Мастацтва з «асаблівым цынізмам»

Няясна, чаго было болей у судзе над Алесем Пушкіным — правасудзьдзя або мастацтва

 

Пачалося ўсё з таго, што судзьдзя Хрыпач не хаваў натуральнага разуменьня беларускай мовы і не шукаў ніякіх перакладчыкаў. І ўсё ж за карэктнасьцю судзьдзі праглядалася перадвызначанасьць выніку — тая сабе незалежнасьць, калі ад чалавека «нічога не залежыць». Што да старэнькіх дзядка з бабулькай паабапал судзьдзі Хрыпача, дык я так і не змагла растлумачыць ролю гэтых жывых дэкарацыяў замежным журналістам.

Алесь Пушкін абвінавачваўся ў тым, што, праяўляючы асаблівы цынізм, знаходзячыся ля 1-га пад’езду рэзыдэнцыі прэзыдэнта, дэманстратыўна прыкаціў вазок з гноем, пад якім, паводле абвінавачаньня, ляжалі герб, сьцяг і партрэт Лукашэнкі: у «злосным хуліганстве» і «зьнявазе дзяржаўных сымбаляў».

Алесь Пушкін адзначыў, што, выказваючы пратэст ад імя грамадзтва, ня меў на мэце абразіць пачуцьці людзей, але прызнаўся: у бліжэйшую пасьля 21 ліпеня нядзелю наведаў царкву ў сваім Бабры ды спавядаў там грэх «змушчэньня сэрцаў». Грэх, на ягоную думку, быў у тым, што ля вазка з гноем маглі сабрацца прыхільнікі і апанэнты Лукашэнкі ды, крый Божа, учыніць патасоўку між сабою. «Почырк беларускай апазыцыі — гэта ня кроў, не вайна, а змаганьне такімі мірнымі высокамастацкімі акцыямі», — упэўнены Алесь.

Сьведкамі на судзе былі два маладыя міліцыянты, якія 21 ліпеня несьлі службу аховы «Чырвонага Дому». Цікава, што спачатку ахоўнікі будынку заўважылі зусім не мастака з вазком ды вілкамі, а групу журналістаў з фота- і відэакамэрамі. Абодва сьведкі заявілі, што ня бачылі дакладна, у што менавіта Пушкін утыкнуў вілкі, калі спыніў вазок.

Суд адхіліў хадайніцтва абароны аб прызначэньні мастацтвазнаўчай экспэртызы, тым ня менш, судовая калегія дапытала ў якасьці спэцыяліста мастацтвазнаўцу Віктара Пятрова. Пушкінскую акцыю ён ацаніў як «пэрформанс з палітычным падтэкстам», заявіўшы, што спрэчным у гэтым выпадку можа быць толькі ўспрыманьне акцыі рознымі гледачамі.

На жаль, судзьдзя Хрыпач сарваў цікавы сюжэт для праграмы «Времечко». Здымачнай групе расейскага НТВ з самага пачатку працэсу былі забароненыя здымкі.

Алесь Пушкін быў прызнаны вінаватым і асуджаны на 2 гады турмы з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на такі ж тэрмін.

Напярэдадні суда над мастаком пачалі адбывацца містычныя рэчы зь некаторымі ягонымі творамі. Абразы маці Божай усіх смуткуючых радасьці і Хрыста Ўседзяржыцеля, якія Пушкін рэстаўраваў у адной з цэркваў Віцебску, пачалі міраточыць. Расейскія сьвятары, кажа Алесь, расцанілі гэта па-свойму: маўляў, «Александр выступает против власти, и господь должен его образумить». РПЦ у Віцебску моліцца за Пушкіна.

А пра Алесеў росьпіс у менскім ліцэі мастацтваў ужо ходзіць цэлая легенда. Яе распавёў мне адзін з выкладчыкаў, які чуў тую легенду ад сваіх вучняў. Кажуць, што, калі Пушкін працаваў над росьпісам у актавай залі, у яго ня ладзілася праца — ажно пакуль у апошнюю ноч перад здачай работы не сышоў на мастака нібы Дух, і карціна на сьцяне сама сабой намалявалася. Пазьней ля яе фатаграфаваліся вучні. Але аднойчы высьветлілася незразумелае: адзін з пэрсанажаў карціны, хлопчык-музыка са скрыпкаю ў руках, кожнага разу на здымках стаіць у іншым месцы!

Ня ведаю, ці бачыў падобныя містычныя знакі расейскі цёзка нашага мастака. Але ж і яму ўлады адказвалі на мастацтва перасьледам ды высылкаю. У нашага Пушкіна гэта ўжо другі крымінальны прысуд за палітыку. Першы раз яго судзілі яшчэ камуністы.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0