менскія нетры

Лесьвіца

З надыходам зімы самым небясьпечным месцам у Менску робіцца адна з найбольшых гарадзкіх лесьвіцаў, што між стадыёнам «Дынама» ды судом Ленінскага раёну. Напаўразбураная і заледзянелая, яна больш нагадвае адмыслова прыстасаваную трасу для падрыхтоўкі гарналыжнікаў. Калі ж вы не зьбіраецеся ўдзельнічаць у чарговай зімовай алімпіядзе, будзьце тут вельмі асьцярожныя — асабліва ўвечары (гэты цёмны глухі кут ледзьве-ледзьве асьветлены вокнамі былой Габрэйскай, а зараз 4-й больніцы) — можна пасьлізнуцца і балюча пабіцца. Нельга сказаць, што ўлады не зьвяртаюць увагі на гэткі непарадак: лесьвіцу штогод рамантуюць, аднак гэтая працэдура больш нагадвае дзіцячую гульню “ў пясочак”: зьяўляюцца будаўнікі і, абсалютна ігнаруючы цэмэнт, лепяць прыступкі са жвіру. Сёлета, што праўда, верхнюю палову лесьвіцы ўрэшце адрамантавалі грунтоўна, але ня чысьцяць зусім, дык яна зарасла лёдам і нічым ня розьніцца ад паловы нерамантаванае. Адзінае, што можна параіць — абыходзьце небясьпечнае месца вуліцай Леніна. Хоць і няблізкі сьвет, але цалейшыя будзеце.

Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0