Радзіма чалавека, які адрадзіў мову

Імя Язэпа Драздовіча вярталася беларусам марудна й пакутліва. Толькі ў другой палове 80-х яно стала здабыткам нашае нацыі ў сваім натуральным і справядлівым кантэксьце. Цяпер тапаграфія Драздовіча добра вядомая: Дзісеншчына, ваколіцы Шаркоўшчыны й Глыбокага, Германавічы й Лужкі. У Лужках, адным з найбольш ацалелых мястэчак гэтага краю, ёсьць і музэй імя Язэпа Драздовіча, адзіны пакуль у нашай краіне.

Гэтак Лужкі сталі месцам памяці пра славутага беларускага мастака.

Аднак для іншага народу, для жыдоў, гэтае мястэчка славутае зусім іншым імём. Імя гэтае ведае, бадай кожны жыд у сьвеце. Гэта Элі Пэральман, альбо Элізэр Бэн-Егуда, як называюць яго па-габрайску. І менавіта ён, адзін з народжаных у нашым краі, у краі, гэтак добра зразумелым беларусам, адрадзіў адну са старэйшых моваў сьвету, мову Старога Запавету. Гэтая мова загучала цяпер па ўсім сьвеце, стала дзяржаўнаю ў Ізраілі. Мова малаўцямных малітваў, мова Сьвятога Пісьма, на якой у пачатку нашага стагодзьдзя ніхто ня мог весьці жывую гутарку. І яна, мова, зажыла... Дзякуючы нашаму земляку-летуценьніку з Лужкоў.

Сёньня ў Лужках не знайсьці нашчадкаў ані сваякаў Элі Пэральмана. Адзіная кволая повязь, што лучыла гэтую зямлю зь небам, таксама перарваная. У 1973 годе тутэйшы аграном Новік загадаў зрыць бульдозэрам старасьвецкія жыдоўскія могілкі. Нагробкі пакідалі ў ручай. Цяпер на гэтым месцы ўзыходзіць рунь...

Хоць ацалела тут школа, дакладней, сьцены тае школы, у якую хадзіў Элі Пэральман. Далей ягоныя вучнёўскія шляхі пралеглі праз Полацак, Глыбокае, Дзьвінск, а пасьля быў Парыж. Аднак сьцены тае жыдоўскае школы, густа зарослыя быльнягом ды крапіваю, пакуль стаяць над стромкім раўчуком, дзе бруіць рака. Кажуць, што праз пару гадоў гэтыя сьцены ўваляцца ўсё ж у ваду. Рака падмывае бераг.

А ў далёкім Ізраілі, нат у Ерусаліме, імем Элі Пэральмана названыя вуліцы й плошчы. Ягонае імя вымаўляюць там амаль як імя прарока.

Тым самым Драздовіцкім музэем у Лужках апякуецца ад самага пачатку Ада Райчонак, жанчына, у лёсе якое, нібы ў кроплі дзісенскае вады, адлюстраваўся лёс даваенных местачкоўцаў. Яе бацька, цёзка Пэральмана, Элі, быў жыдам, а маці — беларускаю. Бадай, толькі маці й здолела б распавесьці, якім цудам яна ўратавала ў вайну дачку. Толькі Ада Элеўна можа цяпер распавесьці, як яна здолела стварыць і захаваць у Лужках музэй беларускага генія Язэпа Драздовіча. Аднаго разу на краязнаўчых «Браслаўскіх чытаньнях» я пазнаёміўся з гэтаю жанчынаю. Спадарыня Райчонак прызналася мне, пасьля двух дзён знаёмства, што яе мараю ёсьць зьнесьмяроціць у Лужках памяць пра Элі Пэральмана. Для яе — гэта абавязак перад памяцьцю пра бацьку, што загінуў у вайну. Бо ж для беларусаў яна зрабіла, што магла — музэй імя Драздовіча. Выдатны музэй. А яшчэ яна перадавала прывітаньні сваім знаёмым у Вільні, асабліва Лявону Луцкевічу... Счакаўшы, напісала яму ліст, які я перадаў пасьля дзядзьку Лявону. Даўно гэта было. Няма ўжо й спадара Луцкевіча.

А і дасёньня ў Лужках нішто не прамаўляе нам пра Элі Пэральмана, чалавека, што адрадзіў мову...

С.Х.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0