БІБЛІЯТЭКА

 

Дэміталягізацыя Машэрава

Симуров А. Вожди, вожаки, вожачки: тайными коридорами власти. — Менск: Парадокс, 1999.— 248 с. ISBN 985-451-006-9

Калі лічыць нацыянальных герояў Беларусі ў катэгорыі «палітыка» па марках «Белпошты», дык за ўсю тысячагадовую гісторыю краіны такіх набралося ажно пяць чалавек: легендарны Рагвалод, Мікалай Радзівіл «Чорны», Леў Сапега, Пятро Машэраў і сёньняшні лідэр. Паколькі размова ў рэцэнзаванай кніжцы ідзе пра такога рангу кіраўнікоў рэспублікі ў часы панаваньня саветаў, дык у першую чаргу нас цікавіць знакаміты партызан — самы слынны з той плеяды.

Творчую немач аўтараў, што пішуць на «машэраўскую» тэму, заўважалі даўно, бо пік выданьня кніг пра згаданую асобу прыйшоўся на 1992—1993 гады. І ў 1998 г., калі шырока сьвяткавалася 80-годзьдзе з дня нараджэньня Машэрава, з адной кніжкі ў другую працягвалі пераходзіць нецікавыя апавяданьні ні пра што: «першым стварыў камсамольска-маладзёжнае падпольле, першы падняўся ў атаку». Але ці ж гэткімі сьцьверджаньнямі можна пераканаць сучаснага дасьведчанага чытача ў тым, што размова ідзе пра нацыянальнага героя? Тут патрабуюцца факты, а калі іх няма, то атрымліваецца, як у старым анэкдоце: «А што казаць, калі няма чаго казаць?»

У гэтым сэнсе выгадна адрозьніваецца ад раней надрукаванага кніжка А.Сімурава, уласнага карэспандэнта газэты «Праўда» ў Беларусі. Галоўная каштоўнасьць гэтай працы ў тым, што аўтар піша толькі пра тое, што сам бачыў, чаму быў сьведкам.

Са старонак успамінаў некаторыя шырокавядомыя кіраўнікі рэспублікі ў мінулыя гады, а ня толькі П.Машэраў, прадстаюць перад чытачамі без арэолу палітычнай велічы, у непарадных сытуацыях, напрыклад, у грамадзкай прыбіральні, калі ахова аднаго з партыйных босаў перакрывае ўваход, дазваляючы зайсьці туды толькі «самому». Астатнія, «простыя і сьмяротныя», вымушаны зь нецярплівасьцю чакаць, з глыбокай пашанай у думках намаляваць сабе адказную позу партыйца над пісуарам.

А.Сімураў дапаўняе новымі штрыхамі партрэты амаль «кананізаваных» асобаў, і перадусім П.Машэрава. Хоць у кнізе яму прысьвечана ўсяго некалькі старонак, аўтару ўдалося ажывіць вобліск славутага партызана. Багата пра што гаворыць, напрыклад, такая падрабязнасьць: жадаючы дагадзіць маскоўскаму карэспандэнту, Машэраў адпраўляе спэцыяльны самалёт, каб даставіць яго зь Менску ў Маскву.

Уласныя карэспандэнты «Праўды» нагадваюць усюдыісныя і ўсюдыпранікальныя «вочы і вушы» цэнтральнага органу КПСС. Яны ня толькі на роўных размаўляюць зь першымі асобамі саюзных рэспублік, але здольныя нават прывесьці ў паніку кіраўнічую эліту з краінаў «сацыялістычнага лягеру», ад якіх могуць ультыматыўна патрабаваць прыняць тое ці іншае рашэньне.

Адчуваецца, што аўтар мог даць і больш матар’ялу, але нешта яго стрымлівала. Пра сябе піша шчыра, амаль як на споведзі, пра былых кіраўнікоў усё-ткі з асьцярогаю.

