Сартр і Бавуар у Літве

 

Францускі культурны цэнтар упершыню экспануюе здымкі, што асьвятляюць некалькі дзён з жыцьця францускага пісьменьніка Жан-Поля Сартра (1905—1980) і ягонай жонкі Сымоны дэ Бавуар.

У 1965 годзе нікому не вядомы 26-гадовы фатограф Антанас Суткус, дзякуючы шчасьліваму выпадку, атрымаў рэдкую магчымасьць суправаджаць францускага творцу, які наведваў Савецкі Саюз, у прыватнасьці, Ніду на Курскай касе ў Літве.

Напачатку Віленскі аэрапорт, пасьля Паланга і Коўна.

Ціхая паездка, амаль інкогніта, без сустрэчаў і акцыяў. Адмаўленьне прысутнічае скрозь — ні вочы, ні рухі, ні гэсты, нішто ня сьведчыць аб кантакце француза з навакольлем, ён знаходзіцца сам у сабе, застаецца за тоўстымі шкельцамі ўласных акуляраў і папяросным дымам. Самотны крук — постаць на тле пясчанай дзюны рушыць за небасхіл, стомлены Сартр прысеў на пясок, здымае абутак, задуменна гледзячы ўдалячынь, паліць, вось хвіліна адпачынку ў кавярні, усьмешка Сымоны дэ Бавуар. Чорна-белыя адбіткі сьветапісу, нібы ілюстрацыі да твораў самога Сартра. Здымкі замаруджаныя, ціхія, нават інтымныя, іхнае сузіраньне патрабуе ад гледача запаволіцца, кожная дэталь і рух патрабуе ўвагі. Няма інсцэнізацыі, гэта жывыя моманты аднаго летняга тыдня.

Жан-Поль Сартр не разумеў, што яго здымаюць, і ў перадапошні вечар спытаўся ў Суткуса, што ён піша: паэзію ці прозу?

Дзяніс Раманюк


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0