Мэдыцына па-беларуску

 

Упершыню разам сабраліся беларускамоўныя мэдыкі. Нагодаю стала канфэрэнцыя “Беларуская мэдычная асьвета” ў Менскім мэдінстытуце. Гаворку вялі найбольш пра беларусізацыю мэдычнага навучаньня.

 

Як заўсёды, калі гавораць па-беларуску, шмат выступалі пра “Францішка Скарыну і разьвіцьцё мэдыцыны ў Беларусі” (праф.Казлоўскі зь віцебскае катэдры факультэцкае тэрапіі) або “Мэдычную адукацыю і спробу яе беларусізацыі ў 1942—44 гадах” (праф. Майсяёнак з Інстытуту біяхіміі Акадэміі Навук). Пра сацыяльныя праблемы, пра заганы і шляхі рэфармаваньня беларускай сыстэмы падрыхтоўкі дактароўдык ня згадвалі, пра абарону сваіх правоў таксама.

Што, сапраўды беларускамоўныя здольныя думаць толькі пра сваю мову, а не пра справу, у чым іх часта абвінавачваюць?

Мова баліць, бо ёсьць чаму балець. Тое, што імпульс беларусізацыі мэдычнай асьветы ў 90-я гады быў слабейшы за аналягічны ў 20-х, даказвае колькасьць выдадзеных кніг на мэдычную тэматыку тады й цяпер. У 20—30-х іх выйшла ня менш за 25, цяпер — толькі 15. Прычым калі тады гэта былі збольшага падручнікі й намэнклятуры (ад першага выпуску Nomina anatomica alboruthenica 1926 г. да “Склеромаў верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў” праф.Бурака і “Асноваў паталягічнай анатоміі” Цітова 1937 г.), дык цяпер да іх ліку арганізатары кніжнай выставы аднесьлі й “Бабуля так лячыла…”, выдадзеную “Навукай і тэхнікай” у 1992 годзе, што добра адлюстроўвае страту веры ў навуку ў пасьлячарнобыльскай Беларусі (і сярод лекараў, як ні прыкра, таксама. У 90-х, дарэчы, па-беларуску выйшлі дзьве кніжкі на актуальную радыялягічную тэматыку: “Прыродная радыёактыўнасьць” Гацко і Канаплі і “Асновы радыяцыйнай бясьпекі” Дарашкевіча й Гапановіча.)

І гэта пры тым, што да вайны мэдыцына заставалася ў Беларусі прывілеем жыдоў, расейцаў і палякаў (праф.Майсяёнак прывёў лічбу: да вайны беларусы складалі толькі 8% студэнтаў мэдінстытуту, што давала падставы для антысэміцкай прапаганды), а цяпер на дактароў вучацца збольшага беларусы.

Менавіта з патрабаваньняў студэнтаў пачалося ўвядзеньне беларускай мовы ў навучальны працэс у Менску й Горадні на пачатку 90-х. Дацэнт менскай катэдры мікрабіялёгіі Казак расказала, што працу над тэрміналёгіяй па вірусалёгіі мусілі распачаць тады, калі адна з навучальных групаў, 10 чалавек, у 1992 годзе запатрабавала, каб выкладаньне вялося па-беларуску. Праўда, за ўсе 90-я такіх групаў на гэтай катэдры было толькі дзьве. Відавочна, бракуе студэнтаў-актывістаў, якія б не баяліся агітаваць і гуртаваць студэнтаў-беларусаў. Суполку Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў, якое і арганізавала гэтую канфэрэнцыю, цяпер узначальвае Андрэй Вітушка.

