Жан ВАН’Ё

Месца слабых у душы сучаснага сьвету

 

У чым глыбінны сэнс існаваньня разумова адрозных («разумова адсталых») людзей? Ці ёсьць у іх сваё месца ў грамадзтве і ці ня маюць яны сваёй ролі ў гісторыі разьвіцьця цывілізацыі? З такімі пытаньнямі сутыкаецца той, хто стала працуе з гэтай катэгорыяй людзей, і такія ж пытаньні ўзьнікалі цягам усёй гісторыі чалавецтва. Прыкладам, Плятон і Арыстотэль сьцьвярджалі, што калеку трэба забіваць у маленстве, бо чалавек, які ня здольны рацыянальна мысьліць або эфэктыўна працаваць, ня мае права існаваць увогуле. Ня варта марнаваць час і грошы на догляд.

Для больш духоўных культураў характэрнае іншае стаўленьне. У многіх рэлігійных цывілізацыях (і ў старажытным Кітаі) разумова адрознага чалавека лічылі набліжаным да звышнатуральных сілаў, пасярэднікам паміж чалавецтвам і багамі.

Між гэтымі полюсамі месьціцца заходняя гуманітарная традыцыя, згодна зь якой разумова адрознага чалавека ня сьлед забіваць, але ён ня ёсьць і істотай, набліжанай да Бога. Гэта чалавек, але няпоўны, дэфэктны, адсталы. Тут да такога чалавека ставяцца як да дзіцяці, да «дзіцяці» да скону. Яго ня трэба зьнішчаць фізычна, яму трэба ствараць прымальныя ўмовы, знайсьці які занятак. Магчыма, зь іх можна нават мець нейкую карысьць. Асобныя хворыя на сындром Даўна абслугоўваюць станкі й атрымліваюць прыстойную зарплату. Але ці дастаткова ацэньваць у адрозным чалавеку толькі здольнасьці да працы, бачыць у ім работніка, хай сабе й не зусім паўнавартаснага? Гэта пытаньні філязофскія, і слушнасьць кожнай пазыцыі не падлягае доказу ў прынцыпе. Хто дакажа, што разумова адрозны — не зусім чалавек? Хто зможа даказаць, што ён ня мае вартасьці ў вачах Бога?

На маю думку, існуе чацьверты шлях. Безумоўна, разумова адрозны чалавек многа «згубіў» з гледзішча навуковых і рацыянальных магчымасьцяў, практычнага розуму. Рацыянальнае «я» неабходнае асобе, каб стаць актыўным членам грамадзтва. Але ж чалавек ёсьць ня толькі грамадзкім стварэньнем, якое вымушана біцца за месца ў сьвеце і сваю бясьпеку. Гэта яшчэ й жывая істота, якая хоча любіць сама і каб яе любілі таксама, хоча жыць у кантакце зь іншымі. Для актыўнага чальца грамадзтва неабходнае моцнае «я». Але для стасункаў з другімі асобамі патрэбныя іншыя якасьці. Выклікаць захапленьне і быць любімым — розныя рэчы.

Сярод нас ёсьць людзі таленавітыя, якія ўмеюць добра дзейнічаць, кіраваць. Але іх сэрцы нібы мёртвыя: яны ня ўмеюць спачуваць. Яны дасягнулі незалежнасьці й самастойнасьці, але адкінулі частку саміх сябе, бо згубілі здольнасьць наладжваць глыбокую сувязь зь іншым чалавекам. Яны толькі падпарадкоўваюць. Сэнс такога жыцьця — адчуваць сваю перавагу.

І ёсьць іншы тып людзей. Нягледзячы на разумовыя й тэхнічныя здольнасьці, іх сэрцы не застылі, яны ўмеюць трымаць кантакт зь іншай асобай і спачуваць. Іх адкрытыя, празрыстыя сэрцы праменяць цяпло і дабрыню. Гэтыя галоўныя вартасьці чалавечай душы тояцца не ў рацыянальным «я», а ў глыбейшым, часта патаемным «я». Такім чынам, у чалавеку жывуць ня толькі сьвядомасьць розуму, але й сьвядомасьць любові, якая адкрывае яго іншым людзям.

