менскія нетры

Мэтро бяз выхаду

 

Калі стаць увечары, каля дзявятае гадзіны, на скрыжаваньні К.Маркса і Ф.Энгельса і паназіраць за тлумам, што валам валіць з Купалаўскага пасьля чарговае прэм’еры, адразу кінецца ў вочы неаднароднасьць ягонае структуры натоўпу, а дакладней — надзвычай яскравы падзел на тутэйшых і нетутэйшых. Нетутэйшыя хуценька (мароз на вуліцы!) перабягаюць дарогу і кіруюцца да ўваходу ў «Купалаўскую», што якраз насупраць аднайменнага тэатру, і праз пару хвілінаў, змарнаваных на безвыніковае торганьне вялікіх празрыстых дзьвярэй з надпісам «Уваход», панура выходзяць і брыдуць да праспэкту, каб дзясятай дарогай усё ж трапіць на вышэйзгаданую станцыю. Прычым, што характэрна, ніводзін з абарыгенаў, паводле старажытнага беларускага звычаю, не папярэдзіць недарэку-правінцыяла, што вось ужо колькі гадоў пасьля «дваццаці нуль-нуль» з «Купалаўскай» на скрыжаваньне камуністычнае ідэі з нацыянальнай драмай можна выйсьці толькі цераз «трубу». І назад таксама.

Канечне, людзі нямудрыя абураюцца, крычаць, што так быць не павінна, патрабуюць адпаведных дзеяньняў ад гарадзкіх уладаў, патэтычна пытаюцца, каму патрэбная ўначы ваша прэзыдэнцкая рэзыдэнцыя. Філёзафы ж толькі вітаюць такое разумнае і дальнабачнае рашэньне. Бо невялікі шпацыр і сьвежае паветра нашмат лепей спрыяюць асэнсаваньню і засваеньню даробку сусьветнае драматургіі, чым тлум і духата мэтро, а лесьвіца — замест эскалятара — дабратворна ўплывае на сэрца і цягліцы ног. Відавочна, тут не абышлося без адпаведных рэкамэндацыяў як Міністэрства культуры, так і Міністэрства спорту і турызму, згодна зь якімі і было ўчыненае гэтае «асьцярожна, дзьверы зачыняюцца!»

Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0