Адам ГЛЁБУС

Натоўпнік

Апавяданьне з кнігі “Дамавікамэрон”

 

У мэтро пасярод пляцформы ў Натоўпніка разбэрсаўся матузок. Ён прыгнуўся й пачаў перабэрсваць чаравік. Натоўп няспынна рухаўся паўзь яго.

Праімчаўся жаўтаскуры маладзён на ролікавых каньках.

Мінула сакаўная кабета зь вядром, поўным духмяных яблыкаў.

Пасунуўся вайсковы патруль на чале з танкавусым, худым і златварым капітанам.

Працокалі абцасікі-шпількі лякава-люстраністыя, нязручныя, нахабныя, як порначасопіс, каштоўныя й недасягальныя, як пэнтгаўз ньюёркскага пяцізоркавага хмарачосу.

Праскакаў рабы падлетак, стрыжаны пад абсалютны нуль.

Праплылі дзявочыя чорныя вочы, што ўглядаліся выключна ў свае гінэкалягічныя глыбіні.

Пракацілася каляска зь немаўляткам у ружовай капэрце.

Мільгануў міліцыянт, крычучы ў траскучую рацыю пароль: «Беркут! Беркут! Беркут!»

Пакалывала таўстуха на слановых нагах.

Прамінула мужчынскае манто, строгае, як афіцэр спэцслужбаў, манто са схаванымі гузікамі й прыўзьнятым каўняром.

Працёгся сьмярдзючы, зарослы барадою п’янтос у вязанай шапцы з кардоннай каробкаю пад пахаю.

Прабегла школьніца з букетам гладыёлусаў, крухмальных, як банты першаклясьніцы.

Прашыбавалі спартоўцы зь яркімі заплечнікамі, зь якіх тырчалі хакейныя клюшкі.

Працягнулася пэнсіянэрка з пустымі бутэлькамі ў сетцы.

Пранесьлі кінакамэру, пяшчотна, як першае, доўгачаканае, семімесячнае дзіця.

Пралунала танканогая манэкеншчыца зь лілеяю ў плястычнай руцэ.

Пакрочыў чыноўнік у напрасаваным гарнітурчыку.

Правалокся згорблены валацуга з засунутымі глыбока ў кішэні кулакамі.

Прайшло чарнаскурае вуха з двума срэбнымі абручыкамі ў мясістай мочцы.

Прагрукатаў мыліцамі няголены нябога з загіпсаванай нагою.

Праляцела ўскудлачаная лахудра ў чырвоным плашчыку.

Натоўпнік скончыў перабэрсваць чаравік, узьняўся й зьнік у біялягічнай плыні.

18.04.1999


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0