Дзяды — ня «Деды»
Напярэдадні сёлетніх Дзядоў некаторыя менскія рускамоўныя газэты і старонкі ў інтэрнэце неабачліва пераклалі слова «Дзяды» на расейскую мову. Не ўлічылі, што гэтае слова ў такім кантэксьце па-расейску гучыць з націскам на першым складзе — «д`еды», як у словазлучэньні «отцы и деды». Калі ж гэтае слова напісаць зь вялікай літары, забраць у двукосьсі і прыставіць год, атрымаецца поўная недарэчнасьць — «Деды’99» — тое, што ніяк не асацыюецца з традыцыйным беларускім днём памінаньня продкаў.
Калі глыбей учытвацца ў артыкулы пра «Деды’99», абавязкова натрапляеш на развагі пра духоўнасьць, якая абавязкова зьвязваецца з праваслаўнай царквою і г.д. Вось тут і пралягае мяжа, якая выразна аддзяляе расейскую культуру ня толькі ад беларускай, але й ад іншых эўрапейскіх культураў. Проста кажучы, так і столькі пра духоўнасьць у нас ня кажуць і да духоўнасьці не заклікаюць, што можа сьведчыць пра недахоп гэтай самай духоўнасьці ў Расеі. У беларускай традыцыі нічога падобнага ніколі не было. Прынамсі, ані ў фальклёры, ані ў клясычнай літаратуры такіх сьведчаньняў мы ня знойдзем. Казалі: «старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць». А гэта, у сваю чаргу, ужо ніяк не стасуецца з расейскай культурнай традыцыяй.
Пры ўсім напоры прапаганды духоўнасьці Расея ведала і здраду духавенства, і масавы атэізм, заўзятае і радаснае разбурэньне сьвятыняў. А ў выніку — паказальны прыклад — разьвітаньне з камунізмам, якое ў Расеі на ўзроўні народнай сьвядомасьці адбылося надзвычай лёгка. Менавіта з гэтых прыкладаў складаецца выснова пра брак духоўнасьці, якім абумоўленае бясконцае гаварэньне пра гэтую самую духоўнасьць.
Ні ў якое параўнаньне ня йдзе сытуацыя беларускай народнай сьвядомасьці, якая яшчэ доўга будзе разьвітвацца са сваім сацыялізмам. Як на маю думку, гэта сьведчыць пра прыродны кансэрватызм і, у выніку, жыцьцяздольнасьць нашае нацыі, якая спрадвеку імкнецца «старыны ня рухаць, а навіны ня ўводзіць», нават калі старыною для яе стаў аблудны шлях, у гэтым выпадку — савецкі сацыялізм. Зьмена арыенціраў даецца пакутна і адбываецца доўга. Яна ў нас праходзіць толькі са зьменаю пакаленьняў. Менавіта на гэтым гуляе цяперашняя ўлада, якая заклікае хутчэй аднавіць Савецкі Саюз, пакуль не адышло старэйшае пакаленьне, якому савецкія ідэалы блізкія і дарагія (а «прагматычная моладзь» ужо ніколі не прагаласуе за СССР). Можна сабе ўявіць, што пры ўмацаваньні ў душах людзей станоўчых арыенціраў мы можам стаць аднымі з найбольшых прыхільнікаў дэмакратыі і рынкавай эканомікі сярод суседзяў. Тое самае тычыцца і мовы, і нацыянальнай культуры, якія калі ўжо прыйдуць у сьведамасьць людзей, дык замацуюцца там назаўсёды.
Беларусы — не рэвалюцыянэры. Пагаварыце пра гэта з вашымі продкамі, калі прыйдзеце на Дзяды на іхныя магілы, і вы адчуеце, што гэта так.
Сяргей Паўлоўскі