Андрэй ДЫНЬКО

Беларусы і жыды ў паралельным вымярэньні

 

Беларускае зямляцтва ў Ізраілі мае 25 філіяў у розных гарадах. Яно больш шматлікае, чым грамада жыдоўская тут. Сярод кіраўнікоў філіяў ёсьць людзі з такімі беларускімі прозьвішчамі як Казінец, Камісарчык, Пернікаў. Усё ж большасьць сяброў зямляцтва, як і большасьць тых, што засталіся тут, цяжка назваць жыдамі беларускімі. Беларускіх выбілі ў вайну, а гэтыя прыехалі сюды пасьля вайны, і іхная беларускасьць ня большая, чым «адэскасьць» адэскіх ці «крымскасьць» крымскіх. Таму й не трымаюць іх у Беларусі ні магілы дзядоў, ні жахі мінулага. Хоць можа засталіся самыя нашы, самыя нязводныя?

У Віцебску выдаецца цудоўны часопіс «Мішпаха», у якім друкуюцца беларускія жыдоўскія інтэлектуалы ад патрыярха літаратуры на ідыш Гірша Рэлеса да Яфіма Гольбы, што даўно жыве за морам. Рэдакцыя «Мішпахі» знаходзіцца на вуліцы Калгаснай 6, і ў гэтым ёсьць свой цымес.

Беларуская жыдоўская грамадка жыве незаўважным чужому воку паралельным жыцьцём: у Гомелі праводзіцца Фэстываль інтэлектуальных і спартовых гульняў, у Віцебску — Фэстываль клюбаў моладзі «Пурымшпіль» (і, дарэчы, у ягоных рамках конкурсы «міс Эстэр» і «містэр Мардэхай»), Менскае аб’яднаньне жыдоўскай культуры, найдаўнейшая суполка жыдоўскай інтэлігенцыі, папаўняе бібліятэку імя Ізі Харыка, “Алія” рыхтуецца ў 15 ульпанах па вывучэньні габрэйскай, у жаночым клюбе «Тэйглах» навучаюць кашэрнаму харчаваньню (увага: хлеб хлебазаводу нумар 3 гатункаў «Барадзінскі», «Раўбіцкі», «Сьвіслацкі» кашэрны!). Артадаксальныя юдэі злучаныя ў 16 грамадаў, прагрэсіўныя — у 13, менская грамада прагрэсіўных і выдае самую цікавую — як для чалавека, што есьць некашэрнае, — з жыдоўскіх газэтаў Беларусі — «Мэзузу» накладам 299 ас. «Мэзуза» мае дадаткі: эмігранцкі «Бэцаўта—Вместе» і літарацкі «Давар—Слова». У краіне выходзяць таксама месячнік «Друзья Хаверім» накладам 3000, «Авіў-Вясна» накладам 2000 і «Берега» накладам цэлых 5000. І ўсе яны друкуюцца ў «Мэджыку», дзе й незалежныя беларускія выданьні. Мы разам.

Леў Талстой пісаў: «Жыд вечны, ён увасабленьне вечнасьці». І тое, што жыдоў так паменела ў Беларусі, дык гэта з той прычыны, што ў нашым жыцьці і паветры паменела вечнасьці — у гэтым корань нашай бяды. У нас паменела, а ў Ізраілі прыбавілася.

За жыдоў, што займелі свой Ізраіль, і за Ізраіль, што займеў нашых жыдоў, можна пацешыцца. Ізраільскія дэсантнікі й танкісты даюць клятву на гары Масадзе, дзе ў старыя часы стаяла крэпасьць, абаронцы якой зрабілі сабе сьмерць, каб ня трапіць у рукі рымлянаў. Яны клянуцца словамі «Масада болей не ўпадзе ніколі». Наяўнасьць свайго дому Ізраіля, сваёй паўнавартаснай дзяржавы, цалкам зьмяняе нацыянальную ідэнтычнасьць і нават мэнтальнасьць жыдоўскага народу. Ізраільскія жыды — гэта ўжо ня той расьсеяны па сьвеце народ, які, будучы маргіналізаваным сацыяльна і вечна фрустраваным маральна, выплёскваў усю сваю энэргію ў мастацкую творчасьць. Гэта больш не слабасільны народ скрыпачоў, шахматыстаў і артыстаў.

Беларусы ня маюць такой традыцыі, як жыды, і спадзявацца, што беларуская мова паўторыць лёс габрэйскай, не выпадае. Нельга дапускацца, каб яна зьнікла.

І калі б нашы жаўнеры кляліся словамі «Хатынь болей не згарыць», гэта б толькі растроўлівала сьвежыя раны і замацоўвала наш комплекс ахвяры. Іншы шлях чакае нас.

Жыцьцё беларускай культуры для большасьці насельнікаў краіны таксама праходзіць незаўважна, у далёкім паралельным вымярэньні. Толькі жыды жывуць тут ва ўнутранай эміграцыі, ведаючы, што недзе ёсьць айчына, якую яны «адзыскалі», а мы застаемся невядомымі на «нашай не сваёй» зямлі.

Жыды пабудавалі дзяржаву, грунтуючы сваю саматоеснасьць на мінулым. Наша мінулае не такое велічнае. Новая беларуская саматоеснасьць грунтуецца хутчэй на супольнай мэце ў будучыні, на веры ў нашу Новую Зямлю ў Новай Эўропе.

Сьвежы нумар газэты «Берега» паведамляе, што прайшлі перамовы з кіраўнікамі шэрагу калгасаў Беларусі наконт набыцьця збожжа для выпечкі «мацы-шмура», вытворчасьць якой плянуецца пачаць ужо ў студзені ў пушчаным летась у ход цэху па выпечцы мацы, які адпавядае ўсім нормам кашруту. Жывуць!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0