Чачэнцы гінуць ад беларускай зброі

 

Чачэнцы гэтымі днямі знаёмяцца зь якасьцямі новае зьнішчальнае зброі — сыстэмы залпавага агню «Кенгуру». Ці ня тая самая гэта сыстэма «Кенгуру», што вырабляецца ў Беларусі?

 

Раней, гадоў дзесяць таму, была распрацаваная і пачала выкарыстоўвацца рэактыўная сыстэма залпавага агню пад назовам «Град» на базе грузавіка «Урал».

Год таму ў Менску на базе шасі МАЗу-6317 падрыхтавалі беларускі варыянт «Граду». І далі яму назоў «Белград», што расшыфроўвалася як «Беларускі Град». Але такі назоў гучаў двухсэнсоўна… І тады зьявіўся назоў «Кенгуру».

Пры чым тут аўстралійская жывёліна да беларускае зброі? Уся рэч у тым, што ўстаноўка «Град» зьмяшчае ў сабе толькі адзін камплект боепрыпасаў. А беларускі варыянт дае магчымасьць разьмясьціць адразу тры камплекты. Прычым тая частка сыстэмы, у якой месьцяцца два дадатковыя камплекты, завецца торбаю. Адсюль і асацыяцыі з кенгуру.

Паводле некаторых крыніцаў, у Менску на гэты час ужо сабралі 12 установак «Кенгуру». Праўда, быццам бы толькі дзьве машыны прайшлі заводзкае выпрабаваньне. Магчыма, яны й трапілі ў Чачэнію.

А вось тое, што ў расейскіх вайскоўцаў існуе іншая зброя, якая зробленая з удзелам беларускіх прадпрыемстваў, сумневу няма. Як няма сакрэту з таго, што значная частка оптыкі, якая ўжываецца ў танках, баявых машынах пяхоты, бронетранспартэрах, зробленая на Менскім оптыка-мэханічным вытворчым аб’яднаньні. Тут жа вырабляюць і сыстэмы навядзеньня танкавых гарматаў. У Беларусі ж робяць дэталі танкаў Т-72.

Радыё Свабода


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0