Зь «любоўю» да Расеі

 

Пасьля сканчэньня Маршу Свабоды былі затрыманыя ня толькі беларускія грамадзяне, але й грамадзяне Расеі. Журналістка Наста Неказакава вярнулася з Маршу толькі а 5-й раніцы 18 кастрычніка. Наста вучылася ў Маскве ва Ўнівэрсытэце геадэзіі і картаграфіі, працавала настаўніцай, займалася экалягічнай дзейнасьцю. Цяпер жыве ў Менску, працуе ў газэце «Навінкі». Вось што яна распавяла ў Праваабарончым Цэнтры «Вясна»:

 

«Тое, што я пабачыла 17 кастрычніка, кардынальна адрозьніваецца ад таго, што бывае ў Расеі. Там, калі нас забіралі на экалягічных акцыях, дык вельмі баяліся шуміхі. Тут жа законаў няма...

Я трапіла на мітынг, калі ён ужо сканчаўся. Вельмі шмат было моладзі. У Расеі самая актыўная частка насельніцтва — старыя. Моладзь у Расеі зусім апалітычная. А тут я пабачыла маладых, якім ня ўсё адно, што робіцца...

Мы дайшлі да плошчы Перамогі. Паглядзелі, што ўсе пайшлі бокам... Мы зь сябрам вырашылі не ісьці разам з усімі па вул. Казлова, а пайсьці па Захарава, каб сустрэць пачатак калёны. Як мне сказалі пасьля ў міліцыі, нас «засеклі» якраз на плошчы Перамогі, калі мы стаялі і глядзелі — былі нават ня ў першых шэрагах, а перад імі. Мы мірна ішлі па Захарава, калі на нас накінуліся людзі ў цывільным і сталі запіхваць у «Жыгулі». Я яшчэ падумала: «Можа, нас выкрадаюць!»

Гадзіны праз паўтары ў Савецкі пастарунак, куды нас прывезьлі, пачалі прывозіць людзей з моста церазь Сьвіслач. Мы падумалі: «Крыўдна, што так рана нас забралі, і мы гэтага не пабачылі». Пратаколы на нас пачалі складаць толькі каля 23-й гадзіны. Усе стомленыя. Нехта перажываў, што выганяць з інстытуту. Апошніх людзей прывезьлі а 22-й — хлопец зь дзяўчынай удзельнічалі ў дэманстрацыі, пасьля паехалі ў госьці да сяброўкі, пілі гарбату, сяброўка пайшла праводзіць іх да станцыі мэтро «Ўсход», і там іх усіх трох забралі. Праз паўгадзіны прыехала маці гэтай няпоўнагадовай дзяўчыны, да якой яны хадзілі ў госьці. Маці да другой ночы там даказвала, што яе дачка цэлы дзень была ў хаце: «Выйшаў дзіцёнак на пяць хвілінаў праводзіць сяброў і зьнік. Тэлефануюць з РАУСу і кажуць, што затрымалі за ўдзел у дэманстрацыі! Як такое магло быць!»

Пасьля таго як склалі пратаколы, мяне прывялі да намесьніка начальніка РАУСу. Прозьвічша яго, здаецца, Гусінскі. Ён сядзеў паўп’яны ў сваім кабінэце, разваліўшыся ў крэсьле. Ён быў у цывільным. Гэты чалавек пакінуў у мяне жахлівае ўражаньне. Выказваўся ён выключна нецэнзурна. Я зайшла да яго і адразу села. Тут жа мне сказалі, што я павінна стаяць перад начальнікам. Прэс-карту маю спачатку спрабавалі парваць на дзьве часткі, пасьля падпаліць. Начальнік казаў свайму памочніку: «Разарві, я кепска бачу!» Пасьля памочнік проста парэзаў прэс-карту ўпоперак.

Дыялёг з начальнікам быў бессэнсоўным. Ён мне расказваў, як ён любіць Расею і паважае ўсіх расейскіх людзей, пасьля пачаў крычаць, што ты «прыяжджаеш сюды, каб нам жыць перашкаджаць». Пасьля крыкнуў: «Ці ведаеш ты, чым у нас мужыкоў гвалцяць у турмах?» — і вельмі падрабязна пачаў тлумачыць. Але ня мог адразу ўзгадаць і казаў: «Ведаеш, такімі сіненькімі, я ня памятаю, як яны называюцца, ну, садавіна такая». Пасьля яму нехта падказаў: «Баклажаны!» Я не магла зразумець, што я павінна рабіць: радавацца, што я не мужчына, ці здагадвацца, што з жанчынамі абыходзяцца яшчэ горш. Для яго гэта, відаць, тэма нейкая слабая, бо ён мне доўга гаварыў: «Паглядзі на сябе, як ты стаіш — так толькі ананісты стаяць». Пасьля пачаў расказваць, хто такія ананісты. Нейкія хворыя ў яго былі фантазіі... Затым падышоў і з размаху ўдарыў мяне па галаве са словамі: «Прабач, але ты сама ведаеш, за што! Гэта для твайго выхаваньня!» Мне зрабілася крыўдна. А побач стаяў малады мент, ён сьмяяўся. Я стала кідацца да дзьвярэй, ён пачаў мяне адцягваць і прыдушваць, а свайму памочніку загадаў замкнуць дзьверы.

Пасьля мне зноў расказвалі пра жахі турэмнага жыцьця: «Там прастытуткі, у іх хваробы. Уяві: кароста. Пасядзіш, і ў цябе такое будзе». А пасьля гэты намесьнік начальніка Савецкага РАУСу паказаў мне на вялікі партрэт Лукашэнкі, які вісеў у яго ў кабінэце, і сказаў: «Ты ведаеш, хто гэта? Гэта наш бацька-прэзыдэнт! А ты ведаеш, у якую дзяржаву ты трапіла? Ты трапіла ў паліцэйскую дзяржаву. У нас ёсьць прэзыдэнт, якога ніхто ня любіць, і мы павінны бараніць яго ад народу. Мы мусім выконваць сваю місію!»

Урэшце мяне накіравалі ў прыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Доўга вазілі на амонаўскім аўтобусе разам з усімі, але а пятай раніцы пачалі казаць: «Давай усё замнём. Ніякіх крыўдаў». Гэта казаў іншы чалавек, ён таксама быў у цывільным. Я сказала, што нічога не абяцаю. Але варта адзначыць, што там ніхто не прадстаўляўся, а твары ў іх вельмі падобныя. Ніводзін супрацоўнік міліцыі ні разу не прадставіўся, ні тады, калі затрымлівалі, ні тады, калі пісалі пратаколы. Адзінае, што каля кабінэту начальніка вісіць Дошка гонару, і там ёсьць твары з прозьвішчамі.

А пятай мяне адпусьцілі».

 

22 кастрычніка над Зьмітром Юркевічам, затрыманым разам з Анастасіяй Неказакавай, адбыўся суд. Яго апраўдалі, бо нават з дапамогай апэратыўных відэакадраў ня здолелі даказаць актыўны ўдзел у Маршы Свабоды.

Запісала Паліна Сьцепаненка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0