Аляксандар ГРЫЦЭНКА

Верка Сярдзючка

 

У 1995 годзе на ўкраінскіх тэлеэкранах зьявілася некалькі рэклямных кліпаў днепрапятроўскага «Прыват-Банку», у якіх галоўнай дзейнай асобай была худая (але зь вялізнымі грудзямі) безгустоўна размаляваная і крыклівая чыгуначная правадніца, якая на расейска-ўкраінскай трасянцы прызнавалася ў любові да «Прыват-Банку», акцыі якога яна нібыта прыдбала: «Дывідэнды «Прыват-Банку» нам палезьней добрай п’янкі!» Ролю правадніцы сыграў маладзенькі студэнт эстрадна-цыркавое вучэльні Андрэй Данілка, і наўрад ці тады ён сам ці замоўнікі рэклямных кліпаў мелі намеры працягваць экраннае жыцьцё тэлегераіні. Аднак, іранічнасьць кліпаў, іх выяўная «постсавецкасьць», а галоўнае — несумненны камічны талент Андрэя Данілкі зрабілі сваю справу: невядома, ці нашмат пабольшала акцыянэраў «Прыват-Банку», але папулярнасьць правадніцы Веркі набыла агульнаўкраінскія маштабы.

Колькі месяцаў таму на тэлеканале «1+1» зьявілася ўласная праграма Веркі Сярдзючкі «СВ-шоў». Правадніца Верка, убраная ў бліскучы «зоркавы» жакет і драныя панчохі, прымае, як вядучая, розных гасьцей — зорак кіно, тэлебачаньня і шоў-бізнэсу, з мэтай ня столькі ўзяць у іх інтэрвію, колькі пацешыць і іх, і гледачоў. Пры гэтым гасьцей «Купэ СВ» яшчэ й частуюць тыповай «дарожняй ежай» — ці то вараным яечкам, ці то хатняй кілбаскай, і абавязкова наліваюць «пакрыху» ў аднаразовыя плястыкавыя шкляначкі (адсюль, мабыць, і назва «тэхна-піта» Веркі). А напрыканцы правадніца прапануе госьцю (госьці) класьціся спаць тут жа, на канапе, ды й сама кладзецца побач, пад адной коўдрай.

Празь некалькі тыдняў пасьля зьяўленьня праграмы «СВ-шоў» пра Верку загаварылі ўсе — ня толькі газэтныя тэлеаглядальнікі, але й рэнамаваныя інтэлектуалы і нават народныя дэпутаты. Казалі рознае — лаялі значна часьцей, чым хвалілі, але ўсё гэта, само сабой, толькі спрыяла Верчынай папулярнасьці (то бок тэлерэйтынгу). У хуткім часе «СВ-шоў» ужо рэтрансьляваў маскоўскі канал НТВ, а зараз, кажуць, папулярнасьць правадніцы-зоркі сярод расейскае тэлеаўдыторыі значна вышэйшая, чым сярод украінскае, якой за два гады Верка прыелася, а мо крыху й абрыдла.

Не спачываючы на лаўрах, Верка Сярдзючка засвоіла іншыя мастацкія спэцыяльнасьці — пачала сьпяваць, запісала цэлы альбом «кампазыцыяў» ва ўласным выкананьні, а сёлета на тэлеэкранах нават зьявіліся відэакліпы на гэтыя «кампазыцыі» (найбольш вядомая — «Пакрыху» зь бесьсьмяротным рэфрэнам «Без бокала нет вокала, Ліда!»).

Апошнім творчым праектам нястомнае правадніцы стаўся спэктакаль «Тытанік», які вытрымаў некалькі аншлягаў у тэатры імя Лесі Ўкраінкі, нягледзячы на даволі-ткі дарагія квіткі. У гэтым спэктаклі Андрэй Данілка выконвае некалькі роляў, аднак стрыжнем, на якім усё трымаецца, канечне ж, застаецца Верка, кожнае зьяўленьне якой на сцэне нязьменна суправаджае авацыя...

Скетчы-маналёгі раньняе Веркі грунтаваліся на ўдала схопленых у штодзённым жыцьці фразах, сьмешных ці абсурдных дарожных сытуацыях («што яно мне ваняе», «дайце чаю, бо скучаю» ды іншых такіх «вішнёвых усьмешках»). Калі эстрадная папулярнасьць Веркі праклала ёй шлях на штотыднёвы тэлеэкран (ды яшчэ й на найбольш папулярным украінскім тэлеканале), яе «прыкід» зьмяніўся — здавалася б, і ня дужа, але прынцыпова. Замест звычайнага стандартнага кіцеля зьявіўся нібыта элегантны жакет, увесь у нейкіх бліскаўках; спадніца засталася тая самая, шэранькая, а вось панчохі падраліся — прычым на самым бачным месцы. А надзіманыя грудзі сталіся яшчэ большымі. Такім чынам, візуальны вобраз з шаржаванага ператварыўся ў яскрава гратэскавы і нават адкрыта-парадыйны.

Парадыйнасьць і правакацыйнасьць зьнешнасьці тэле-Веркі суправаджаецца ня менш парадыйна-правакацыйнымі паводзінамі ў самой праграме «СВ-шоў». Прымаючы маскоўскага кампазытара Ігара Крутога (гэтая «акула шоў-бізнэсу» вядомая тым, што пячэ шлягеры як бліны — ледзьве ня сотнямі, і ўсе падобныя адзін на адзін), Верка прапануе госьцю тут жа, у студыі, напісаць песьню — скажам, на верш Шаўчэнкі «Мне трынаццаты мінала, я пас цяляты за сялом»... Пан Крутой сапраўды за нейкіх дзесяць-дваццаць сэкундаў прадукуе жаласную мэлёдыю a la жабрацкія сьпевы ў цягніках і па вакзалах, а сама Верка адразу ж пачынае сьпяваць гэтую нібыта песьню нібыта Шаўчэнкі, згорбіўшыся і па-жабрацку працягнуўшы руку. Тут правакацыя падвойная: як да «крутога кампазытара» (які, дарэчы, ледзьве стрымліваў раздражненьне), так і да «шчырых украінскіх патрыётаў» ля тэлеэкранаў (а як жа — замах на самога Шаўчэнку)...

Уласна, пэрманэнтнай крыніцай правакацыйнае напругі ў «СВ-шоў» зьяўляецца ўжо сама канцэпцыя — фікцыйная вядучая (ці то — вядучы, хлопец, пераапрануты ў «бабу») і «сапраўдны» госьць (госьця), які (якая) далёка не заўжды ведае, як ставіцца да Веркі — ці як да жанчыны (прызнаўшы «фікцыйную» рэчаіснасьць), ці як да хлопца, які «проста грае ролю» (тым самым рызыкуючы «сапсаваць гульню»). Далёка ня ўсе здольныя пасьпяхова справіцца з гэтай праблемай, а тым часам глядач за імі назірае зь цікавасьцю ці спачуваньнем.

Урэшце, ці не зьяўляецца сама ідэя «правадніцы-зоркі» пародыяй на нашу сучасную культурную трансфармацыю — чароўнае ператварэньне «саўка» ў «цэнтар Яўропы» (пардон, «цэнтар Эўропы»).

Пераклаў А.С. паводле часопіса «Крытыка»


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0