Мікола РАБЧУК

Украінская інтэлігенцыя шукае “меншае зло”

 

Пару тыдняў таму, пад час традыцыйнага наведваньня Львова, я зацята, да хрыпаты, пасварыўся з бацькам. Пасварыўся за палітыку: ён з імпэтам палітаглядніка каналу УТ-1 даводзіў, што Кучма — адзіны кандыдат, за якога варта ісьці галасаваць; я зь ня меншым імпэтам даводзіў, што горшае кандыдатуры сярод тузіну прэтэндэнтаў немагчыма ўявіць.

Апошні раз мы так люта спрачаліся зь ім 26 гадоў таму, калі мяне, дваццацігадовага пацана, выкідалі зь львоўскае палітэхнікі, нібыта “за палітыку”, і бацька, для маёй, вядома, карысьці, тлумачыў, што абух пугай не пераб’еш, што саветы прыйшлі ва Ўкраіну надоўга, магчыма назаўсёды, што можна вельмі проста загубіць сваё маладое жыцьцё — а дзеля чаго? Дзеля нейкіх іррэальных ідэяў? Ці можа дзеля народу, які быдлам быў, быдлам і застаўся і будзе хадзіць у ярме пад усякай уладай, якая здолее яго запрэгчы?

За дваццаць шэсьць гадоў маё стаўленьне да ўлады ня дужа зьмянілася, як ня дужа зьмянілася і сама ўлада. Украіна, умоўна кажучы, перастала быць камуністычнай, бо сама эліта з уласнае ініцыятывы адмовілася ад марксісцка-ленінскае ідэалёгіі — як ад неэфэктыўнай і непатрэбнай больш для ўтрыманьня ўлады. Аднак Украіна не перастала быць савецкай — ні паводле пэрсанальнага, так бы мовіць, складу пануючае намэнклятуры, што зраслася з крымінальным сьветам і стала звацца “алігархіяй”, ні паводле спосабу, уласна, зьдзяйсьненьня ўлады — з дамінаваньнем “тэлефоннага права”, кантролем над мас-мэдыямі, мэтанакіраваным разбурэньнем зародкаў цывілізаванага грамадзтва і рэальнае шматпартыйнасьці, а галоўнае — захаваньнем паўфэадальнае, патэрналісцкае эканомікі, у якой становішча індывіда вызначаецца не эфэктыўнасьцю яго гаспадарчае дзейнасьці, а перш за ўсё — сувязямі “пры двары”.

Такім чынам, гаворка йдзе не пра “дзікі капіталізм” на постсавецкай прасторы, якім нас часам любяць палохаць, а, хутчэй, пра “зьдзічэлы”, дэгенэратыўны сацыялізм, у якім намэнклятура ці то “алігархія”, пазбыўшыся балясту даўно ўжо спарахнелае ідэалёгіі, здабыла ажно тры калясальныя перавагі. Па-першае, здолела фактычна бескантрольна разрабаваць нацыянальныя багацьці, не зважаючы больш на патрабаваньні партыйнае гіерархіі і, бадай, фармальнае партыйнае дысцыпліны. Па-другое, зьліквідаваўшы “жалезную заслону”, атрымала магчымасьць вывозіць за мяжу капіталы, дзяцей, унукаў і, урэшце, уцякаць туды назаўсёды — пераварваць у швэйцарскіх ды каліфарнійскіх “хацінках” нарабаванае. І, па-трэцяе, спакусіўшы ўладай двух-трох прыкметных дзеячоў апазыцыі, намэнклятура пераклала на дэмакратаў адказнасьць за вынікі сваёй кампрадорскае дзейнасьці, канчаткова дэзарыентаваўшы і без таго дэзарыентаванае і палітычна непісьменнае насельніцтва.

