жыдоўскі нумар “НН”

 

Сяргей Харэўскі

Перакрэсьленая цывілізацыя

 

Колькасьць жыдоўскага насельніцтва ў Беларусі расла да апошняй вайны. У Менску і ў Вільні іх было па 43 працэнты, у некаторых мястэчках і таго болей.

У 1918 годзе, калі стваралася Беларуская Народная Рэспубліка, беларушчына з жыдоўствам ішлі поруч. І першая і другая Ўстаўныя Граматы БНР дэкляравалі роўнасьць усіх народаў і моваў. У адказ на гэта жыдоўская фракцыя Менскай гарадзкой Думы заявіла пра падтрымку беларусаў, пра ўдзел у стварэньні БНР і выдаткаваньне грошай на беларускія справы.

І ў БССР ад пачатку ўлады таксама прыхільна ставіліся да жыдоўства, ствараючы прэсу, школы, тэатры. На гербе БССР быў зроблены надпіс на ідыш. Невыпадкова таму жыды ў большасьці засталіся тут. Калі ж запрацавалі сапраўдныя мэханізмы бальшавізму, уцякаць ім ужо не было куды й не было як. Ва Ўсходняй Беларусі ў 1939 годзе налічвалася крыху больш за 400 тысячаў жыдоў, альбо 8 з паловай працэнтаў ўсяго насельніцтва БССР. І гэта была самая шматлікая нацыя пасьля беларусаў.

Блізу таго склалася сытуацыя і ў Заходняй Беларусі. Але... У тым самым 39-м годзе сюды з Польшчы хлынула шмат уцекачоў, якія ратаваліся ад немцаў. Колькасьць жыдоў у Беларусі перавысіла мільён чалавек...

Заходнебеларускія мястэчкі былі літаральна перапоўненыя гэтымі людзямі. Яны жылі нават у сынагогах. Як польскія грамадзяне яны, часьцяком не трапляючы ў савецкую статыстыку, траплялі ў савецкія лягеры. Тыя ж, хто застаўся тут, застаўся назаўсёды. У магілах. Гэтак нямецкія нацысты перакрэсьлілі цывілізацыю, што праіснавала ў нас паўтысячы гадоў, стаўшы неад’емнай часткаю беларускасьці. Зусім няшмат беларускіх жыдоў былі эвакуяваныя ў глыбіні савецкае Эўразіі. Тых, хто вярнуўся сюды па вайне, быў мізэр. Людзі не хацелі вяртацца ў вусьцішныя ўспаміны. Таму па вайне ў Беларусі зьявіліся жыды з Украіны, Расеі, Прыбалтыкі. Адначасова з колькаснымі адбыліся й зьмены якасныя. Паваенныя жыды былі ўжо часткаю савецкае інтэлігенцыі. У 1959 годзе жыдоў у БССР стала 150 тысячаў чалавек. Гэта была самая вялікая паваенная лічба. Бо пачынаючы з 70-х, спачатку павольна, а пасьля ўсё больш хутка, яны пачалі пакідаць Беларусь, ад’яжджаючы цяпер з краіны саветаў у вольны сьвет. Напрадвесьні беларускае незалежнасьці, у 1989 годзе, іх у нас было ўжо 112 тысячаў, у два разы менш нават за ўкраінцаў.

Незалежнасьць Беларусі не прынесла чаканага жыдоўскага адраджэньня. Гэтым разам іх пагнала з нашае краіны ўсё разам — радыяцыя, эканамічны крызыс і... доўгачаканая свабода выбару. Ужо сёньня дэмографы й сацыёлягі прагназуюць, што жыдоў у Беларусі засталося блізу 30 тысячаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0