Каляндар

175 гадоў таму

 

1824. Трыццатыя ўгодкі задушэньня паўстаньня Касьцюшкі. Царскія ўлады судзяць у Вільні «сяброў навукаў» — філяматаў і «сяброў дабрачыннасьці» — філярэтаў. Дзесяць філяматаў, сярод якіх «аўтар праекту» Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот... і дзесяць філярэтаў — Адам Сузін, Ян Крыніцкі, Цыпрыян Дашкевіч... Іх высылаюць з Радзімы назаўсёды. Прычым Зану, Чачоту і Сузіну, як «асабліва злосным», даюць тэрміны ў вязьніцы.

Сытуацыя нагадвае тую, што паўторыцца ў менскай Акадэміі Навук праз сто пяцьдзясят гадоў. У 1974 навукоўцаў абвінавачвалі ў беларускім нацыяналізме толькі за тое, што яны «тайна» зьбіраліся і пад выглядам сьвяткаваньняў якіх-кольвек датаў «размаўлялі па-беларуску» і абмяркоўвалі шляхі і задачы вывучэньня беларускай культурнай спадчыны. Філяматы зьбіраліся менавіта такім чынам — на «пасядзелкі». А вось адно з дэкляраваных імі правілаў: «Прыхільнасьць да айчыннай зямлі ў тым, каб жадаць дабра суайчыньнікам кожнага стану і ўсяму народу наогул, захоўваць карысныя звычкі сваіх бацькоў, любіць прыродную мову і вывучаць яе, помніць славу і подзьвігі продкаў і ў меру сілы сваёй і стану памнажаць іх». У рапарце пасьля допытаў філяматаў адзначалася, што «под словом приверженности к своему краю разумелась не приверженность к Российской империи вообще, но только к губерниям, составляющим виленский университетский округ». Якія яшчэ «злачынствы»? Пісалі вершы, у тым ліку на «холопском наречии», вучылі «экзатычныя» на той час мовы, кшталту ангельскай, нямецкай, гішпанскай... Мэтадычна займаліся краязнаўствам... Карацей, рыхтавалі кадры. Цікава, што, як і ахвяры «акадэмічнага разгрому» 1974-га, філяматы ўсьвядомілі сябе «палітычнымі» ўжо пад час допытаў.

 

Чым яшчэ адзначыўся той год? Вядома, шчыраваньнямі афіцэраў-«дзекабрыстаў», якія былі асабліва актыўныя ў Гарадзенскім уланскім палку. Збольшага камандзіры малодшага і сярэдняга зьвяна, пераважна «тутэйшыя». Да іхнага «выхаду» яшчэ цэлы год...

 

Тым часам у Маскве Іван Грыгаровіч на сродкі графа Румянцава выдае першы беларускі археаграфічны слоўнік «Беларускі архіў старажытных грамат». Першы і апошні з плянаваных трох, дзе сабрана пяцьдзясят сем дакумэнтаў з гісторыі Ўсходняй Беларусі 15-18 стагодзьдзяў.

 

Географ Язэп Ходзька праводзіць першыя ў Беларусі градусныя вымярэньні.

 

Будуюць Браслаўскі касьцёл.

 

У 1824 у маёнтку Тупальшчына каля Смаргоні нарадзіўся адзін з камандзіраў Каліноўскага Юльян Бакшанскі. Упершыню ён на свае вочы пабачыць, што такое вызвольнае паўстаньне, праз шэсьць гадоў.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0