Маючы параўнальна невялікую, але моцную сацыяльную базу (каля 25% выбарцаў) нацыянал-дэмакраты маглі істотна паўплываць на барацьбу за ўладу паміж намэнклятурнымі прэтэндэнтамі, аднак, зь нейкай сярмяжнай даверлівасьцю яны прынялі навязаную ім мадэль палітычных паводзінаў: ратаваць “нашых” сабачых сыноў ад “іхных”, то бок ад (пра)маскоўскіх; бараніць прайдзісьветаў пад жоўта-сінімі сьцягамі ад прайдзісьветаў пад сьцягамі чырвонымі. Не каб хаця разгледзець магчымасьць салідарнага галасаваньня супраць абодвух намэнклятурных кандыдатаў адразу — нават думкі такой ня ўзьнікла ў лідэраў нацыянальна-дэмакратычнае апазыцыі — ні ў 1994 годзе, калі яны пакорліва павялі свой электарат падтрымліваць “дрэннага” Краўчука супраць “яшчэ горшага” Кучмы, ні зараз, калі гэтак жа бяздумна зьбіраюцца “ратаваць” у другім туры “дрэннага” Кучму ад “яшчэ горшага” Сіманенкі. Дык ці варта зьдзіўляцца, што, дзякуючы такой стратэгіі, нацыянал-дэмакраты, у прыватнасьці Рух, робяцца ўсё больш маргінальнай палітычнай сілай, якой можна, хіба, адвесьці ролю традыцыйнага “бандэраўскага” пудзіла ў камуністычных агітках або скарыстаць у якасьці масоўкі пад час глябальнае кампаніі ў падтрымку дзейнага і, вядома, безальтэрнатыўнага правадыра нацыі.

Жыхары Львова, паводле маіх назіраньняў, ня маюць аніякіх ілюзіяў як адносна правадыра, так і адносна створанае ім палітычнае сыстэмы ўлады. І ўсё ж, шмат хто зьбіраецца галасаваць за Кучму як за “меншае зло”, толькі б не дайшло, ня дай Божа, да перамогі зла большага, імпэрска-камуністычнага.

“А ўсё-ткі ён дзяржаўнік, — кажа мой бацька, — і супраць камуністаў”.

Слова “дзяржаўнік» для галічаніна — гэта як індульгенцыя ад усіх сьмяротных грахоў, гэта пропуск, як мінімум, у Чысьцец, калі ўжо адразу ня ў Рай. Дзяржаўнікам быў Ідзі Амін, татачка Дзювалье, незабыўны Мабуту і яшчэ больш славуты і непараўнальны Бакаса. Усе яны нядрэнна папрацавалі над пабудовай дзяржаўнасьці ва Ўгандзе, Гаіці, Заіры і, вядома, у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Трыццаць гадоў таму, напрыклад, у бэльгійскім Конга, перад выгнаньнем адтуль праклятых калянізатараў, было 140 тысячаў кілямэтраў шасэйных дарог. Цяпер засталося 15 тысячаў. Рэшта зарасла джунглямі, зруйнавалася, зьнікла. Штосьці падобнае сталася і з украінскім гандлёвым флотам. За дзесяць гадоў ён распусьціўся, прапаў сярод неаглядных акіянскіх абсягаў. Магчыма, толькі Леанід Краўчук ведае пэўныя падрабязнасьці такое загадкавае прыроднае зьявы. Але наўрад ці ён перадасьць гэтыя свае эзатэрычныя веды каму-небудзь акрамя ўласнага сына — пасьпяховага, як нам вядома, “бізнэсоўца”.

