, што нехта набраў палітычныя балы, скарыстаўшы мужны парыў беларускай нацыі да жыцьця і ўласнай волі. Хіба гэта галоўнае? У справе нацыянальна-вызвольнага супраціву альбо ўсе перамогуць, альбо ўсе ж і прайграюць. Спадарам памяркоўнікам варта адказаць сабе, ці гатовыя яны ісьці далей, у вайсковыя часткі, да рэвалюцыйных рабочых? Ці гатовыя яны ісьці да Нацыянальнай Рэвалюцыі?! Бо той, хто марыць толькі пра аксамітную — не атрымае ніякай. Такі закон палітычнага жыцьця. Ні акупант, ні ягоныя адвакаты ня маюць права вызначаць дапушчальныя народам межы самаабароны.

Падрыхтаваў Міраслаў Чантарыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0