У адрознага розумам сьвядомасьць любові нашмат ярчэйшая, чым у іншых, настолькі больш разьвітая, наколькі менш разьвітая сьвядомасьць рацыянальная. Ён разьвіваецца не ў накірунку стваральнасьці, а ў сфэры дружбы. Адрозны розумам цалкам давярае іншым, гэта чалавек наіўны, і тым часта й прыцягвае. Яго першая рэакцыя — ня крытыка, а давер. У сьвеце, дзе кіруюць абыякавасьць і нянавісьць, гэты кліч любові асабліва каштоўны. Адрозныя розумам валодаюць не рацыянальнай свабодай выбару, але свабодай быць сабою. Гэта істота, якая хоча ня столькі праявіць сябе, колькі проста быць, якая здольная быць чулай, умець захапляцца.

Аднак паколькі ён пачувае сябе няўпэўнена, дык калі яму пагражае небясьпека, сьвядомасьць любові хаваецца, моцны страх выцясьняе яе. Ніводзін чалавек ня здольны заставацца ў такім стане, і ён альбо становіцца агрэсіўным, альбо патанае ў цемры неўсьвядомленага. Спэцыялісты, якія займаюцца з адрознымі ў шпіталях, дзе дэфэктыўных людзей многа і дзе сьвядомасьць любові ня можа разьвіцца, адзначаюць выключную слабасьць хворых. Яна праяўляецца ў нежаданьні жыць, схільнасьці да агрэсіі, нястрымным апэтыце й інш.

Затое той, хто жыве ў людзкіх, здаровых умовах, дзе яго паважаюць, любяць як непаўторную істоту, што мае сваю каштоўнасьць — той адчувае сваю слабасьць інакш. Яна дапамагае разьвіваць сьвядомасьць любові, выяўляе здольнасьць прынесьці чыстую і радасную ахвяру, і таму стварае сяброўскую атмасфэру.

У сьвеце, які ўсё болей камянее, у якім людзі вымушаныя больш інтэнсыўна працаваць, каб павялічыць сваю маёмасьць, у якім не паважаюцца сардэчныя парываньні, адрозныя розумам займаюць сваё асаблівае месца. Яны маюць час, каб прыглядацца, захапляцца, любіць — яны нібы ўвесь час нагадваюць аб вартасьці братэрства. Іх існаваньне — знак, што мір, радасьць, шчасьце ня ёсьць вынікам толькі працы й не залежаць ад багацьця. Гэтыя людзі самі сабою ёсьць засьцярогай: калі чалавек не скарыстоўвае ўсе свае жыцьцёвыя сілы, свае здольнасьці дзеля стварэньня справядлівага братэрскага сьвету, дык сьвет увогуле спыніць існаваньне й спаўзе ў прорву страху, барацьбы й агню.

Аднак яшчэ ў большай ступені адрозны розумам ёсьць выклікам для нас. Яго слабасьць, чысьціня, даверлівасьць (калі ён існуе ў спрыяльных умовах) заклікаюць тых, у каго ўлада, да праявы дабрыні. Слабы чалавек мае прыцягальную сілу, і калі ты не давёў сябе да скрайняй абыякавасьці, нельга не рэагаваць на яго любоў. Менавіта слабыя ў стане разбурыць мур, які мы ўзьвялі вакол сваіх сэрцаў з-за боязі другога чалавека.

Такая роля слабога ў грамадзтве і разьвіцьці сьвету: ён нагадвае пра каштоўнасьць сардэчных братэрскіх дачыненьняў, не дазваляе грамадзтву скамянець у асяродку тэхніцызму й халоднай рацыі. Калі мы застанемся абыякавымі да гэтага поклічу слабых істот — барацьба будзе доўжыцца, гэта будзе гонка гвалту, зброі, найскладанейшых тэхналёгіяў. Калі ж грамадзтва і кожны чалавек асобна заміж змаганьня за ўладу і славу заўважаць каштоўнасьць слабых і захочуць дапамагчы ім, наша існаваньне сыдзе са шляху распаду на шлях адзінства. У здольнасьці любіць і адказваць на любоў мы ўсе роўныя. Няўжо ж мы настолькі задаволеныя сабою, што ня ўздымемся супраць несправядлівасьці? Няўжо мы пачуваемся такімі багатымі ды ўзвышанымі, што не пачуем клічу слабых?

Пераклала з францускай
Сьвятлана Пячкова

 

 

Жан Ван’ё — заснавальнік спэцыяльных прытулкаў-абшчынаў для разумова адсталых. Былы марскі афіцэр, вывучаў філязофію й тэалёгію. Стварыў два тыпы грамадаў: «Каўчэг» (1965) для дарослых і «Вера і сьвятло» (1971) для сем’яў з разумова адсталымі дзецьмі. Асноўны прынцып — недапушчэньне інтэлектуальнай дыскрымінацыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0