Дзяржаўнікам, паводле гэткае лёгікі, ёсьць усякая істота, якая, прысмактаўшыся да капіталаў даверанага ёй дзяржаўнага арганізму, не дапускае да вышэйазначаных капіталаў іншых гэткіх істотаў, кваліфікуючы іх як замежных і ўнутраных ворагаў. З такога пункту гледжаньня ўкраінская посткамуністычная эліта зьяўляецца безумоўна дзяржаўніцкай. Экспарт марганцу, нікелевае руды, мэталапракату, перапродаж расейскае нафты і газу і да т.п. доўга яшчэ будуць зьяўляцца асноўнымі чыньнікамі дзяржаватворчага бюджэту на нашых эўраафрыканскіх — эўразыйскіх, прабачце, — абсягах. А той, хто лічыць, што камуністы, дапаўшы да вышэйзгаданых капіталаў экспарту і рээкспарту, крэдытаваньня і ліцэнзаваньня, адмовяцца раптам ад такога пэрспэктыўнага дзяржавабудаўніцтва на карысьць маскоўскіх спэцыялістаў, па меншай меры, прабачце, нічога ня цяміць ні ў палітэканоміі, ні ў палітпсыхалёгіі.

Наўрад ці многа ва Ўкраіне тых, хто спадзяецца ў наступныя пяць гадоў пабачыць “іншага” Кучму, адрознага ад таго, якога бачылі папярэднія пяць гадоў і які пазавальваў усё, што можна было пазавальваць, адначасова паставіўшы сусьветныя рэкорды асабістай невыразнасьці, прафэсійнай бездапаможнасьці і карумпаванасьці свайго атачэньня. Безумоўна, ёсьць людзі, якіх такі стан рэчаў задавальняе і якія будуць бараніць дзейнага прэзыдэнта ўсімі магчымымі сродкамі. Ёсьць таксама значная колькасьць “гома саветыкусаў”, якія або проста ня пойдуць галасаваць (і тым самым падтрымаюць дзейную ўладу), або пойдуць і прагаласуюць так, як ім скажа начальства, то бок тая ж самая дзейная ўлада. Але ёсьць і нямала сьвядомых грамадзянаў Украіны, якія будуць галасаваць за Леаніда Кучму, ня маючы ніякіх ілюзіяў пра яго былыя, сучасныя і будучыя “посьпехі”. Проста яны баяцца, што прыйдуць “камунякі” і загоняць нас назад у імпэрыю. Дзеля незалежнасьці Ўкраіны яны гатовыя, як мой бацька, патрываць яшчэ пяць год “кучмакратыі”, яшчэ дзесяць год — “бакасакратыі”, яшчэ пятнаццаць год “мабутакратыі” — абы толькі, як казалі за савецкім часам, “не было вайны”.

І ня трэба быць прафэсійным палітолягам — дастаткова проста цьвяроза, без тэлевізійнага гіпнозу, зірнуць на сытуацыю, каб зразумець, што “камунякі” ўжо ніколі ня прыйдуць да ўлады, бо зусім ня тая роля адведзеная ім прэзыдэнцкай адміністрацыяй, і зусім не для таго іх так адчайна цягнуць у другі тур прапрэзыдэнцкія мас-мэдыі. Ды нават калі ўявіць сабе, што спсп. Сіманенка і Вітрэнка ўсё-ткі выйдуць за межы адведзеных ім роляў і здолеюць нацягнуць носа вынаходлівым лялькаводам з Банкіўскай — што яны будуць рабіць далей з 50-мільёным шчасьцем, якое неспадзявана зваліцца на галаву? Панясуць у зубах у Маскву — разам з экспартнымі галінамі прамысловасьці ды пасольствамі ў няшкодных для жыцьця краінах — назло ўсім сваім блізкім і далёкім сваякам? Ці, можа, рэанімуюць камуністычную ідэалёгію, якую іх папярэднікі ня здолелі ўсталяваць за 70 гадоў, маючы для гэтага непараўнальна лепшыя ўмовы? А можа, ня дай Бог, зробяць сёньняшнюю кандова-савецкую Ўкраіну яшчэ больш савецкай?

“Камуністычная пагроза” насамрэч зьяўляецца той дымавой завесай, за якой пануючая намэнклятура (прабачаюся, “алігархія”) мае магчымасьць прыхоўваць сваю ўласную савецкасьць і крыптакамуністычнасьць.

