Акцябарскія

 

7 лістапада 1999-га. Беларусь восьмы год жыве без артыкула ў Канстытуцыі пра кіраўнічую ролю камуністычнай партыі. Вонкава зьмянілася мала што. Па гарадах, мястэчках і вёсках па-ранейшаму стаяць помнікі Леніну, гэтае імя па-ранейшаму носяць вуліцы і калгасы. Намэнклятура ўсіх узроўняў сьвята захоўвае стыль работы колішніх партыйных кіраўнікоў. Паспаліты народ ад усёй сусьветнай рэвалюцыі, якая мучыла яго на працягу ХХ стагодзьдзя, пакінуў сабе адзін каляндарны дзень, дакладней, яго назву — Акцябарскія. На Акцябарскія прыяжджаюць да сваякоў, зьбіраюцца за сталом, да Акцябарскіх трэба нешта дарабіць, пасьля Акцябарскіх дамовіліся вярнуць пазыку. Акцябарскія — гэткі самы пункт адліку часу, як Каляды або Вялікдзень. Сумнеўна, праўда, каб сёньня за сямейным сталом на Акцябарскія прамаўлялі тосты, так бы мовіць, па тэме. Бо ўсё, што засталося ад тэмы ў сьвядомасьці народу — гэта сама дата, непрацоўны дзень.

Тады сама ў 1991-м, калі быў адменены партыйны артыкул Канстытуцыі, аднавіўся выхад першай беларускай газэты «Наша Ніва». Рэдакцыя сваёй задачай паставіла дэкамунізацыю культуры. Гэта значыць, адраджэньне культурных традыцыяў, не дэфармаваных, не папсаваных савецкай ідэалёгіяй, выхад з «ружовага туману» хлусьні. З тае пары прамінула восем гадоў. Самы час акінуць вокам наша інтэлектуальнае жыцьцё — ці адбываецца ў ім ачышчэньне ад колішняй дагматыкі? Якія каштоўнасьці прыйшлі на зьмену «Маральнаму кодэксу будаўніка камунізму»?

Найбольшы беспарадак — быццам тут з грунтоўным ператрусам прайшліся ўсе шматлікія спэцслужбы краіны — пануе сёньня ў беларускай літаратуры. Адбываецца пакутлівая ратацыя клясыкаў савецкага пэрыяду ў незалежніцкія, а то й постмадэрнісцкія шыхты. На руінах колішняе літарганізацыі блукае недарэчны прывід, у якога адабралі ідэалёгію, сказаўшы пры тым, што пісьменьнік у нас па-ранейшаму застаецца пасадай дзяржаўнай.

Застаецца пытаньне — ці беларуская літаратура апрытомневае пасьля камунізму, ці сапраўдны катарсыс або, калі хочаце, крызыс яшчэ не наступіў? На карысьць першага адказу сьведчыла б ажываньне крытыкі — галоўнага санітара і парадкавальніка літаратурнага працэсу. Аднак ніякага такога ажываньня не назіраецца — ніхто нават не спрабуе расставіць кнігі па паліцах. Таму застаецца другі адказ — пра пярэдадзень крызысу і яшчэ большага хаосу. Гэта калі казаць пра літаратуру ў цэлым — пра яе школы, канцэпцыі і жанры. Што да самых літаратараў, дык яны вырываюцца зь беспарадку па адным. Няпроста рабіць гэта сучасьнікам, а яшчэ цяжэй клясыкам. Іх нібы зачынілі ў вялізным ангары з шыльдаю «Пераацэнка каштоўнасьцяў», і яны там марнуюцца за іржавымі жалезнымі дзьвярамі, бо цэх гэты каторы год не працуе.

Напрыклад, галоўнага беларускага эстэтыка прафэсара Крукоўскага асабіста я апошні раз чуў на зьезьдзе БНФ, дзе ён выступаў у абарону Зянона Пазьняка. Даўно не выходзілі і кнігі Ўладзімера Конана — яшчэ аднаго стаўпа беларускай эстэтыкі. Вучань Конана эстэтык і паэт Алег Бембель падаўся ў манастыр. Якой-кольвек зьмены пералічаным творцам не зьявілася. Разам зь іхным маўчаньнем сьцішылася і створаная імі сыстэма каштоўнасьцяў беларускае культуры, якую яны плённа распрацоўвалі за савецкім часам і якая найлепшым чынам сыстэматызавала нашы нацыянальныя здабыткі. Здаецца, сёньня культуры моцна бракуе гэтых людзей у вежах, якія зьвяраюць нацыянальны шлях па зорах, па плёнах папярэднікаў і па ўдарах сэрца. Менавіта бязь іх утвараецца хаос, зь якога ўжо не відаць ані канцэптуальнага, ані жанравага выйсьця. Пра авангард ці нейкую навіну, новае слова ўсе ўжо і думаць забылі. Тут бы выжыць, абы перажыць...

У Беларусі ёсьць таленавітыя мастакі, але мы ня можам вылучыць іх і назваць, бо гэтага не зрабілі беларускія мастацтвазнаўцы. Беларуская мова пакінутая на сямі вятрах і выбірае альбо інэрцыйны савецкі, які ні ёсьць, але парадак, або чакае свае клясычнае граматыкі ў выкананьні новых мовазнаўцаў. Мова чакае пераацэнкі. Беларуская гісторыя думае не пра тое, што ёй пісаць, але найперш — як пісаць, каб супадала з сучаснымі перакананьнямі ці з патрабаваньнямі тых, хто плоціць за гэта грошы, альбо — каб не нашкодзіць. У выніку штосьці галоўнае ўвесь час высьлізгае з тэкстаў, а паміж высновамі ніяк не ўзьнікае сувязі.

Самая паказальная сытуацыя — у беларускім тэатры. Найбольш публічнае мастацтва нязьменна зьбірае поўныя залі і нязьменна ўражвае цудоўнай ігрою артыстаў, а таксама рэжысурай і сцэнаграфіяй. І ўсё гэта адбываецца пры фактычна поўным заняпадзе нацыянальнае драматургіі. Становішча, блізкае да мэтафары. Найбліжэйшае да вулічных настрояў мастацтва сыгналізуе пра тое, што ўсё гатова да жыцьця. Але крызысуе прапанова (чытай літаратура), крызысуе прафэсійная рэфлексія (чытай крытыка). Зрэшты, і квіток у тэатар каштуе, як жэтон на мэтро. Крызысуе грамадзтва. Магчыма, гэта і ёсьць сама ва ўсёй красе задоўжаная і пакутная, такая цяжкапераадольная дэкамунізацыя — адраджэньне пасьля камунізму.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0