Хроніка сьвядомага генацыду

Большую частку расейцаў ап’яніў пах чачэнскай крыві. І толькі невялікая частка маланакладнай прэсы сваёй сумленнай пазыцыяй абараняе гонар расейскай інтэлігенцыі, пратэстуючы супраць генацыду. Гэты артыкул адмыслова для “Нашай Нівы” падрыхтавалі журналісты з маскоўскай “Новай газэты” Раман Мамчыц (Менск) і Ганна Паліткоўская (Інгушэція—Масква).

Прычыны другой чачэнскай вайны — у асаблівасьцях палітычнай сытуацыі ў Расеі. Першая вайна была патрэбная перад выбарчай кампаніяй Ельцына на другі тэрмін. Гэтая вайна патрэбна для ўзьняцьця рэйтынгу прэм’ера Пуціна. Да таго ж яна дае магчымасьць генэралітэту, які прайграў аўганскую й першую чачэнскую войны, узяць рэванш і рэабілітавацца. Для ВПК вайна — шанец атрымаць грошы й замовы. Для крамлёўскіх і думскіх палітыкаў вайна патрэбная, каб адцягнуць грамадзкую ўвагу ад скандалаў, зьвязаных з карупцыяй.

Першая чачэнская вайна каштавала, па розных падліках, ад 100 да 130 тыс. жыцьцяў. Яшчэ больш за 1500 чалавек зьніклі бязь вестак пры “зачыстках” і ў фільтрацыйных лягерах. Іх лёс дацяпер невядомы. Былі цалкам зруйнаваныя ўсе гарады й буйныя сёлы Чачэніі. Аднаўленьне жытлаў Чачэнія ажыцьцяўляла без дапамогі Расеі. Аднавілі. І вось — зноў.

Вайна з падазрона невядомымі тэрарыстамі, якія арганізавалі выбухі ў Маскве, ператварылася ў новую вайну з чачэнскім народам. Калі Чачэнія — гэта Расея, дык Масква зьнішчае ўласны народ.

Прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі Аслан Масхадаў у сваім лісьце да Папы Рымскага Яна Паўла ІІ яшчэ 29 кастрычніка пісаў, што ад бамбаваньня і абстрэлаў загінулі 3600 чалавек, пераважна жанчыны й дзеці. Чаго варты толькі абстрэл ракетамі рынку ў Грозным і радзільнага дому, калі ахвярамі сталі больш за 150 чалавек, у тым ліку 13 немаўлятаў.

Карэспандэнтка “Новай газэты” пабывала на гэтай вайне.

...“Траса” Растоў-Баку. Нейкія людзі ў камуфляжы й без пагонаў займаюць частку інгускай тэрыторыі, ставяць міны на ўзбочыне, пасьля абцягваюць дарогу калючым дротам. Над калёнаю ўцекачоў, якія марудна цягнуцца па шашы, лунае афіцэрскі голас, запісаны на магнітафон і ўзмоцнены мэгафонам: “Ва ўсім вінаватыя цывільныя ўлады. Камандаваньне КПП заклікае захоўваць спакой... Дарога справа і зьлева замінаваная... Не дапускайце несанкцыяванага пераходу...” Танкі пэрыядычна наводзяць вежы на натоўп жанчын і дзяцей.

...Іншы дзень. Камэндант КПП “Каўказ” палкоўнік Анатоль Хрулёў закрывае пераход уцекачоў праз чачэнска-інгускую мяжу. Асноўная тэза палкоўніка, якую ён адкрыта выказвае перад натоўпам — “Я ім ня дам размнажацца!” Ім — гэта чачэнцам і інгушам. Голас палкоўніка гучыць пад акампанэмэнт “градавых” удараў па Сернаводзку. А 15.10 усе прысутныя могуць назіраць, як перастаў існаваць лазьневы корпус былога сернаводзкага курорту.

Калі пад’ехалі карэспандэнты з тэлекамэрамі, Хрулёў пасадзіў апэратараў на БТР і пры камэрах перавёз пэўную колькасьць хворых, параненых і цяжарных жанчын. Зьехалі камэры — перавоз спыніўся.

...Яшчэ адно назіраньне. Для ўцекачоў прывезьлі і паставілі 95 “лужкоўскіх вагончыкаў”. Засяліць нікога не пасьпелі. Вайскоўцы спачатку занялі вагончыкі пад зімовы стан, потым сталі паціху цягнуць стуль калярыфэры, шафы, шчыты для будоўлі вулічных прыбіральняў.

...Цяпер у Чачэніі й Інгушэціі больш за ўсё баяцца патрапіць пад руку п’яному альбо “ўспыханаму” салдату — гэта гамон. Гарэлку тут п’юць ужо з раніцы, асабліва кантрактнікі. Некаторыя зь іх наўмысна расстрэльвалі з вэрталётаў трасу Растоў—Баку, па якой перасоўваюцца ўцекачы, заходзячы на другое, трэцяе кола, калі бачылі, што яшчэ хтосьці варушыцца.

...Ася Астамірава, 28-гадовая жыхарка селішча Катыр-Юрт Ачхой-Мартанскага раёну, дацяпер знаходзіцца ў шоку. 16 лістапада яна павезла на хаўтуры дамоў цела свайго мужа Аслана, які сканаў у той дзень у сунжанскім шпіталі ад ранаў, атрыманых пры абстрэле. Разам зь ёю машынаю ехалі яе дзеці — 6-гадовы Асланбек і 2-гадовы Саламбек. У другой машыне — сястра нябожчыка Ася Оева, маці двох дзяцей, і два іх дзядзькі. На блок-посьце паміж Ачхой-Мартанам і Катыр-Юртам іх спынілі і, не прамовіўшы ані слова, сталі страляць па машынах. Ася разам зь дзецьмі выскачыла з машыны й залямантавала: “Ратуйце, дзеля Алаха!” Кантрактнікі з банданамі на тварах крыкнулі ёй: “Алаха няма, чачэнская б... Табе канец!” І далі па ёй чаргу. Асланбек страціў прытомнасьць. Саламбек крычаў — Ася бачыла, як гарыць машына зь целам яе мужа. Самае неймавернае — тое, што выратавалі параненых Асю й дзяцей таксама расейскія салдаты. Знайшліся ўсё ж нармальныя людзі, якія на БТРы адвезьлі іх у шпіталь.

Гэта Чачэнія. Гэта Вайна.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0