Нізкая наша палітычная культура

 

У Беларусі людзі працягваюць абмяркоўваць вынікі 6-га зьезду Беларускага Народнага Фронту, які адбыўся на мінулыя выходныя і выбраў новага старшыню БНФ. Нехта мяркуе, што ў арганізацыі адбыўся трагічны раскол, хтосьці глядзіць на адыход «пазьнякоўскае» часткі Фронту як на натуральную зьяву, ачышчэньне ад састарэлых падыходаў да працы. Сёньня на старонках «Нашае Нівы» ацэнку апошняму зьезду БНФ даюць вядомыя дзеячы беларускай культуры.

 

Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі:

«Фактычна было два зьезды. І хоць мне не падабаецца любы раскол, ён быў непазьбежны, але ня ў час. Фронт мае быць адзіны, а ён расколаты. Я за адзіны Фронт стаяў, але яго ўжо ня склеіш. Гэта на руку ўладам і КГБ. І без таго дзіўна, што Фронт 10 гадоў трымаўся, у тым часе, калі іншыя арганізацыі здрабнелі. Трэба было адкінуць эмоцыі, але Зьезд паказаў, што ў нас няма палітычнае культуры. Людзі ж, якія займаюцца палітыкай, павінны валодаць элемэнтарнай культурай паводзінаў. А ў нас ізноў усё пераўтварылася ў балаган».

 

Алесь Пушкін, мастак:

«Я прыехаў на 2-ю сэсію зьезду ад Крупскае суполкі БНФ. Я прыехаў аддаць свой голас за Вінцука Вячорку. Я бачыў ягоную працу, я бачыў акцыю 17-га кастрычніка. Я хачу прафэсіяналізму, каб быць дома і мець сваю палітычную фракцыю ў парлямэнце. 17-га кастрычніка я бачыў тое, што хацеў зрабіць сам. Рэакцыі Зянона Пазьняка на Марш Свабоды не было, ён маўчыць. Я застаўся ў залі, калі выйшлі “вячоркаўцы”. Там засталося чалавек семдзесят. І пакуль мы будзем сварыцца, над намі будзе расейскі бот. Калі а 18-й гадзіне ў залю ўвайшла дэлегацыя “вячоркаўцаў”, я сказаў бабулькам-сэктанткам: “Давайце застанемся, мы прыехалі нешта рабіць”. Я не шкадую, што аддаў голас за Вінцука Вячорку, але са сьпісу ягоных намесьнікаў выкрасьліў Анатоля Фёдарава (бо ён быў злосны й выступіў супраць Зянона Пазьняка, а чалавек зь нянавісьцю не павінен быць у кіраўніцтве) і Юр’я Хадыку (ён першы прапанаваў сысьці дэлегатам з залі, калі там засталіся “пазьнякоўцы”). Я жадаю Фронту плённае працы. Цяпер мы маем права ісьці на больш рашучыя дзеяньні».

 

Васіль Сёмуха, перакладчык:

«Я ацэньваю вынікі зьезду, як станоўчыя — Фронт не раскалоўся. Тое, што часам зь яго выходзяць, дык гэта натуральная рэч. Калі гэта здарылася з Пазьняком — шкада. Тым ня меней, Фронт застаўся — і гэта галоўнае. Цешыць, што Фронт памаладзеў. Але ў будучыні таксама будуць бунты: маладыя зноў падрастуць і будуць выстаўляць свае прынцыпы. Дык і добра. Моладзь пайшла за Фронтам — і гэта другое галоўнае».

 

Мікалай Крукоўскі, мастак:

«У цэлым непрыемная рэч, бо фактычна гэта раскол. Абедзьвюм паловам трэба было захаваць адзінства дзеля галоўнае мэты — адстаяць незалежнасьць і сувэрэнітэт. Галоўнае, каб гэтая мэта не падмянялася грызьнёй і штурханінай. Дарэчы, гэткага кшталту выпадкі ўжо былі ў гісторыі — бальшавікі й меншавікі. Толькі шкуру незабітага мядзьведзя дзяліць рана. Мяне трохі зьдзіўляе выразна прагляданая мэта прыбраць Пазьняка. А каму ён перашкаджае? Але тут могуць пайсьці абвінавачаньні, і таму нам трэба іх пазьбягаць. Нізкая нашая палітычная культура. Трэба ўлічваць ня толькі тактыку, але й стратэгію. Галоўнае — незалежнасьць. Іншыя мэты — дэмакратыя, дзяржаўны лад — заданьне другараднае».

