Паштовая скрынка

 

Сяргею М. зь Пецярбургу. Бязногія дэсантнікі, вэтэраны чачэнскай вайны, што трымаюць шапку ў пераходах, — тое, на жаль, нямногае, што адрозьнівае нашае гарадзкое асяродзьдзе ад расейскага.

Алесю А. з Полацку. Ня можам тут з Вамі пагадзіцца. Натуральна, што выданьні, якія выходзяць вялікімі накладамі і рэгулярна, цешацца большай вядомасьцю й папулярнасьцю, а таксама выклікаюць большы розгалас у прэсе, чым выданьні-акцыі, што публікуюцца накладам у пару соцень асобнікаў і прадаюцца толькі на прэзэнтацыях. Дый функцыя апошніх іншая, хоць і ня менш пачэсная і цяжкая. Поўная роўнасьць бывае толькі на могілках, а заўсёды хваляць толькі мёртвых. Пра эліту: эліта не бывае самаабвешчанай. Ад самазванства яе засьцерагае мэханізм грамадзкага прызнаньня і легітымацыі. Пра часопіс “Nihil”: мы пра яго не пісалі, бо ён пакуль ня здаўся цікавы ніводнаму з нашых крытыкаў. Пра “Фрагмэнты—Культуру”: пра іх мала пісалі, бо яны нідзе не прадаваліся і іх ніхто ня бачыў. Ня ўсё тое, што пачынаецца з апісаньня прыроды — проза. Ня ўсе тыя, хто ўжывае слова “сымулякры” — інтэлектуалы. Пра дасягненьні 10 апошніх гадоў: маем незалежныя партыі, прафсаюзы, спартыўна-вайсковыя клюбы, газэты, часопісы, выдавецтвы, новыя асяродкі за мяжой, інфармацыйныя і рэсурсныя цэнтры ў краіне і за мяжой. Чаго ж яшчэ хочацца Вам?

Б.Г. Мяняць правапісную традыцыю і цяжка, і рэдка калі бывае апраўдана — старыны ня рушыць! Традыцыйная сыстэма добрая ўжо тым, што яе ўсе ведаюць. Пра напісаньне іншамоўных уласных імёнаў: на беларускай лацінцы гэта рабіць прасьцей. Знаходзіць жа дакладныя кірылічныя адпаведнікі складана: скажам, назва францускага гораду Сэнт-Эт’ен лепш пісаць праз апостраф, чым “Сэнт-Этьен” празь мяккі знак, як Вы прапануеце, яшчэ й дзеля таго, што першае напісаньне лепш перадае францускае вымаўленьне (у францускай мове няма мяккіх зычных). Мовазнаўцы цяпер, дарэчы, якраз сканчаюць распрацоўку абноўленых нормаў клясычнага правапісу. Так што з Вашымі прапановамі зьвярніцеся, калі ласка, да групы сп.Вячоркі. Ведаеце, мы тут у Беларусі надаем зашмат увагі пытаньням правапісу — гэтым мы нібы расьпісваемся ў недафармаванасьці беларускай нацыі. Трэба гэта пераадольваць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0