Нашыя наіўныя нацыянал-дэмакраты, звыклыя да маніхейскага ўспрыманьня сьвету ў чорна-белай фарбах і адурэлыя ад ганебнае свабоды пасьля стагодзьдзяў безьдзяржаўнасьці, падобна, да гэтага часу ня могуць усьвядоміць, што барацьба паміж “праўкраінскімі”(“незалежніцкімі”) і прамаскоўскімі (“імпэрскімі”) сіламі даўно ўжо скончылася і што “прамаскоўскія» сілы ў сёньняшняй украінскай сытуацыі зьяўляюцца гэткай жа палітычнай маргіналіяй, як і “шчыра-ўкраінскія”; тады як рэальнай сілай, сапраўдным гаспадаром краю ёсьць “крэольская” (“маларасійская”) эліта — і “антыімпэрская”, і “антыўкраінская” адначасова (у тым сэнсе, што ўкраінскасьць нашых нацыянал-дэмакратаў ёй, як кажуць, да лямпачкі). Ня маючы трывалае (нацыянальнае) ідэалёгіі, гэтая эліта мае толькі трывалыя інтарэсы, якія лёгка можна адстойваць і на Кіпры, і ў Бэльгіі, і ў далёкай Панаме.

Нешта спрасьціўшы і, дзеля нагляднасьці, схематызаваўшы, можна параўнаць гэтую маларасійскую эліту з лацінаамэрыканскай, якая заваявала сабе незалежнасьць зусім не на тое, каб братацца зь мясцовымі індзейцамі і будаваць для іх дзяржаву ацтэкаў, мая ці кечуа, — аднак і не на тое, каб пасьля зноў зьяднацца з Гішпаніяй ці Партугаліяй. У адным выпадку гэтая крэольская эліта можа індзейцаў ушчэнт вынішчыць, у іншым — дзеля барацьбы з мэтраполіяй і легітымізацыі сваёй улады — можа інкарпараваць індзейскіх правадыроў у свае шэрагі, прыняць іх сымболіку, абвясьціць мову кечуа дзяржаўнай і нават пачаць выкарыстоўваць яе з рытуальнымі мэтамі — але, зразумела, гэтая эліта ніколі ня будзе гаварыць на мове індзейцаў са сваімі “белымі” жонкамі, дзецьмі і ўнукамі і ўвогуле, ніколі ня будзе ўспрымаць увесь гэты тубыльскі антураж сур’ёзна.

А калі нехта лічыць, што Маларосія — гэта не Лацінская Амэрыка, хай зоймецца сацыялёгіяй і высьветліць, на якой мове размаўляюць зь дзецьмі і ўнукамі ўсе нашыя міністры і іхныя намесьнікі, і намесьнікі іхных намесьнікаў, і памочнікі іхных памочнікаў; на якой мове гавораць дома паслы і ўся дыпляматычная хеўра; усе нашыя генэралы, палкоўнікі і іншыя гаспада ахвіцэры; усе нашыя дырэктары прадпрыемстваў, крутыя бізнэсоўцы і яшчэ круцейшыя банкіры; усе нашыя вяршкі, уся сьмятанка і ўвесь бамонд. Якія вяршкі, такая, зразумела, і краіна. А калі індзейскія правадыры, кшталту спсп. Паўлычка, Жулынськага, Шчарбака і нават Дзюбы (украінскія пісьменьнікі. — Заўв. рэд.) пачынаюць рабіць выгляд, што яны зьяўляюцца часткай гэтых вяршкоў і што ўсе разам яны будуюць не крэольскую, а ўсё-ткі сваю, індзейскую дзяржаўнасьць, робіцца, шчыра кажучы, сумна.

Пад час апошняе тэлефоннае размовы бацька паведаміў мне, што атрымаў нарэшце запазычаную пэнсію — 55 грыўняў, капеечка да капеечкі. “Што ні кажы, а чым далей, тым лепш”, — падсумаваў ён свой багаценны жыцьцёвы досьвед.

Пераклаў з украінскай Андрэй Скурко паводле часопіса “Крытыка”.
Друкуецца са скарачэньнямі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0