Г.Туровіч


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Археалёгія Беларусі: У 4 т. Т. 2: Жалезны век і раньняе сярэднявечча/ А.Егарэйчанка, В.Шадыра, В.Вяргей ды інш.; Пад рэдакцыяй В.Шадыры, В. Вяргей. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 502 с.: іл. — Наклад 1300 ас. ISBN 985-08-0089-5

 

Папярэдні том гэтага густоўна аздобленага й грунтоўна напісанага выданьня быў выдадзены ў 1997 г. Цяпер разглядаюцца помнікі беларускай археалёгіі жалезнага веку (ад 8 ст. да н.э. да 8 ст. н.э.). У кнізе багата ілюстрацыяў, схемаў і плянаў помнікаў. Цана 1 мільён рублёў.

У.Ермалаеў. Радком па кумпале: Гумарыстычныя, сатырычныя вершы, літаратурныя пародыі/ Прадмова Я.Мальца. — Менск: Мастацкая літаратура, 1998. — 111 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-02-0220-3

Ч.Кірвель, А.Бародзіч, У.Разэнфэльд ды інш. Гісторыя філязофіі: Навучальны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных установаў/ Пад рэдакцыяй праф. Ч.Кірвеля. — Горадня: ГДУ, 1997. — 917 с.: іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-417-039-Х

 

Унікальная зьява — упершыню па-беларуску выходзіць нарыс гісторыі філязофскае думкі ад ейнага зараджэньня да сучаснасьці ўлучна зь вялікім блёкам беларускае філязофіі. Набыць можна толькі на кніжным кірмашы ля ст. м. «Першамайская» (у будынку канцэртнае залі «Менск»).

В.Кунцэвіч. Горкая спакуса: Кніга лірыкі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 176 с. — Наклад 500 ас. ISBN 985-6318-51-3

 

Памяць: Гістарычна-дакумэнтальная кроніка Клецкага раёну/ Укладальнік М.Кусянкоў; Мастак Э.Жакевіч. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 622 с. — Наклад 5053 ас. ISBN 985-02-0486-9

 

Чарговая кніга гэтае сэрыі, як заўжды, мае адбіткі часу: Рыгоравіч і мноства чырвоных партызанаў глядзяць з бачынаў. Гістарычны матар’ял цешыць наяўнасьцю цікавых фотаздымкаў і дакумэнтаў. Неўзабаве будзе ў кнігарнях.

В.Старычонак. 150 твораў зь беларускае літаратуры. У дапамогу абітурыентам і школьнікам. — Менск: Вышэйшая школа, 1999. — 383 с. — Наклад 6000 ас. ISBN 985-06-0521-9

М.Шумейка, К.Казак, В.Селяменеў. Архивоведение Беларуси. Учебное пособие для студентов исторических факультетов вузов в 2-х частях. Ч. 1: История и организация архивного дела/ Менск: Выдавецкі цэнтар РИВШ, 1998. — 216 с. — Наклад 300 ас.

М.Шумейка, К.Казак, В.Селяменеў. Архивоведение Беларуси. Учебное пособие для студентов исторических факультетов вузов в 2-х частях. Ч. 2: Теория и методика архивного дела/ Менск: Выдавецкі цэнтар РИВШ, 1998. — 196 с. — Наклад 300 ас.

 

Упершыню ў Беларусі падрыхтаваны навучальны дапаможнік, што знаёміць з гісторыяй беларускіх архіваў і архіўнае справы ад часоў Полацкага княства й Вялікага Княства Літоўскага да нашых дзён. Кніга праз абмежаваны наклад пайшла ў бібліятэкі. Мае шмат каштоўных дадаткаў і грунтоўна раскрывае тэхніку фармаваньня й захаваньня архіўных фондаў. Рэцэнзіі ў Беларусі дагэтуль на гэтую працу няма, ва Ўкраіне ўжо пахвалілі.

В.Шырко. Вунь чурылавец пайшоў: Гумарыстычная аповесьць. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 318 с.: іл. — Наклад 1200 ас. ISBN 985-02-0236-Х

Кнігі чытаў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0