«Край» зьбіраецца ў лесе

Распавядаючы ў мінулым нумары «НН» пра беларускія вайскова-патрыятычныя суполкі, мы зазначылі, што нам так і не ўдалося зьвязацца з арганізацыяй «Край». На наступны дзень пасьля выхаду нумару з нашым карэспандэнтам зьвязаўся прадстаўнік «Краю» і прапанаваў адказаць на пытаньні, якія нас цікавяць.

 

— Як Вы ацэньваеце жорсткія паводзіны ўдзельнікаў Маршу Свабоды?

— Дзякуючы нашым беларускім палітыкам, агульнапалітычнае становішча ў Беларусі дайшло да такой рысы, калі ніякія іншыя формы барацьбы, акрамя вулічнай дэмакратыі, ня могуць эфэктыўна ўплываць на ўлады РБ. У першых шэрагах дэманстрантаў ішлі маладыя хлопцы, якія вызнаюць сябе беларускімі нацыяналістамі. Калі б не было іх, Марш проста спыніўся б каля першага шыхта міліцыянтаў. Цяпер жа і ўлады, і палітыкі пабачылі, што ў Беларусі нарастае хваля юнацкага супраціву. І камяні, што ляцелі ў амон 17 кастрычніка, — гэта толькі першы званок: калі палітыкі ўрэшце не дамовяцца паміж сабой за сталом перамоваў, дык барацьба ў Беларусі можа быць перанесеная ў іншую плоскасьць.

 

— Часта пытаюцца — ці тых, каго варта, пабілі камянямі дэманстранты? Маўляў, білі такі самы народ, а народ мусіць аб’яднацца і разам дамагчыся дэмакратыі.

— Так, дэманстрантам супрацьстаялі такія ж хлопцы, іхныя раўналеткі. Я думаю, што, калі б на мосьце стаяў, напрыклад, «нацыянальны сход» РБ, дык дэманстранты лупцавалі б яго з большым імпэтам. Шмат хто бачыў, як міліцыянтаў падганялі свае ж афіцэры — ударамі гумовых палак па шлемах ці ў сьпіну. Нават дайшло да таго, што амон і спэцназ пачалі шпурляць камяні ў дэманстрантаў.

Якое б стаўленьне да міліцыянтаў ні было, на вялікі жаль, яны не разумеюць відавочных рэчаў: іх увесь час прымушаюць уступаць у рукапашны бой з дэманстрантамі, выклікаючы з аднаго і з другога боку хвалю злосьці і агрэсіі. Рэч у тым, што ў рэжыму Лукашэнкі ёсьць больш эфэктыўныя сродкі для разгону падобных мерапрыемстваў, чым пускаць амон у рукапашную. У іх ёсьць вадамётныя машыны, гранаты са сьлезацечным газам. Але амаль што заўсёды нацкоўваюць гэтых хлопцаў. Бо, калі яны прыйдуць у казармы пасьля сутычкі з дэманстрантамі, у іх спрацоўвае такое пачуцьцё, як карпаратыўнае братэрства. Прынамсі, ва Ўручанскім спэцназе гэта так. Далі Васю па галаве камянюкай, значыць, пакрыўдзілі майго сябра, і наступным разам трэба гэтак жа моцна адпомсьціць дэманстрантам. Пры гэтым забываецца, што перад табой — бяззбройныя людзі, грамадзяне тваёй краіны. Людзі, якія, урэшце, выйшлі змагацца ня толькі за свой лёс, але й за лёс хлопцаў, якія стаяць у кардоне насупраць...

 

— Увесну шмат шуму й зайздрасьці выклікала ваша нечаканая акцыя ў Горадні. Многія нават прыпісвалі сабе ўдзел у ёй, хоць не былі там. Што ўяўляе сабою «Край»?

— Красавіцкая бойка ў Горадні цалкам ляжыць на сумленьні гарадзенскіх уладаў. Праводзячы жалобнае шэсьце, людзі зусім не разьлічвалі ўступаць у сутыкненьне зь сіламі аховы парадку. Увогуле, наша арганізацыя ня брала адказнасьці за гэтую акцыю. Тады было затрымана 14 чалавек, гэта ўсё адбывалася напярэдадні прыезду ў Горадню расейскай дэлегацыі. Супрацьстаяньне магло працягвацца й далей, і арганізацыя проста рыхтавалася да наступных крокаў — вызваленьня затрыманых хлопцаў і барацьбы з анэксіяй Беларусі. «Край» спавядае ідэалёгію беларускага нацыяналізму. Мы ўзялі на сябе тры асноўныя функцыі. Выхаваўчая функцыя: у нас праводзяцца ўвесь час вышкалы й летнікі. Хлопцы працуюць у спортзалях, а таксама займаюцца прапагандай здаровага ладу жыцьця. Другая функцыя —прапаганда ідэалёгіі беларускага нацыяналізму. Трэцяя — нацыяабарончая дзейнасьць.

 

— Ці зьбіраецца «Край» рэгістравацца ў Мінюсьце?

— Дзесьці паўгады таму нам было адмоўлена ў гэтым. Мы падавалі заяўку на рэгістрацыю агульнабеларускай арганізацыі. Чалавек зь міністэрства, які сымпатызуе нашым поглядам, перадаў, што ніводная арганізацыя, якая ёсьць носьбітам беларускай нацыянальнай ідэі, ня будзе зарэгістраваная — такі загад палкоўніка Замяталіна. Цяпер, у сучасных умовах, было б вельмі дзіўна йсьці на рэгістрацыю, бо ў Беларусі няма легітымнай улады.

 

— Вы ўзьніклі «ніадкуль», не даяце інтэрвію журналістам, захоўваеце таямніцу. Чаму?

— Мы ў сваёй дзейнасьці прытрымліваемся такога прынцыпу: хай за нас гавораць нашыя справы. Для таго, каб крыху прыўзьняць завесу таемнасьці над нашай арганізацыяй, запрашаем журналіста ад «Нашай Нівы» да ўдзелу ў нашай бліжэйшай імпрэзе.

 

— Што гэта за імпрэза?

— Гэта будзе актыўны адпачынак пад адкрытым небам дзе-небудзь у лесе...

Гутарыла Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0