У чым прычына нешматлікасьці беларускамоўных абітурыентаў і студэнтаў? Апроч простай — палітыкі ўладаў, накіраванай на выцясьненьне беларускай мовы ў другасныя сфэры грамадзкага жыцьця, мабыць, ёсьць яшчэ адна, ускосная. Гэта маргіналізацыя і фальсыфікацыя сярэдняй беларускамоўнай адукацыі. Генрых Ільіч, загадчык катэдры мэдычнае ды біялягічнае фізыкі Менскага мэдінстытуту, адзначыў, што галоўны тормаз для беларускамоўнага выкладаньня — тое, што не набіраецца групаў белмоўных студэнтаў. А колькасьць студэнтаў, што здаюць уступныя іспыты па фізыцы на белмове, скарацілася з 5—10% у 70-я гады да 0,5% летась (тры работы з 551-й). Гэта пры тым, што цяпер 25% школьнікаў намінальна навучаюцца па-беларуску проці 22% у сярэдзіне 80-х. Штука, мабыць, у тым, што гэтая беларускамоўнасьць часта фармальная (прычым як у горадзе, так і ў вёсцы), і па-беларуску вучаць толькі пачатковую школу ды гісторыю з геаграфіяй, а вось белмоўных настаўнікаў фізыкі ды фізкультуры вобмаль. У выніку выходзіць, што выбар белмоўнай адукацыі гарадзкімі бацькамі — гэта хутчэй сымбалічны акт, чым рэальнае далучэньне.

Пад маргіналізацыяй мы разумеем тое, што якасьць навучаньня ў беларускамоўных школах з году ў год пагаршаецца як у абсалютным вымеры, так і проці расейскамоўных школаў, дзе з году ў год пашыраецца дыфэрэнцыяцыя і спэцыялізацыя. Адбываецца гэта дзеля адпаведнай адміністрацыйнай, фінансавай і выдавецкай палітыкі дзяржавы.

Праблема для белмоўнай асьветы — адсутнасьць падручнікаў. Гэтак, падрыхтаваны падручнік па гісталёгіі 5 гадоў ляжыць у выдавецтве — дзяржава не дае грошай. Тое самае зь перакладзенымі на беларускую мову міжнароднымі намэнклятурамі. Нягледзячы на такі жорсткі ціск, дактары-выкладчыкі “хочуць мабілізаваць моладзь, каб яна скончыла тое, чаго ня скончылі мы” (праф. Арцішэўскі зь менскай катэдры гісталёгіі).

Беларускамоўныя мэдычныя дапаможнікі створаныя ня толькі ў Менску, але і ў Горадні. Пра гэта распавялі прафэсар гарадзенскае катэдры апэрацыйнае хірургіі Калтанюк і — пад воплескі залі — слаўны прафэсар Астроўскі, супраць якога ўлады ўчынілі крымінальную справу за беларускую дзейнасьць.

Вельмі цікава было паслухаць дактароў, якія гавораць з пацыентамі толькі па-беларуску. Псыхіятар аддзяленьня нэўрозаў 10-й менскай клінічнай больніцы Ігар Сарокін распавёў, што яму псыхалягічна вельмі цяжка даўся пераход на беларускую. Ён казаў пра “страхі быць адрынутым і не зразуметым калегамі й пацыентамі” і “трымценьне ў душы”. Цяпер ягоная беларуская мова “стварае своеасаблівую псыхатэрапэўтычную супольнасьць” і дапамагае ў мэдычнай практыцы. “Галоўнае, не пачынаць дыскусіяў з пацыентамі на пытаньні мовы й палітыкі”.

Адзін з “матораў” канфэрэнцыі, лекар аддзяленьня інтэнсыўнай тэрапіі і рэанімацыі немаўлятаў 7-й КБ Менску Зьміцер Салошкін, лічыць патрэбным стварэньне Беларускага мэдычнага згуртаваньня, якое б займалася як лобінгам белмоўнай асьветы, так і абаронай прафэсійных правоў белмоўных мэдыкаў, а заадно сыстэматызацыяй тэрміналёгіі, абменам інфармацыяй.

Ясна, што такое згуртаваньне будзе мець посьпех толькі ў тым разе, калі яно будзе досыць шматлікім. У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел каля 50 чалавек. Пэўна, гэта ня ўсе белмоўныя дактары. Гэтак, не было аўтараў «Кароткага расейска-беларускага фізіялягічнага слоўніка» Стасевіча й Варыёцкага, якія апошнім часам вярнуліся да мэдычнай практыкі.

Калі ж на такіх канфэрэнцыях па-беларуску стануць абмяркоўваць ня толькі філялягічныя, але найперш прафэсійныя і сацыяльныя пытаньні, гэта будзе адначасова і зарукай посьпеху, і сымптомам «здаровасьці» дыскусіі, і яе цікавасьці як для мэдыяў, так і для прафэсіяналаў.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0