 

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр:

«Я ацэньваю вынікі зьезду БНФ, шчыра кажучы, станоўча. Мне падаецца, кожны нацыянальны рух падзяляецца на лібэральную й радыкальную часткі. Напэўна, лібэральная частка больш пэрспэктыўная ў пляне асягненьня сваіх прамежкавых палітычных мэтаў. Мы ня кажам, хто мае рацыю, а хто не. БНФ шмат страціў, калі прапусьціў прапагандысцкія ўдары Замяталіна, скіраваныя на шэраг установак Фронту, і зь ім можна часткова згадзіцца. Палітыка — гэта ня толькі стратэгія, але й тактыка. З тактыкай БНФ ня справіўся. Усе скардзяцца, што цяжка размаўляць пра кааліцыю з БНФ, бо ніколі ня ведаеш, што чакаць. Можна дамовіцца, а заўтра ўсё зьменіцца — няма гарантыі. Патрэбная кааліцыя, бо бяз гэтага няма фронту супольнага супрацьстаяньня камарыльлі Лукашэнкі, а зь імі трэба змагацца. Зь лібэральнаю часткаю БНФ лягчэй размаўляць, і партнэры ў кааліцыі будуць пачувацца ўпэўнена. Шкада, што гэткая сіла, як БНФ, падзялілася; зь іншага боку — будзе больш акрэсьленая пазыцыя і ў адной, і ў другой часткі, тады будзе прасьцей дамаўляцца і з тымі, і з гэтымі. Трэба ўсім увайсьці ў кааліцыю — іншай альтэрнатывы няма».

 

Валянцін Акудовіч, філёзаф:

«З таго, што я ведаю, вынікі зьезду я ацэньваю станоўча. Сам раскол — гэта дрэнна, але іншых варыянтаў не было. Вячорка абраны большасьцю, а тое, што найбольш інтэлектуальная, жывая й сучасная плынь БНФ нарэшце згуртаваная — гэта сьведчыць на карысьць Фронту й кажа пра ягоную жыцьцёвасьць. Відавочна, што праблема Фронту — гэта праблема кожнага з нас, бо ўсё — пачынаючы ад бел-чырвона-белага сьцяга да беларускае мовы — сканцэнтравана на Фронце. Таму раскалоўся, ці дакладней рэарганізаваўся, ня Фронт, а кожны з нас у сабе ўсярэдзіне перамяніўся. Стала тры Фронты: стары, малады й новы. Наперадзе новы Фронт мусіць, як тое было на Маршы Свабоды, несьці сьцяг Эўрапейскага Зьвязу, а за ім бел-чырвона-белы. Гэта сымбалізавала б вяртаньне не Беларусі ў Эўропу, а Эўропы ў Беларусь. Стары Фронт патануў у нацыянальшчыне. Цяпер жа больш істотная праблема эканомікі й палітычнага ладу. З новым Фронтам я зьвязваю пэўныя спадзяваньні. Новы Фронт будзе эвалюцыянаваць — паставіць праблему вяртаньня Эўропы ў Беларусь. Другая праблема — уласна беларушчына й незалежніцтва. А стары хай працуе на разьвязаньне старое праблемы».

 

Уладзімер Колас, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю:

«У прынцыпе адбылося тое, што доўга насьпявала й мусіла адбыцца. Штучная аднагалоснасьць на гэта паказвала, але можна было адшукаць цывілізаванае выйсьце. Праца даўно ішла неэфэктыўна. Неабходныя былі перамогі й зьмены. Іх не было, як не было самакрытычнасьці, і панавала нежаданьне прызнаваць свае памылкі. На гэтым зьезьдзе прэцэдэнт самакрытыкі адбыўся, але ня ўсе на гэта пайшлі, і адбыўся раскол. Была пэўная частка гістэрычных людзей, якія ня мелі адказнасьці, і іхная дзейнасьць вяла да выраджэньня арганізацыі. Як далей будзе — цяжка сказаць. Цяпер мы маем клясычную сытуацыю — два народныя фронты. Хочацца, каб Зянон Станіслававіч заняўся аналізам памылак і пралікаў ды аднавіў партнэрскія дачыненьні».

 

Мікола Купава, мастак:

«Нічога тая й гэтая часткі не атрымалі. Тая частка, што на чале з Пазьняком, імкнулася захаваць адзінства, але гэта не патрэбна было групе, скіраванай на раскол — яны ня чулі іншых. Я не чакаў гэткіх кампрамісаў ад Зянона Станіслававіча. Атрымаўся хутчэй не раскол, а падзел. Гэта натуральна, і мы з часам звыкнемся, што будзе некалькі цэнтраў і лідэраў. Сымптаматычна, што групу Вячоркі пахваліў незалежны палітоляг Фядута, які сказаў, што група Пазьняка будзе занепадаць і таму мусіць далучыцца да “большасьці”. Разам з тым нічога трагічнага не адбылося».

 

Кася Камоцкая, сьпявачка:

«Па-першае, я ніколі не была сябрам БНФ, таму не магу нічога на гэты конт камэнтаваць. Але як з боку гледзячы, дык даўно трэ было падзяліцца й адмежавацца ад замежнага лідэра. Ён ня тое каб псуе рэпутацыю, гэта проста амаральна. У выніку апошняга Зьезду перамагло маладое пакаленьне».

 

Ніл Гілевіч даваць нам інтэрвію адмовіўся.

Апытваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0