Беражыце эліту

Думка прафэсара Клачоўскага пра захаваньне і пашырэньне эліты ня новая. Аднак не прыпомню, каб нехта ў нас ставіў гэтую задачу на першае месца. На першым месцы заўсёды былі заклікі ратаваць незалежнасьць і мову, а вось ратаваць нацыянальную эліту — носьбіта гэтых ідэалаў — не заклікалі.

 

Чарговая саюзная дамова чарговы ж раз павяргае беларускага інтэлігента ў панылы стан. Усё пачалося ў траўні 95-га, калі быў праведзены рэфэрэндум пра мову і сымболіку, і з тых часоў з рэгулярнай пэрыядычнасьцю паўтараюцца гэтыя крыўдныя ўдары і гэтае несуцешнае пачуцьцё ўласнае бездапаможнасьці. Хтосьці ўрэшце расчараваўся ў нацыянальных ідэалах, хтосьці нібы акамянеў сэрцам, а большасьць прыняла на веру зручную формулу: маўляў, усе гэтыя інтэграцыйныя захады нічога ня значаць, і галоўнаму інтэгратару таксама нічога, акрамя тэлевізійнай карцінкі, не даюць. Слабое суцяшэньне...

Беларускай інтэлігенцыі становіцца візуальна меней, яна ўсыхае нібы тая шчыгрынавая скура, яна расьцярушаная і не зьвязаная міжсобку, яна слабая. Яна ўсё ніжэй згінае галаву пад ударамі ўсё новых дамоваў, аб’яднаньняў і інтэграцыйнай траскатні, сапраўдны сэнс і рэальны плён якіх, здаецца, толькі ў тым і заключаецца, каб пакрыўдзіць, зьнішчыміць, зьнішчыць яе, беларускую нацыянальную эліту.

Я намаляваў наўмысна ўтрыраваную карціну дзеля таго, каб ярчэй убачыць прычыны такога становішча і магчымыя выхады зь яго. Можна было б, наадварот, пералічыць масу ініцыятываў і ўчынкаў, калі беларускі інтэлігент, нягледзячы ні на што, працягвае рабіць сваю справу — выдае пэрыёдыкі і кніжкі, адчыняе мастацкія выставы, піша пранікнёныя вершы... Але ўся гэтая дзейнасьць разам узятая носіць экстэнсіўны характар. Подзьвігі ўчыняюцца па завядзёнцы і таму, што ўчыняць іх патрабуе сьветапогляд. Аднак пануе ва ўсім гэтым інэрцыя. Колішняя дылема пра дзьве неабходныя часткі адраджэньня — руціну і фэерыю — перастае быць дылемай, а застаецца толькі руцінай зь няяснай надзеяй на тое, што некалі ўсё нейкім чынам пераменіцца на лепшае.

Думка прафэсара Ежы Клачоўскага пра захаваньне і пашырэньне эліты, здаецца, ня новая. Аднак жа не прыпомню, каб нехта ў нас ставіў гэтую задачу на першае месца. На першым месцы заўсёды былі заклікі ратаваць незалежнасьць і мову, а вось ратаваць нацыянальную эліту — носьбіта вышэй пералічаных ідэалаў — не заклікалі. У выніку многія з нацыянальнае інтэлігенцыі страцілі веру ў сваю патрэбнасьць грамадзтву.

Сымптаматычна, што разуменьне нацыянальнае эліты як асновы прыходзіць да тых, хто займаецца беларускай сытуацыяй звонку, на Захадзе. Мне даводзілася сустракацца з прадстаўнікамі розных заходніх фондаў, якія спансаруюць, у прыватнасьці, незалежную прэсу. У папярэднія гады яны казалі, што нацыянальная культура не ўваходзіць у кола іхных зацікаўленьняў, бо нічога ня можа зьмяніць у рэчаіснасьці. Цяпер усё зьмянілася. Выходзіць, няслушна расстаўляліся акцэнты. Па-мойму, адказваю я ім, уся справа ня ў тым, супраць каго змагацца і каб скінуць Лукашэнку, а ў тым, за што змагацца, у тым, каб сфармуляваць характарыстыкі тае Беларусі, якую мы хочам, каб выснаваць тыя якасьці ў людзях, якія мы лічым патрэбнымі захаваць і разьвіць.

