выхад у горад
Зьміцер БАРТОСІК
Як правільна вымавіць «Беларусь»
Захацеў я звадзiць дзяўчыну на «Сiбiрскага цырульнiка». Два разы прызначаў сустрэчы ля кiно, i два разы ня мог здабыць бiлета. Прычым, я ж ведаў, што фiльм кепскi. Паглядзеў пару месяцаў таму ў Вiльнi, а таму ня надта засмучаўся. Для тых, хто яшчэ не глядзеў i вагаецца, пераказваю сюжэт.
У вялiкую Расейскую iмпэрыю прыяжджае амэрыканскi вынаходнiк. Каб пабудаваць лесапiльную машыну з паэтычнай назваю «Сiбiрскi цырульнiк». Але на сканчэньне праекту янкi не хапае рублёў. Тады рызыкант выклiкае з далёкай разбэшчанай Амэрыкi вядомую куртызанку, якую выдае за сваю дачку. Каб яна спакушала вышэйшае чынавенства на «бабкі». Спрактыкаваная ў нячыстаплотным флiрце панi едзе ў Маскву.
А Расея, блiн, духоўна-я-я-я! Купалы зьзяюць, трыкалёры лунаюць, масьлянiчныя фаервэркi выбухаюць, гарэлка ліецца зь вёдраў наўпрост у глоткi, iмпэратар Аляксандар III-Мiхалкоў на канi скача. I не стрывала чэрствае заходняе сэрца перад прыгажосьцю й шляхетнасьцю расейскага юнкера. Але бядотнае выйшла ў iх каханьне. Для расейца мужнага яно сiбiрскiм астрогам скончылася, для блядзi ж мэрыканскай рускiм плодам пад неславянскiм сэрцам.
I ня сорамна ж аўтару «Мэханiчнага пiянiна» гэткую пашляцiну паказваць! Але бог зь iм. Мяне зьдзiўляе прырода менскага ажыятажу. У Вiльнi нiчога падобнага не назiралася. Фiльм цiха прайшоў у шэрагу iншых сусьветных прэм’ераў. У нас жа... Ну з расейцамi зразумела. Па сабе ведаю, iм як наркотык лiшнi раз трэба хоць якi доказ уласнай вялiкасьцi. Але няўжо й беларусам захацелася стаць уровень з «Иваном Великим»?
Адказ я пачуў за сьпiнаю пасьля сэансу. «Вот, что значит Россия». Сказана гэта было ня з гонарам за сваё, а зь лёгкай зайздрасьцю да чужога. Я абярнуўся і ўбачыў тыповага менскага «дачнiка». Сказаць з такiм сама прыдыханьнем: «Вот, что значит Белоруссия» было б немагчыма. Як бы ні хацелася. А сказаць: «Вось гэта Расея» не атрымалася б.
Нашыя краiны ў сваiх мовах ня толькi па-рознаму вымаўляюцца, яны яшчэ й па-рознаму гучаць. Я маю на ўвазе вобраз, што ствараюць гукi. Расейскую «Россию» iнакш як горда й ня вымавiш. Нават з прыстаўкай «твою мать». А беларуская «Расея» мае налёт недаверу. Хаця б да той пыхi. Расейская ж «Расея» — гэта ўвогуле жарганiзм прасталюдзiнаў. Расейскую ж «Белоруссию» лёгка зблытаць з Барусiяй. Можа, калiсьцi й зблытаюць. Калi мы навучымся вымаўляць слова «Беларусь». Ня думаю, што для гэтага патрэбнае слова-антыпод, якiм для Расеi ёсьць «Захад».