Яшчэ не сарваная кветка

Паводле папярэдніх зьвестак перапісу, на сёньня ў Беларусі засталося 30 тысяч жыдоў

Вось як камэнтуюць зьвесткі перапісу прадстаўнікі інтэлігенцыі. Цікава, што паэт, які піша на ідыш, не захацеў, каб мы падавалі ягонае імя.

 

Эмануіл Іофэ, гісторык:

Ня можа быць, такія рэчы! Што, Вы ўжо правялі перапіс і падcумавалі вынікі? Я спэцыяльна займаўся гэтай праблемай і магу з упэўненасьцю сказаць, што толькі ў Менску жывуць блізу 30 тысячаў габрэяў. Яшчэ нашая нацыя мае найвялікшы адсотак зьмяшаных шлюбаў, і няпашпартных габрэяў, па маіх падліках, у Беларусі налічваецца ад 25 да 30 тысячаў.

 

Вядомы жыдоўскі паэт:

На жаль, у Беларусі габрэяў сапраўды засталося вельмі і вельмі мала. Дый тыя, хто застаўся, у большасьці сваёй — маласьвядомыя. Наш народ не карыстаецца сваёй роднай мовай — ідыш, ня ведае і габрэйскай. Да таго ж, моцныя асыміляцыйныя працэсы адбываюцца празь зьмяшаныя шлюбы. А ад ад’езду ў Ізраэль тысячаў габрэяў Беларусь губляе шмат, бо зьяжджаюць лепшыя, зьяжджае моладзь. І мне б хацелася туды зьезьдзіць, але каб заставацца тамака назаўжды на старасьці гадоў… Я — сьвядомы габрэй, юдаіст, але Беларусь для мяне — сапраўдная Радзіма: тут жывуць мае сябры, я люблю беларускую прыроду. Увогуле, для шмат каго з нас «голас» («выгнаньне») стаўся радзімай.

 

Рыгор Барадулін, паэт:

Я нарадзіўся ў невялікім мястэчку, дзе да вайны сярод беларусаў жыло шмат габрэяў, якія былі найлепшымі цырульнікамі, шаўцамі, краўцамі. І калі трэба было выбіраць, да якога майстры ісьці, большасьць ішла не да беларуса, а менавіта да габрэя. Пасьля вялікая частка зь іх была зьнішчаная пад час вайны, шмат хто быў асыміляваны.

Губляючы габрэйства, Беларусь губляе вялізны пласт культуры, іхную своеасаблівую падсьветку мудрасьці, самаіронію. Наша краіна — гэта луг, дзе расьце багата кветак розных колераў: татары, ліцьвякі, палякі… І габрэі, урэшце. Калі Калі зьнікне габрэйскі профіль, луг ужо ня будзе такім, як быў калісь, згубіць сваю красу.

Юнаком я прыехаў у Менск, у якім тады яшчэ існаваў моцны габрэйскі элемэнт. Зараз, калі іхная колькасьць значна зьменшылася, адчуваецца нейкая пустэча. Тое, як Беларусь узьдзейнічала на габрэяў, можна пабачыць на прыкладзе Зьмітрака Бядулі, прачытаць у ягонай кніжцы «Жыды на Беларусі», дзе ён наракаў тым сваім аднапляменьнікам, якія ня сталі на бок беларускага адраджэньня. А што адбываецца з тымі, хто рэпатрыяваўся? З «жыдоўскіх мордаў» яны ў Ізраілі часьцяком ператвараюцца ў «морды рускаязычныя». Нават якія мараканскія жыды глядзяць на нашых былых суайчыньнікаў з пагардай. Можа існуе надзея, што частка ўсё ж застанецца.

 

Яўген Рабіновіч, журналіст:

Па-першае, каб даць нейкі камэнтар адносна невялікай колькасьці пазасталых габрэяў, я мушу мець інфармацыю і па іншых нацыянальнасьцях, прааналізаваць агульную карціну, каб пабачыць, ці адмова габрэйскага насельніцтва ад сваёй нацыянальнай прыналежнасьці зьяўляецца чымсьці арыгінальным. Цікава, а колькі палякаў, украінцаў ды беларусаў выракліся сваёй нацыянальнасьці? Мы мусім спачатку правесьці аналіз узроўню самасьвядомасьці ўсёй беларускае нацыі, каб пасьля рабіць нейкія канкрэтныя высновы. У гэтым пытаньні я ў нечым падтрымліваю сіяністаў, якія напрыканцы мінулага стагодзьдзя, у адрозьненьне ад габрэяў, што актыўна бралі ўдзел у сусьветным рэвалюцыйным працэсе, заявілі: «Сьвет іншы, але іншыя і мы. І мы вінаватыя ў гэтым: недапрацавалі». А ў пытаньні наконт эміграцыі я б казаў найперш не аб стратах Беларусі, а аб ейных набытках. Краіна набывае новых сяброў за мяжой, бо ў большасьці з тых, хто зьяжджае, застаюцца выключна добрыя ўспаміны аб Беларусі. А губляе ў першую чаргу культура. Хоць эміграцыя — заканамерны працэс. Гісторыя габрэйскай дыяспары заўсёды была гісторыяй цэнтраў, якія ўвесь час зьмяняюцца. Спачатку быў Бабілён, пасьля Александрыя, дзе іх усіх вынішчылі. Была калісь духоўным габрэйскім цэнтрам і Беларусь, і Польшча. Але ж гэткая ўжо гісторыя.

Апытваў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0