Нацыянальная інтэлігенцыя пакуль яшчэ працягвае страчваць, а не набываць. Я маю на ўвазе такую важную рэч як салідарнасьць. Мне згадваецца паказальны прыклад — апытаньне, якое «Наша Ніва» правяла пасьля Чарнобыльскага Шляху 1996 году, калі 200 чалавек апынуліся за кратамі. Што такое салідарнасьць інтэлігенцыі? — запыталіся мы тады ў розных дзеячоў. Паэт Уладзімер Някляеў адказаў:

«Я лiчу разьдзiраньне чарнобыльскай трагедыi ў палiтычных мэтах абсалютна амаральнай дзеяй як з аднаго боку, так i з другога. Я разумею народнафронтаўцаў, асаблiва iх лiдэраў, якiм перакрыта тэлебачаньне, радыё, прэса. Яны палiтыкi ў пераважнай большасьцi. Але яны ведалi, на што iшлi. Iм трэба палiтычна не памерцi, абазначацца, каб быць нейкай, хоць бы ўяўнай, палiтычнай сiлай. Яны сталыя мужчыны i ведалi, на што iшлi. Вось вы пытаецеся пра салiдарнасьць, а яны ведалi, на што iшлi. I, магчыма, баючыся гэтага ўнутры, яны гэтага й хацелi».

Яны ведалі, на што ішлі... Лёс самога Ўладзімера Някляева паказаў, што адсутнасьць салідарнасьці — гэта няслушны шлях, які прыводзіць толькі да агульных грамадзкіх і культурных стратаў. Як у тым хрэстаматыйным прыкладзе з фашыстоўскае Нямеччыны. Прыйшлі па суседа. Дык ён жа жыд, — падумаў я. Прыйшлі па другога суседа. Дык ён жа камуніст, — падумаў я. Прыйшлі ўрэшце і па мяне... Нагадаю, што менавіта пагроза арышту змусіла Ўладзімера Някляева перабрацца ў Польшчу, дзе, як мне здаецца, беларускі паэт пачуваецца адарваным ад радзімы.

Берагчы эліту — гэта ня толькі даваць камусьці грошы або выхоўваць дзетак у адпаведным духу, хоць гэта і вельмі істотна. Праявы апекі могуць выяўляцца ў тысячы буйных і дробных учынкаў. Выпішыце беларускую газэту, слухайце незалежнае радыё, купіце кнігу беларускага паэта — і гэта будзе калясальная ў нацыянальным маштабе падтрымка асобных творцаў і цэлых групаў нацыянальнае эліты. Згадваю, што апошняе выданьне эстонскай энцыкляпэдыі за савецкім часам разышлося накладам 250 тысяч. Гэта значыць, купіла кожная сям’я. У тым ліку сям’я рыбака на далёкім хутары, дзе бацька цягае нерат, а маці цыруе шкарпэтку. Вялікія калектывы беларускіх гуманітараў не пачуваюцца запатрабаванымі грамадзтвам, а ва ўмовах рынку — яшчэ й не забясьпечанымі ім. Аднак, тут няма папроку грамадзтву, у чым не было б ніякага сэнсу. І мае развагі датычаць толькі самой беларускай эліты. Бо, як пісаў Уладзімер Караткевіч, ня трэба двух, каб пачаць.

Зразумелая прычына несалідарнасьці беларускіх інтэлігентаў. Беларуская савецкая эліта заўсёды была на ўтрыманьні дзяржавы і ніколі не рабіла стаўкі на ўласныя сілы. Напрыклад, не сакрэт, што міт пра нізкую раскупляльнасьць беларускай кніжкі падтрымліваўся самімі выдаўцамі, бо гэта давала ім магчымасьць разьлічваць на большыя дзяржаўныя датацыі. Для рынкавых умоваў такі падыход азначае сьмерць кнігі.

Аднак інэрцыя захоўваецца. Толькі апэляцыі да дзяржавы, а калі яны не даюць плёну — дык саркастычная, зьнішчальная крытыка таго ж Лукашэнкі, і больш нічога. Няправільная моўная палітыка і гэтак далей. Усё гэта так. Толькі не адтуль трэба пачынаць. Справа падтрымкі і пашырэньня нацыянальнае эліты пачынаецца не з заканадаўчай дзейнасьці. Яна знаходзіць адлюстраваньне ў законах толькі пасьля таго, як становіцца фактам рэчаіснасьці. Спрошчана кажучы, калі я непатрэбны сам сабе, як я магу патрабаваць закона аб патрэбнасьці мяне іншым?

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0