Не мядзьведзю, дык яблыку

Калі назіраеш за Расеяй, традыцыйна хочацца ўзьвесьці Вялікі Беларускі Мур уздоўж усходняй мяжы.

 

Увогуле, карысьць ад веданьня раскладу сілаў на схадняку варожага абшчаку невялікая, бо, прыкладам, дамову аб саюзнай дзяржаве Дума ратыфікуе ў любым выпадку. Нашмат цікавейшым у практычным пляне падаецца расейскі досьвед перадвыбарчай агітацыі ды замбаваньня электарату, бо ў нас на носе вісяць собскія выбары.

«Маскі-шоў» былі б, пэўне, найтрапнейшым эпітэтам для расейскай выбарчай кампаніі. А яшчэ напрошваецца слова «бруд». Думаю, ня трэба даводзіць, што галоўным стваральнікам настрояў электарату пакуль што зьяўляецца тэлебачаньне: менавіта ягоны вобраз кандыдатаў — уперамешку з кадрамі крымінальнай кронікі ды бразыльскімі сэрыяламі — і вызначае рашэньне якога кастрамскога булдоса ці іванаўскай ткачыхі галасаваць за Вольфавіча ці мэра Лужкоў з анэкдоту.

Дзеля дасягненьня перамогі былі ўжытыя шмат разоў бітыя карты краплёнай расейскай калоды: беларускае пытаньне (гараваньні па разарваным братэрстве, заявы аб шасьці губэрнях...), вайна ў Чачэніі (з паказальнымі выездамі на месца Шайгу), Дарэнка са сваім : «Груган гругану вока выклюе».

І сьмех, і грэх, і сабачы брэх. Відэаролікі ў лепшых традыцыях постсавецкай кляўнады. Чаго вартыя хоць бы забаўныя сваёй імшэласьцю кадры сталіністаў альбо анпілаўцаў. Можна ўявіць, што б круцілі перад вачыма прытлумленага ўжо электарату баркашоўцы.

Усё гэта падаецца сьмешным толькі звонку, а што б рабілі беларусы, апыніся яны ў падобнай сытуацыі бессаромнага «brainwashing»-у? У нас няма й ня будзе расейскага размаху. У Расеі ж, трэба прызнацца, перадвыбарчы пэрфоманс часам можа і павесяліць: у чартах аналаў перадвыбарчай стратэгіі назаўжды застанецца песьня «Расея» ў выкананьні Жырыноўскага, які голасам нагадваў Шуфіка ў цяжкія ранішнія гадзіны панядзелка. Пацешылі і «Правыя сілы»: на падпеўках у эстрадных выканаўцаў раптам апынуўся «кіндэр-сюрпрыз» Кірыенка, а маладжавая Хакамада ўвогуле «закасіла» пад тынэйджарку, аддана і шчыра выплясваючы «па гіп-гопе» перад шматмільённай аўдыторыяй прызвычаеных да такога «цырку на дроце» расейскіх выбарцаў.

Беручы пад увагу такую сытуацыю, зьдзіўляе досыць высокі адсотак прыходу людзей на выбары — 60%. Тлумачыцца гэта, відаць, тым, што ў расейскага насельніцтва няма іншага выйсьця: расейцы ня могуць жыць у стане бясконцай вайны, расейцы хочуць у час атрымліваць заробак, расейцы хочуць проста жыць. Дык трэба ж за некага прагаласаваць, трэба ж некаму пакланяцца! Не мядзьведзю, дык яблыку.

А.Прас.