Terra incognita

 

Украіна — вялікая паўднёвая суседка і вялікая загадка. Зусім нячаста мы згадваем пра яе. Падобна як зь Літвой і Латвіяй — на поўначы. Быццам эўрапейскія культурныя плыні праходзяць паўз нас толькі гарызантальна — то на захад, у Польшчу і з Польшчы, то на ўсход — у Расею і з Расеі. Наша вэртыкальная супольнасьць быццам і не існуе. Можна лішні раз засмуціцца з паралюшу беларускае волі.

Самае моцнае ўражаньне ад Украіны апошніх гадоў — тое, што яна апярэдзіла нас у набліжэньні да агульных цывілізацыйных стандартаў і да Эўропы. Здаецца, поступ даецца ёй складана, але ўсё ж лягчэй, чым нам.

Маштаб украінскае сьведамасьці і культуры ў нас заўсёды ўспрымаўся як роўны беларускаму. Хоць Украіна ў пяць разоў большая за Беларусь і нашая роўнасьць — гэта палітыка Масквы, для якой і Беларусь, і Ўкраіна — меншыя сёстры або дзьве падчаркі. Няма сумневу, што пры найлепшым зьбегу абставінаў мы ўбачым ва Ўкраіне дзяржаву маштабу Францыі, бо менавіта такі ейны патэнцыял.

Украіна заўсёды выказвала болей цікавасьці да Беларусі, чым наадварот — Беларусь да Ўкраіны. Нават сёньняшнія ўкраінскія прэзыдэнцкія выбары маюць у Беларусі ня большы розгалас і выклікаюць ня большую цікавасьць, чым выбары ў Аргентыне або сытуацыя ў Пакістане. Прынамсі, пішуць у нас пра тое гэтак сама адстаронена, не адчуваючы, што на поўдні вырашаецца нешта жыцьцёва важнае і для нас.

Усе нашыя веды пра Ўкраіну мы атрымліваем як правіла з расейскіх крыніцаў. Лішне казаць, што расейскія пісьменьнікі, навукоўцы, журналісты зусім ня маюць на мэце высьвятляць, у чым нашая роднасьць. Гэтым могуць займацца толькі беларусы і ўкраінцы самі, надзеленыя самастойнай воляю. Паказальна і тое, што нашу з украінцамі роднасьць ніхто ня тое што не разьдзімае, як гэта адбываецца ў выпадку з расейцамі, але й не дасьледуе.

Высновы з усяго сказанага мала суцешныя. Украіны, па вялікім рахунку, у жыцьці беларускае нацыі не існуе. Дый гэтыя тэзісы нагадваюць коўзаньне па цаліку. Выглядае, што якраз Украіна хутчэй дагукаецца Беларусі, а не наадварот. Большая мусіць выцягваць меншую з багны. Зрэшты, так і было спрадвеку. Дакладней, з часоў станаўленьня нацянальнае ідэі ў мінулым стагодзьдзі. Менавіта ў нас раскідаліся ўкраінскія або русінскія газэткі для сялянаў. Менавіта ва Ўкраіне лекаваўся ад ранаў паўстанец Багушэвіч. І калі спадарыня Ланская ў 80-я гады XIX ст. выдала свой раман-выкрыцьцё пра акупацыю Беларусі пад вымоўнаю назвай «Обрусители», дык ужо праз два гады гэты твор быў растыражаваны па-ўкраінску. Па-беларуску яго няма і дагэтуль.

Падводзячы рысу, я знаходжу адзінае азначэньне, якое адрозьнівае ўкраінцаў ад іншых нашых суседзяў у дачыненьнях з намі — гэта адсутнасьць карысьлівых матываў. За ўсе часы Ўкраіна на нас не збагацела і Ўкраіна нас разумела. А ці шмат нам дала яна ў параўнаньні зь іншымі — мы не лічылі.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0