выхад у горад

Зьміцер БАРТОСІК

Жэнiк i Сярожа

Iншым разам ня варта выходзiць на вулiцу, каб убачыць нешта вартае апiсаньня цi проста пацешнае. Дзякуй богу, я жыву на першым паверсе, i ўсё жыцьцё двара ў мяне, як на далонi. Пару дзён таму актыўная частка жанчынаў нашага дому наладзiла несанкцыяваны мiтынг ля дзьвераў пад’езду.

Пратэставалi супраць Нiнэлi, Жэнiка й Сярожы. Нiнэль — гэта наша суседка зьверху. А Сярожа й Жэнiк — яе сабакi, зь якiмi старая Нiнэль дазорам, два разы на дзень абыходзiць прылеглыя бакi для сьмецьця з мэтаю спажывы для сваiх чацьвераногiх сяброў. Шэры Сярожа — дзiця адультэра нямецкага аўчара й дваровага цуцыка. На выгляд вельмi падобны да сваiх памежных і мiлiцэйскiх суродзiчаў, але характарам больш флегматычны й дружалюбны. Я нават нiколi ня чуў Сярожавага голасу. Ён любiць адпачываць ля дзьвераў лiфту, i тыя, хто зь iм незнаёмы, пакорна iдуць па лесьвiцы. Сярожа iх праводзіць сумным позiркам. Чорны Жэнiк — поўная супрацьлегласьць свайму сябру. Ростам ніжэйшы, крывёй прасьцейшы, характарам больш баявы. Менавiта ён i распачаў, цi то з галадухi, цi то зь цiкаўнасьцi, паляваньне на бяздомных катоў. І гэтым разам загрыз суседзкiх кацянятаў, што выклiкала справядлiвую буру пратэсту ўсiх нашых котатрымальнiцаў. На мiтынгу было вырашана прымусiць старую Нiнэль адправiць абодвух злачынцаў на вёску альбо набыць iм наморднiкi.

На наступны дзень двор убачыў наступную карцiну. Спачатку з пад’езду паказаўся Сярожа ў iмправiзаваным наморднiку зь нейкага дроту. За iм выбег i Жэнiк. У Жэнiка на мордзе красавалася абрэзаная, акурат пад памер ягонай морды, плястыкавая бутэлька з-пад мiнэралкі, надзейна завязаная вяровачкай за Жэнiкавымi вушамi. Асаблiва вынаходлiва глядзелася рыльца зь дзюрачкай, празь якую Жэнiк быў вымушаны дыхаць. Абнова Жэнiку яўна не падабалася. Ён бегаў на двары, намагаючыся скiнуць скафандар, i выгляд меў пры гэтым, скажам проста, дурнаваты.

Праз хвiлiнаў дзесяць Жэнiк стаў героем дня. Бязь сьмеху на яго глядзець было немагчыма. Твары вечна змрочных алькаголiкаў i абцяжараных плёткамi бабулек расквiтнелi ўсьмешкамi. Паглядзець на Жэнiка прыходзiлi жыхары суседнiх двароў. Выпадковыя мiнакi спаборнiчалi ў дасьцiпнасьцi. Хто абазваў Жэнiка «Лайкам на месяцы», хто «вадалазам», хто «амонам». У памыйных катоў было асаблiвае сьвята. Жэнiк iх ганяў, але схапiць ня мог. Нават выдаваныя iм гукi з бутэлькi былі больш падобныя на сапсаваны грамафон, чым на грозны брэх.

I тут здарылася неверагоднае. Забрахаў наш маўклiвы, флегматычны Сярожа. І гэта быў ня брэх, а нейкая лаянка. Заўжды згаслыя Сярожавы вочы напоўнiлiся злосьцю. Сябры па-змоўнiцку сышлi ў блiжэйшы лес. Паказалася гэтая пара пад вечар. Высока задраўшы свой шалом, iшоў Жэнiк, за iм трыюмфальна тупаў сябра. У Сярожавых зубах была няшчасная, нежывая вавёрка. Усе малалетнiя хулiганы былi ў захапленьні.

На цэлы дзень мой двор быў выключаны з палiтычнага цi якога iншага працэсу. Людзi забылiся на Лукашэнку й Чыгіра, на Расею й НАТА, на iнтэграцыю й дэнамiнацыю. Дый на самiх сябе таксама. Мне цяжка нават уявiць, што магло б адцягнуць iхную ўвагу ад забутляванага Жэнiка i ад гераiчнага Сярожы.

Жэнiк па-ранейшаму бегае ў сваёй бутэльцы. Двор прызвычаiўся.

Двор абмяркоўвае, цi не спэцыяльна Ельцын захварэў, «каб нас ня ўзяць у Расею» i калi «пабядзяць чачэнаў». Адзiны, хто маўчыць — гэта Сярожа. Робіцца ўражаньне, што ён самы разумны ў двары. А можа i ня толькi ў двары.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0