Чужая бацькаўшчына беларускага кіно

 

Нядаўна на ОРТ паказалі аўтарскую вэрсію карціны «Мяне завуць Арлекіна» беларускага рэжысэра Валер’я Рыбарава. За гэта рэжысэр атрымаў афіцыйны ганарар у памеры 54-х расейскіх рублёў (каля 2 даляраў).

Такое стаўленьне да беларускай культуры. Якасьць копіі таксама выклікала жах. 45 хвілінаў павінна было працягвацца інтэрвію з Рыбаравым і з аўтарам сцэнару Юр’ем Шчакаціхіным, але яго скарацілі да 5 хвілінаў.

Ды самае непрыемнае тое, што гэтак жа ўспрымаюць беларускі кінэматограф і некаторыя суайчыньнікі.

Сп.Валеры ўспамнае, зь якімі цяжкасьцямі пры канцы 70-х ён здымаў свой першы твор — 20-хвілінную карціну «Жывы зрэз»: «Я прынёс на студыю сцэнар. Рэдактар прачытаў першую старонку, маркотна паўтарыў уголас «Заходняя Беларусь», «1946 год», каталіцкія імёны герояў і выйшаў у суседні пакой. Ну ўсё, думаю, сцэнар ня пройдзе. Выходзіць старшыня Дзяржкіно Паўлёнак і кажа: «Какая Западная Белоруссия? Какой Стась? Вам же сказано: действие происходит в сибирской деревне!»

Тое самае і з карцінаю «Чужая бацькаўшчына». Дырэктар студыі «Беларусьфільм» Пашкевіч адразу безапэляцыйна заявіў: «Фільм будзеце здымаць па-за часам і прастораю». Рыбараву давялося доўга тлумачыць Пашкевічу, што немагчыма стварыць фільм паводле Вячаслава Адамчыка па-за часам і прастораю. «Нават краявід сьведчыў бы аб тым, што ўсё адбываецца ў Заходняй Беларусі — лясы, балоты, там-сям гарызонт разразае вежа касьцёлу, вузкія завулкі й чарапічныя дахі дамоў у гарадох...»

Потым узьніклі лінгвістычныя праблемы. «Чужую бацькаўшчыну» меліся здымаць цалкам па-беларуску. Але выканаўцы галоўных роляў па-беларуску маглі гаварыць толькі з паперкі. Уладзімера Гасьцюхіна навучаў размаўляць па-беларуску Анатоль Сідарэвіч (Сідарэвіч таксама здымаўся ў другой паўнамэтражнай карціне Рыбарава, у «Сьведку»). «Лінгвісты» зь Дзяржкіно пераклалі назву фільму на расейскую мову як «Чужая вотчина». Гэты пераклад гучыць, як «Чужой огород» — сказаў пасьля Рыбараў.

І «Чужая бацькаўшчына», і «Сьведка» здымаліся з актыўным удзелам непрафэсійных актораў — жыхароў Дзятлаўшчыны й Парэчча, якія размаўлялі па-мясцоваму. Сцэны здымаліся ў сапраўдных сялянскіх хатах. Асабліва вылучаецца пэрсанаж усіх фільмаў Валер’я — Стась. Гэты чалавек выконваў ролю самога сябе. Станіслаў Пшаўлоцкі быў грузчыкам у Лагойску. Вельмі здаровы, моцны, але выключнай памяркоўнасьці чалавек; увесну ён жыў на вуліцы, бо падлогу ягонае хаты затапляла вадою. Ён пісаў вершы на беларускай мове й чытаў іх грузчыкам. Гэтыя вершы й гучаць у фільмах.

Аднойчы Стась прысутнічаў на творчым вечары Максіма Танка. Пасьля таго, як Танк скончыў чытаць свае вершы, Стась узьняўся з крэсла й сказаў: «Ведаеце, мне тут сказалі, што танк прыедзе. Які ж вы танк? Танкетка вы!»

Юры Шчакаціхін, аўтар пачатковага сцэнару «Мяне завуць Арлекіна» плянаваў, што падзеі фільму будуць адбывацца ў Маскве. Але Рыбараў зьняў фільм у Парэччы, мястэчку зь непаўторным заходнебеларускім калярытам. З боку Дзяржкіно адразу ўзьніклі пытаньні: чаму? Што гэта ўсё значыць? Навошта тут Стась? Чаму вершы на беларускай мове? У выніку зь фільму выразалі частку эпізодаў, напрыклад, дыялёг Арлекіна з хіпі, дзе той кажа: «А калі ўсе будуць крычаць «Хайль Гітлер», ты таксама будзеш крычаць?»

«Арлекіна» стаў самай касавай карцінаю беларускага кінэматографу. А «Чужую бацькаўшчыну» ня хочуць заўважаць дацяпер. Два фільмы, якія Рыбараў ужо пачаў здымаць на «Беларусьфільме», былі закрытыя: «Голас крыві брата твайго» (паводле Адамчыка) і «Ў пошуках бацькі». Беларускі нацыянальны кінэматограф пастаўлены ў такія ўмовы, у якіх нацыянальныя матывы хутка зьвядуцца да скокаў Лявоніхі, вышытых кашуляў і кабетаў з паставамі балерыны ў нацыянальным адзеньні, празь якое прасьвечвае нэйлёнавая бялізна — як гэта было ў «Людзях на балоце», калі ад Мележа пакінулі толькі «шкілет».

Раман Мамчыц


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0