Андрэй ДЫНЬКО

Навекі разам

 

Улетку, шпацыруючы вуліцай Маршалкоўскай з рэдактарам львоўскага супэрінтэлектуальнага часопісу з супэрукраінскай назвай «Ї» Тарасам Возьнякам (дзе яшчэ як не ў Варшаве беларусы могуць гуляць з украінцамі?), дык вось, спацыруючы і разважаючы над тым, чаго бракуе Беларусі, мы падвергліся дзёрзкаму нападу хуліганаў: іх было трое, яны тыкалі нам кулакі ў грудзі і з выразнай расейскай інтанацыяй пыталіся: «Пан палі?» Пан Возьняк, які па сумяшчальніцтве працуе загадчыкам аддзелу міжнародных сувязяў Львоўскай мэрыі, вёў сябе вельмі дыпляматычна, тымчасам ззаду нам на дапамогу пасьпяшаўся пан Фінбэрг, дырэктар кіеўскага Інстытуту юдаікі — вельмі палажыцельнай камплекцыі і зь вельмі калярытнай барадою. Бачачы гэткую прыгоду, бэйбусы расчыніліся ў шэрым бэтоне посткамуністычнай Варшавы.

Ва Ўкраіне ёсьць усё тое, чаго бракуе Беларусі.

Ва Ўкраіне ёсьць горы Карпаты, мора Чорнае, чарназёмы казачныя, пшаніца цьвёрдая Amber Durum, для вытворчасьці макароны прыдатная, алей сланечнікавы, пэрсікі херсонскія, курорты крымскія, флёт марскі, бамбавікі стратэгічныя, віно масандраўскае, каньяк закарпацкі, П’емонт галіцкі, Львоў-горад-карабель і Адэса-горад-Жванецкі, вуліца Дудаева і лесьвіца Пацёмкінская, гонар нацыянальны, вугаль данецкі, патрыярх аўтакефальны (нават два) і экс-прэзыдэнт (а мо ўжо і два?), гімн «Шчэ нэ вмэрла Украіна», мячэты, перабудаваныя ў саборы, і гарады-героі Бэрдычаў і Жмерынка, філёзаф Скаварада і «Воплі Відаплясава», «Запарожац за Дунаем» і «Запарожац» на колах, у тым ліку гарбаты, у тым ліку навукова-фантастычная машына «Валынец» вытворчасьці Луцкага заводу мэталавырабаў і ракеты «Пратон». Ва Ўкраіне ёсьць казакі, казачэнькі, «Напій козацькій міцный», гайдамакі і бандэраўцы, хахлы і маларосы, фэміністкі і магіла Вялікага Кабзара, бакцянкі на берагаўскіх тытунёвых плянтацыях, Наталка-Палтаўка і Канатопская ведзьма, вечары на хутары ля Дыканькі і раманіст-постмадэрніст Андруховіч, антылёпы ў Асканьі-Нове і рэ-э-эдкая пташка да сярэдзіны Дняпра...

Рэдактары інтэлектуальных часопісаў займаюць там пасады загадчыкаў аддзелаў міжнародных сувязяў мэрыяў і арганізуюць прыезды Гілары Клінтан у Львоў. Раз на пяць гадоў там праходзяць выбары (а шчо цэ таке? — будуць пытацца ўнукі тых, што свой выбар ужэ зьдзелалі раз і наўсягда). Урэшце, там у опэры Яўген Анегін сьпявае: «Чы я ўпаду, дручком пропэртый» — а ў рэкляме шампуню «Гед энд шоўлдэрз» «баба» ў «чоловіка» пытаецца: «В тэбэ е лупа?» Ба, ды ў іх тэлевізія ёсьць!

І я, выступаючы за гістарычна непазьбежную ўнію Беларусі з Польшчай у ХХІ стагодзьдзі, ведаю: у вырашальны дзень... Не, гэта будзе ноч... Самалёт з канцлерам Беларусі Вінцуком Калядкам вылеціць зь Менску ў Варшаву — і ўжо рэзыдэнтура дэфэнзывы сядзе за пляшкай «выбаровай» і напаўголасу завядзе «Сто лят»... Але самалёт раптам прызямліцца ў Кіеве! І заключаць Менск з Кіевам саюз на ўсе вякі! І вып’юць «Белавескай», і зап’юць «Украінськой з пэрцем», і станцуюць крыжачка, і засьпяваюць «Галю». І возьмуць у свой саюз яшчэ жыдоў. А больш бясплатна нікога ня возьмуць. Бо хто нам будзе яшчэ трэба, калі мы будзем разам — беларусы, украінцы й жыды!

Ох, і я тады зажыву, бо ўжо ніхто ня скажа, што ў Берасьці ня можа быць украінцаў! Шмо, Дынько!..

Шмат чаго ёсьць ва Ўкраіне, шмат чаго ёсьць у Беларусі. Адна на дваіх у нас толькі Картагена нашай правінцыйнасьці, якую трэба разбурыць. А правінцыйнасьць — там, дзе беднасьць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0